Якія схемы махлярстваў трэба ведаць?

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Да найбольш распаўсюджаных схем тэлефоннага махлярства адносяцца SMS-просьбы аб дапамозе ад імя блізкіх і знаёмых: “У мяне праблемы, кінь 100 рублёў на гэты нумар, не звані – патэлефаную сам”.

Пры атрыманні такога паведамлення, каб пазбегнуць падману, трэба наадварот пастарацца звязацца з чалавекам, ад чыйго імя яно напісана.

Другая схема – тэлефонны нумар-злодзей. Прыходзіць SMS-паведамленне з просьбай патэлефанаваць на нумар. Калі гэта зрабіць, вас паспрабуюць як мага даўжэй трымаць на сувязі, а затым з тэлефоннага рахунка “спішацца” значная сума. Такое ж можа адбыцца, калі тэлефануеце на забаўляльныя сэрвісы, прычым у іх рэкламе не абавязкова пазначаецца, што званок платны.

Наступны від махлярства – тэлефонны вірус. На абаненцкі нумар прыходзіць SMS-паведамленне з тэкстам: “Вам прыйшло SMS-паведамленне, каб атрымаць яго, перайдзіце па спасылцы”. Калі гэта зрабіць, таксама адбудзецца спісанне грашовых сродкаў. Не варта тэлефанаваць і на нумар, з якога адпраўлена паведамленне, бо вынік можа быць аналагічным.

Быць уважлівымі трэба і трымальнікам банкаўскіх картак. Па-першае, нікому і ні пры якіх абставінах нельга называць нумар карткі і пін-код. Па-другое, усе маніпуляцыі з карткай, нават у рэстаране ці кафэ, павінны ажыццяўляцца ў вашай прысутнасці. Не размаўляйце з “банкаўскімі работнікамі”, якія тэлефануюць вам з інфармацыяй аб спісанні грошай з карткі і просьбай агучыць асабістыя даныя або назваць SMS-коды пацвярджэння для блакіроўкі карткі. Калі гучаць такія просьбы, пакладзіце трубку і самі набярыце нумар сэрвіснага цэнтра банка, які пазначаны на зваротным баку карткі.

Пры значна запаволенай ці няправільнай рабоце банкамата – спыніце аперацыю: ёсць верагоднасць, што банкамат перапраграмаваны махлярамі.

Што паспрыяе вашай бяспецы ў інтэрнэце?

  1. Антывірусныя праграмы, якія будзеце рэгулярна абнаўляць.
  2. Рэгулярнае абнаўленне праграмнага забеспячэння для работы ў сетцы: інтэрнэт-браўзера і паштовай праграмы.
  3. Праверка новых файлаў: падазроныя найлепш адразу выдаляць.

Калі ж супраць вас усё ж такі ўчынена інтэрнэт-злачынства, неадкладна звяртайцеся ў міліцыю.

Ігар ХІТРО,
намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga