Усё пачынаецца з сям’і

Грамадства Свежыя навіны

Сям’я – самае галоўнае ў жыцці для кожнага з нас, гэта блізкія і родныя людзі, тыя, каго мы любім, з каго бяром прыклад, пра каго клапоцімся, каму жадаем дабра і шчасця.

Менавіта ў сям’і мы вучымся любові, адказнасці, клопату і павазе. Таму гэта свята вельмі важнае для кожнага з нас.

З 12 па 15 мая да Міжнароднага дня сям’і ў Хвінявіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе было праведзена шэраг мерапрыемстваў у рамках чатырохдзёнкі “Усё пачынаецца з сям’і”: фотачэлендж “Мая сям’я”, з дапамогай якога дзеці расказалі аб сваёй сям’і, сямейных святах і традыцыях, “Кветкавая клумба пажаданняў”, дзе кожны меў магчымасць выказаць любоў і словы падзякі сваім бацькам, літаратурна-музычная кампазіцыя “Мая сям’я – мая радасць”.

У Дварэцкай сярэдняй школе да свята навучэнцы 2 класа аформілі выставу “Герб маёй сям’і”, 1-6 класаў – прынялі ўдзел у акцыі “Паштоўка для сям’і”, выставе малюнкаў “Мая сям’я”. Закончыўся тыдзень забаўляльнай праграмай “Пад парасонам сям’і”, у якой прымалі ўдзел дзеці і іх бацькі. Прыйшлі павіншаваць са святам прысутных музычнымі падарункамі артысты сельскага Дома культуры, а таксама айцец Сергій, настаяцель храма Прасвятой Багародзіцы.

У сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава прайшоў вечар сямейнага адпачынку “Сям’я ўся разам – дык і душа на месцы”. Тут сабраліся самыя актыўныя, крэатыўныя і творчыя  сем’і. Адметна, што для шматдзетнай сям’і Свораб 15 мая – гэта двайное свята, таму што ў гэты дзень у іх нарадзіліся двайняты. Было шмат віншаванняў, забаўных конкурсаў, вясёлых заданняў. Дарослыя і дзеці разам успаміналі казкі і мультфільмы, малявалі, удзельнічалі ў “аўтагонках”, танцавалі флэш-моб. Усім хапіла падарункаў, пачастункаў, вясёлых усмешак і прыемных уражанняў.

У рамках рэспубліканскай акцыі “Мая сям’я – мая краіна” ў Круцілавіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе прайшоў батл пакаленняў “Шчаслівы той, хто шчаслівы дома”, падрыхтаваны сумесна са старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Вольгай Бандарэнка і творчым калектывам Данілавіцкага  дома культуры. У праграме прынялі ўдзел 5 сем’яў, 4 з якіх – шматдзетныя. Яны прэзентавалі сваю сям’ю з дапамогай фотакалажа, выканалі сімвал сям’і, праявілі творчасць у конкурсе “Віншавальная паштоўка”, удзельнічалі ў “Танцавальным батле”, конкурсе “Угадай мелодыю”. Суправаджалася мерапрыемства выступленнем дзіцячага гуртка сольных спеваў “Званочкі”.

Матэрыял падрыхтавала Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga