У адной камандзе маладосць і вопыт

Важнае Грамадства

Адказна і нястомна працуюць меліяратары раёна як на спецыяльных работах, так і на будаўніцтве.

За тым, каб іх дзейнасць была фінансава эфектыўнай, а прадпрыемства заставалася “на плаву”, пільна сочаць у планава-эканамічнай групе – стратэгічным цэнтры арганізацыі.

Удзельнічаць у тэндарах, знаходзіць выгадныя для арганізацыі заказы, пры гэтым прааналізаваўшы іх фінансавую эфектыўнасць, праводзіць цанавую палітыку арганізацыі, заключыць дагаворы, а пасля разлічваць расход матэрыялаў для іх выканання – гэта толькі некаторыя функцыі, якія выконваюць спецыялісты групы.

Сёння група складаецца ўсяго з дзвюх абаяльных супрацоўніц – маладой, але ўжо вопытнай начальніцы групы Ірыны Лішык і вядучага эканаміста Раісы Пятліцкай, заслужанай работніцы прадпрыемства. Курыруе работу жанчын галоўны інжынер Дзятлаўскага ПМС Дзмітрый Мазоль.

Ірына Аляксандраўна працуе ў Дзятлаўскім ПМС адзінаццаць гадоў. Пасля заканчэння Ашмянскага аграрнага каледжа яна прыехала на Дзятлаўшчыну з горада Ліды ў пошуках работы па спецыяльнасці. Паспела папрацаваць у сельгаспрадпрыемстве раёна, атрымаць вышэйшую адукацыю, а затым прыйшла ў меліярацыю. З цеплынёй жанчына ўзгадвае першыя месяцы працы з Галінай Шушко, якая тады ўзначальвала групу. Яна прыняла новенькую як сваю, навучыла акалічнасцям справы, але ў хуткім часе пайшла на заслужаны адпачынак, перадаўшы справы малодшай калезе.

Ірына Лішык адзначае, што работа ў такім важным падраздзяленні не толькі адказная, але і цікавая, разнастайная: штодня працуеш не толькі з дакументамі, але і з заказчыкамі.

Вольны час жанчына бавіць з сям’ёй: яны з мужам і дзецьмі любяць падарожнічаць па Беларусі і за яе межамі, гэтым летам плануюць наведаць Санкт-Пецярбург.

Раіса Пятліцкая таксама трапіла ў наш раён воляй лёсу і прырасла каранямі. Трыццаць сем гадоў таму маладым спецыялістам яна прыехала ў арганізацыю пасля заканчэння Пінскага меліярацыйнага тэхнікума. Была брыгадзірам па дрэнажы, затым – гіядэзістам. Знайшла свой сямейны лёс у асобе мясцовага жыхара і звязала ўсё жыццё з Казлоўшчынскім краем.

У працоўнай кніжцы Раісы Іосіфаўны – толькі родная меліярацыйная арганізацыя. Жанчына помніць гады, калі ўсе разлікі рабілі не ў сучасных праграмах, а на звычайным калькулятары, а справавую дакументацыю афармлялі на друкавальнай машынцы. Часы змяніліся, і спецыяліст разам з імі гарманічна перайшла ў эру новых тэхналогій. Сёння праграмнае забеспячэнне, з якім працуюць спецыялісты групы, змяняецца даволі часта, мяняюцца і нарматыўныя дакументы. Жанчыны адпавядаюць запытам часу, крочаць у нагу з прагрэсам.

Раіса Іосіфаўна любіць сваю работу, іначай, відаць, не працавала б тут амаль чатыры дзесяцігоддзі. З прыемных момантаў яна адзначае, што пасля прыняцця некалькі год таму адпаведных законаў, расцэнкі на меліярацыйныя работы па тэхнічным доглядзе выраслі, а значыць, і прадпрыемства стала працаваць больш прыбыткова, што не можа не радаваць яго работнікаў.

Абаяльныя работніцы групы прадставілі сваю пушыстую памочніцу — кошку Машу. Ноччу яна палюе на мышэй на тэрыторыі прадпрыемства, а ў пачатку працоўнага дня “прыбывае на працу”, дзе мірна муркоча цэлы дзень. Незвычайную калегу ведаюць і любяць не толькі ў Дзятлаўскім ПМС, але і ва ўсім аб’яднанні. Яна – талісман калектыву, які чакае ад новага

меліярацыйнага сезона актыўнай працы, мноства заказаў і новых цікавых праектаў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga