У райвыканкаме. Прышчэпленых ад каранавірусу ўсё больш

Галоўнае Улада

На штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама абмеркаваны тэмы бяспекі жыццядзейнасці, прафілактыкі правапарушэнняў, папярэджання каранавіруснай інфекцыі, работы сельгаспрадпрыемстваў і іншыя.

Агонь нядбайнаму не сябар

Начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык расказаў, што на мінулым тыдні ў вёсцы Вялікая Палонка адбыўся пажар з гібеллю вяскоўца працаздольнага ўзросту. Па факце вядзецца праверка. Ратаўнікам паступала паведамленне аб узгаранні смецця на палігоне цвёрдых бытавых адходаў каля вёскі Нарбутавічы.

Шмат увагі на Дзятлаўшчыне надаецца прафілактыцы вогненных здарэнняў, прадаўжаюць работу аглядавыя камісіі раёна: на мінулым тыдні правяралі домаўладанні неабароненых катэгорый грамадзян Вензавецкага сельсавета, на гэтым тыдні прыступілі да праверкі дамоў і кватэр на захаванне патрабаванняў супрацьпажарнай бяспекі ў Дварэцкім сельсавеце.

Было парушэнне – будзе пакаранне

Як паведаміў часова выконваючы абавязкі начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Уладзімір Святоха, на мінулым тыдні былі ўзбуджаны 10 крымінальных спраў, дзве з якіх пакуль не раскрыты. Гэта крадзеж грашовых сродкаў з банкаўскай карткі і крадзеж металічных вырабаў у вёсцы Карыца. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 7 сямейна-бытавых скандалістаў і 11 грамадзян, якія распівалі алкагольныя напоі або знаходзіліся нецвярозымі ў грамадскіх месцах. Яшчэ 5 пратаколаў складзена на дзвюх асобаў за крадзеж металічных слупоў з фермы, якую разбіраюць у вёсцы Шастакі. Раскрыты крадзеж 90 метраў кабелю ў адной з арганізацый, вінаватым аказаўся раней судзімы жыхар раёна. Цяпер міліцыя праводзіць праверку асобаў, якія займаюцца нарыхтоўкай металу.

Прышчапіцца, каб не хварэць

Аб тым, як на Дзятлаўшчыне ідзе вакцынацыя насельніцтва супраць каранавіруснай інфекцыі, расказала галоўны доктар райЦГЭ Алена Шайбак. У маі было выкарыстана 580 дозаў вакцыны, нядаўна паступіла новая партыя на 195 чалавек, якая таксама будзе выкарыстана ў поўным аб’ёме. Эпідэміёлагі прадаўжаюць свае выступленні ў працоўных калектывах, дзе расказваюць аб перавагах прышчэпкі. Узровень захворвання на каранавірус у нашым раёне ў маі ў параўнанні з красавіком знізіўся ў два разы. Цяпер у цэнтры увагі дактароў-гігіеністаў – бяспечнае правядзенне аздараўленчай кампаніі навучэнцаў у летніках, якія будуць працаваць на базе ўстановаў адукацыі раёна.

Як пакосіш, так і накорміш

Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка адзначыў, што на мінулым тыдні гаспадаркі Дзятлаўшчыны прыступілі да касьбы і закладкі кармоў. За некалькі дзён зялёнай масы нарыхтавана больш, чым летась за аналагічны перыяд. Пад увагай застаецца кантроль за якасцю закладкі і тэмпамі касьбы. Разам з тым, адзначаецца падзенне вытворчасці малака ў КСУП “Хвінявічы” (дырэктар Мікалай Бубноўскі) і ААТ “Граніт-Агра” (дырэктар Станіслаў Мазур). Яшчэ адзін кірунак работы, які ажыццяўляецца паралельна з “зялёным жнівом” – хімічная праполка сельскагаспадарчых раслін. Пакуль нізкі тэмп адзначаецца ў КСУПах “Дварэц-Агра” (Вадзім Царык), “Хвінявічы” (Мікалай Бубноўскі), “Жукоўшчына” (Аляксандр Кугейка).

Самы надзейны спосаб – хімічная апрацоўка

На Дзятлаўшчыне пачалася барацьба з раслінамі-шкоднікамі, на якую з бюджэту выдзелены грашовыя сродкі. Як зазначыў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Балькоўскі, з баршчэўнікам Сасноўскага і залатарнікам “змагаюцца” двума спосабамі: скошваюць або ажыццяўляюць хімічную апрацоўку “заваяваных” імі тэрыторый. Спецыяліст падкрэсліў, што апошні спосаб паказаў сябе як найбольш эфектыўны.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga