Аб гэтым патрэбна ведаць і помніць

Грамадства

Чым далей ад нас май 1945 года, тым часцей узнікае пытанне аб пераможцах і ўдзельніках Вялікай Айчыннай вайны.

Памяць даносіць да нас і першыя дні абарончых баёў Чырвонай Арміі на тэрыторыі нашай Беларусі, дзейнасць партызан і падпольшчыкаў у тыле ворага і радасныя часы вызвалення ад фашызму. 16 снежня 2020 года Генеральная асамблея ААН абмяркоўвала пытанні, звязаныя з падзеямі Другой Сусветнай вайны. Асаблівыя дыскусіі былі праведзены па пытанні гераізацыі фашысцкіх карнікаў, служб нацызма, пасобнікаў Вермаха часоў 1933 – 1945 гадоў. Супраць гераізацыі іх дзеянняў прагаласавала 130 краін, выключэнне склалі толькі дзве – ЗША і Украіна. У сувязі з гэтым цікавым і павучальным для нашчадкаў з’яўляецца вывучэнне дзейнасці нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памочнікаў на тэрыторыі нашага раёна ў перыяд з 29 чэрвеня 1941 года па 9 ліпеня 1944 года.

Яшчэ летам 1940 года ў Берліне для адраджэння Беларусі, беларускія нацыяналісты са згоды фашысцкага Трэцяга рэйха стварылі Беларускі камітэт самадапамогі. Выпускалі штотыднёвік “Раніца”. Але немцы адмовілі членам камітэта ў стварэнні беларускага ўраду і разагналі яго.

Пачатак устанаўлення фашысцкага рэжыму быў звязаны з ліквідацыяй на тэрыторыі раёна савецкіх, партыйных і камсамольскіх органаў. Наступным этапам з’яўлялася ліквідацыя насельніцтва яўрэйскай і цыганскай нацыянальнасцей. Упэўнены, што жыхарам раёна вядома палітыка германскага фашызма па правядзенні халакоста на Дзятлаўшчыне. Падчас нямецкай акупацыі тэрыторыя была падначалена Навагрудскаму гебіткамісарыяту. Былі абсталяваны і ўмацаваны нямецкія гарнізоны ў мястэчках Дзятлава, Наваельня, Казлоўшчына, у вёсцы Руда Яварская. У Дзятлаве, Дварцы, Казлоўшчыне былі створаны яўрэйскія гета, якія былі знішчаны да пачатку 1943 года.

Для падтрымання “новага парадку” германскага фашызма былі створаны так называемыя памочнікі. Іх асноўная задача заключалася ў “ліквідацыі бальшавізма” і пераўтварэнне Беларусі ў прыдатак Германіі. У горадзе Гродна, у пачатку восені 1941 года, была створана Украінская Нацыянальная Арганізацыя (УНА), якую ўзначальваў былы бухгалтар Страхаў і прафесар Паўлоўскі. Асаблівай жорсткасцю адрозніваўся Аляксандраў — сын белагвардзейца, супрацоўнік гестапа, вядомы дэспат і палач насельніцтва горада Гродна. Галоўная задача – камплектаванне нацыянальна-ўкраінскіх баявых дружын па барацьбе з партызанамі, нясенне ахоўнай службы, удзел у франтавых аперацыях. Затым гэтыя дружыны былі пераўтвораны ў значную колькасць украінскіх паліцэйскіх батальёнаў-шуцтманшафтаў. У склад батальёнаў уключаліся ваеннаслужачыя рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі украінскай нацыянальнасці, якія знаходзіліся ў лагерах для ваеннапалонных. Многія з іх ішлі на службу ў паліцыю з мэтаю застацца жывымі. Дзейнасць іх была і на тэрыторыі Дзятлаўшчыны. Так, у вёсцы Руда Яварская актыўныя дзеянні супраць партызан і мясцовага насельніцтва праводзіў 115-ы батальён УНА. Патрэбна адзначыць, што з пачатку 1943 года партызаны правялі сярод

салдат паліцэйскіх батальёнаў работу па пераходзе іх на бок Савецкай улады. У выніку некаторыя ўдзельнікі УНА былі ўключаны ў склад Ленінскай партызанскай брыгады. Частка іх загінула ў барацьбе з фашыстамі. Так лейтэнант Міхаіл Рыгоравіч Кімсан, 1921 года нараджэння, уражэнец горада Кіева, камандзір узвода, у лютым 1943 года перайшоў на бок партызан. Камандаваў аддзяленнем партызанскага атрада “Ленінскі”, загінуў у кастрычніку гэтага ж года пры вяртанні з баявога задання.

Па ініцыятыве германскага Вермахта цэнтрам канцэнтрацыі сіл барацьбы супраць беларускага супраціўлення стаў горад Навагрудак. Узначаліў іх оберштурм-фюрар Шмюкер. Было створана 70 камендатур, штурмавыя атрады, дапаможная паліцыя і Беларуская Ваенная Камісія. У пачатку лютага 1944 года ў Навагрудскім гебіткамісарыяце яны аб’ядноўвалі 16 тысяч паліцэйскіх. Перад імі стаяла задача: барацьба з партызанамі і ўмацаванне фашысцкага рэжыму.

У дадатак германскім уладам ствараюцца шматлікія грамадскія аб’яднанні. Сярод іх Беларускі грамадскі камітэт, Беларуская незалежная партыя. Іх дзейнасць кантралюецца і накіроўваецца з боку нямецкіх службаў СС і СД. Нядоўга праіснавала і такая арганізацыя як Беларуская народная самадапамога, якую ўзначальваў Павел Якуцэвіч. Для стрымлівання антыгерманскага падпольнага руху і партызанскай барацьбы мясцовыя ўлады паставілі задачу недапусціць прыток моладзі ў партызанскія атрады. З гэтай мэтай, за асабістым подпісам гаўляйтэра Вільгельма Кубэ, 22 чэрвеня 1943 года быў створаны Саюз беларускай моладзі. У знак прывітання гучала “Жыве Беларусь” і паўтараўся фашысцкі выкід правай рукі ўперад і ўверх. Гербам з’яўлялася “Пагоня”, друкаваны орган – газета “Змагар”. Адзін з цэнтраў быў у Альберціне каля горада Слоніма. Немцы рыхтавалі іх як дармовую рабочую сілу для Германіі, бо нямецкія рабочыя былі прызваны ў армію Рэйха. Цэнтрам кіраўніцтва грамадскіх прафашысцкіх аб’яднанняў была Цэнтральная Беларуская Рада, якую ўзначальваў Р. Астроўскі.

Самай галоўнай сілай былі ўзброеныя нацыяналістычныя фарміраванні. Усе члены ахоўных і паліцэйскіх фарміраванняў прынялі прысягу на вернасць Гітлеру і Германіі. На тэрыторыі нашага раёна праведзены карныя аперацыі супраць мірнага насельніцтва: “Герман” (снежань 1942 г.), “Маланка” (лета 1943г.), арышт і знішчэнне камуністычнанага падполля ў Дзятлаве, халакост, знішчэнне цыганскай абшчыны, тры аблавы (1943 – май 1944 г.) па ліквідацыі партызанскіх атрадаў. Сярод гэтых фарміраванняў асаблівай жорсткасцю і актыўнасцю праявілі сябе паліцэйскія Рускай вызваленчай арміі, якой камандаваў былы генерал Чырвонай Арміі, здраднік Андрэй Уласаў. У пачатку 1944 года ўсё больш трывожнымі былі звесткі аб тым, што канцэнтрыруюцца войскі рускай вызваленчай арміі і паліцэйскіх часцей, якія былі ўкамплектаваныя ўкраінцамі і літоўцамі, у большасці былымі чырвонаармейцамі. Партызаны і падпольшчыкі праводзілі агітацыйную работу з мэтаю пераходу іх на бок партызан. Аб ходзе такіх перамоў з казацкай сотняй РВА, якая кватэравалася ў вёсцы Дварэц, яскрава сведчыць змест пісьма ад партызан: ” Камандзіру сотні! Таварышы! З нашага боку гэта

ўжо трэцяе пісьмо. Яшчэ раз кажам Вам, што сярод нас ужо многа вашых таварышаў з розных месц, блізкіх да Вас, яны цэлыя і непашкоджаныя, і сталі на правільны шлях, той шлях, які ўказаны нам нашымі бацькамі, дзядамі і прадзедамі”. 20 лютага 1944 года ў Дзятлаве на рыначнай плошчы немцы і паліцаі правялі сход грамадзян і паабяцалі ачысціць раён ад партызан і яўрэяў. З канца лютага 1944 года акупанты рыхтавалі новую аблаву на партызан, для чаго 24 лютага ў Наваельню прыбыў эшалон з немцамі. Па дадзеных разведкі партызан, батальён колькасцю каля 2500 чалавек, размясціўся ў вёсках Разважжа, Русакі, Гірычы, Юравічы, Вензавец, працягнулі тэлефонную лінію да вёскі Нямковічы. 28 лютага ў Дзятлава прыбыў полк рускай вызваленчай арміі, які стаў кватараваць у Дзятлаве, Засецці, Норцавічах, Гірычах, Яцвезі. На ўзбраенні ворага былі ротныя і батальённыя мінамёты, 10 гармат. На аддзяленне (10 чалавек) – адзін ручны кулямёт і адзін аўтамат, астатнія – вінтоўкі. Два ўзводы разведкі на конях былі ўзброены аўтаматамі.

Многія жыхары Дзятлава і раёна ведаюць аб дзейнасці ронаўцаў. Гэта паліцэйскія, якія ўваходзілі ў склад Рускай вызваленчай народнай арміі, якімі камандаваў былы здраднік Чырвонай Арміі Браніслаў Камінскі. За свае крывавыя дзеянні супраць мясцовага насельніцтва і партызан ён даслужыўся ў арміі Вермахта да звання брыгадэнфюрара (генерал-маёра). Пад яго кіраўніцтвам Дзятлаўскі гарнізон быў адным з самых моцных. Існавала нямецкая камендатура, жандармерыя, паліцэйская ўправа, камера допытаў і катаванняў, турма на 300 чалавек зняволеных. У памесці Жыбартоўшчына ў пачатку 1944 года быў арганізаваны канцэнтрацыйны лагер для мясцовага насельніцтва. Планавалася з мая 1944 года пачаць у мястэчку Дзятлава (цяперашні раён вул.К.Цэткін і сярэдняй школы № 1) будаўніцтва “Воўчага логава”, такога як і на Украіне, для Гітлера. У Дзятлава заязджалі і іншыя фашысцкія пасобнікі-карнікі. Па данясенні № 09 ад 2 сакавіка 1944 года па штабу партызанскай брыгады імя К. Каліноўскага значылася, што “па дадзеных агентурнай разведкі ў Дзятлаўскім гарнізоне знаходзяцца генерал Траццякоў, палкоўнік Уласаў, падпалкоўнік Бялоў”. Для іх Камінскі арганізаваў выступленне футбольных каманд ронаўцаў на мясцовым стадыёне. На ўзбраенні ронаўцаў, якія падпарадкаваліся 216-й нямецкай пяхотнай дывізіі, была савецкая зброя. Сярод яе танкі КВ-1, Т-34, БТ-5, БТ-7, бронемашыны, аўтамабілі, матацыклы. Агульная колькасць паліцэйскіх па стану на 1 жніўня 1943 года складала да 12 тысяч чалавек.

З горада Навагрудка на барацьбу з падполлем і партызанскімі атрадамі пастаянна накіроўваўся паліцэйскі батальён № 68 пад кіраўніцтвам здрадніка Барыса Рагулі, бо яго брат – Васіль Рагуля, служыў у Дзятлаве бургамістрам. Для правядзення баявых аперацый на дапамогу прыходзілі паліцэйскія спецпадраздзяленні “Ягдкаманда” (камандзір А. Д. Точс па нацыянальнасці латыш), спецатрад пад камандаваннем літоўца Ю. Гурневіча, спецгрупа Баранавіцкага СД “Лясныя бегуны”. У асноўным яны займаліся знішчэннем яўрэяў.

Удзел у карных аперацыях на тэрыторыі раёна прынялі і войскі Данскіх казакоў пад камандаваннем атамана і генерала Сяргея (сапраўднае імя Ерафей) Паўлава. У Навагрудку размяшчалася брыгада казакоў у складзе трох палкоў. У вёсцы Заполле нашага раёна кватэравала кубанская сотня харунжага Ананька. 2-я кубанская сотня ў складзе 3-х афіцэраў і 135 казакоў размяшчалася ў вёсцы Зарой. 28 лютага 1944 года ў вёсцы Басіна размясцілася 6-я сотня 1-га Кубанскага палка. Яны выконвалі задачы па барацьбе з партызанамі і “праславіліся” нечалавечымі адносінамі да мясцовага насельніцтва. Атаман Паўлаў загінуў у час бою каля Навагрудка 17 чэрвеня 1944 года.

Нельга не ўспомніць і паліцэйскія батальёны польскіх нацыялістаў Арміі Краёвай пад камандаваннем У. Сікорскага. Яны хацелі адраджэння Польскай дзяржавы ў межах да верасня 1939 года. Пасля іх застаўся крывавы след па знішчэнні яўрэйскага насельніцтва і барацьба з савецкімі актывістамі ў складзе бандфарміраванняў пасля вайны да 1953 года. Да “вызваліцеляў” адносяцца і паліцэйскія Беларускай краявой абароны, якая дзейнічала ў Навагрудскім гебіткамісарыяце з лютага па ліпень 1944 года. Цяпер дасканала вядома і дзейнасць 20-і паліцэйскіх батальёнаў Беларускай самаабароны. Усе паліцэйскія насілі аднолькавую форму з нарукаўнымі павязкамі. Па першым загадзе сваіх нямецкіх гаспадароў яны ўдзельнічалі “у вызваленні Беларусі ад яўрэяў, цыган і Саветаў”.

У апошні год акупацыі, з лета 1943 года па ліпень 1944 года, у барацьбе з партызанамі, падпольшчыкамі актыўна праявілі сябе паліцэйскія батальёны іншых нацыянальнасцей. У знішчэнні яўрэскіх гета на тэрыторыі нашага раёна прынялі ўдзел паліцэйскія 3, 15, 255-га літоўскіх, 271-га латышскага батальёнаў, украінскія ахоўныя батальёны №№ 47, 61, 62 (былы № 115), 63, каўказскія №№ 70, 71, жандармскія ўзводы №№ 7, 12, 19. Дакладна вядома, што ў ліквідацыі яўрэйскіх гета ўдзельнічалі паліцэйскія эстонскага, літоўскага батальёнаў. У кнізе Аляксандра Татарэнкі “Недазволеная памяць” публікуюцца дадзеныя аб баявой аперацыі партызан атрада “Кастрычніцкі” Віктара Панчанкава супраць паліцэйскіх остмусульманскага батальёна каля Наваельні.

1 красавіка 1945 года быў складзены акт Дзятлаўскай раённай камісіі па выніках нямецка-фашысцкай акупацыі на тэрыторыі раёна (кніга “Памяць. Дзятлаўскі раён”.С.234.). Жудасныя факты гавораць аб зверствах фашыстаў і іх пасобнікаў: загінула і знішчана 4716 чалавек, вывезена ў нямецкае рабства 1256 чалавек, расстраляна 3500 яўрэяў Дзятлаўскага гета, спалены 298 вязняў турмы ў сценах Курпешскага цагельнага завода… У Казлоўшчынскім раёне, які потым увайшоў у склад Дзятлаўскага раёна, расстраляна 1598 і вывезена ў рабства 930 чалавек. Спалены і расстраляны жыхары вёсак Гарадкі, Трахімавічы, Пушча Ліпічанская, Дубраўка, Дубароўшчына, Вялікая і Малая Воля. Увогуле за гады акупацыі на тэрыторыі раёна загінула больш за 12 тысяч чалавек мясцовага насельніцтва. Аб гэтым сведчаць памяць нашчадкаў і 96 помнікаў, абеліскаў, мемарыялаў у розных населеных пунктах раёна.

Гэта часцінка нашай гісторыі і пра яе патрэбна ведаць. Ведаць і помніць, каб такое не паўтаралася на нашай роднай зямлі.

Шчырае дзякуй вядучаму спецыялісту Дзятлаўскага раённага ваеннага камісарыята Валянціну Абухаву за супрацоўніцтва і прадастаўленне пэўных архіўных дакументаў для матэрыяла артыкула.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца