Святочная раніца Першамая (+відэа)

Галоўнае Грамадства

У Дзятлаве ў Свята працы прайшоў парад працоўных калектываў і тэхнікі, адбылося ўшанаванне перадавікоў вытворчасці.

1 мая па вуліцах райцэнтра прайшло шэсце, прымеркаванае да Свята Працы. У яго ўвайшлі актывісты прафсаюзнага руху і раённых грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі больш чым паўсотні працоўных калектываў розных галінаў народнай гаспадаркі Дзятлаўшчыны, сярод якіх – адукацыя, медыцына, прамысловасць, сацыяльная абарона, сельгасвытворчасць, культура, банкаўская справа, будаўніцтва, іншыя.

Яго дапоўніў марш-парад выставы “Тэхнапарк Дзятлаўшчыны”, у якой былі прадстаўлены навінкі прамысловай і сельскагаспадарчай тэхнікі, якая працуе на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна. Свята прадоўжыла ўрачыстая цырымонія ўручэння пасведчанняў аб занясенні на раённую Дошку гонару і ўшанавання заслужаных перадавікоў вытворчасці. З Днём працы ўдзельнікаў мерапрыемства павіншаваў старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі:

– Рэспубліка Беларусь заўсёды славілася таленавітым і працавітым народам, які жадае жыць у міры, добрасуседстве і дастатку. Праца аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў і поглядаў.

Дзякуючы прафесіяналізму, працавітасці і адказнасці нашых землякоў дасягнуты высокія вынікі. У нас у раёне з’явіўся шэраг новых аб’ектаў, адкрылася новая вытворчасць, з’явіліся новыя працоўныя месцы. Пабудаваны і здадзены ў эксплуатацыю два гандлёвыя аб’екты: магазіны “Капеечка” і “Санта”. Пабудаваны новы будынак лесапільнага цэха “Вензавец” Дзятлаўскага лясгаса, станцыя абезжалезвання вады ў аграгарадку Раготна. Праведзена рэканструкцыя кафэ “Паніква” пад шматфункцыянальны гандлёва-забаўляльны цэнтр.

Пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю жылыя дамы ў аграгарадку Круцілавічы і ў Дзятлаве па вуліцы 50 гадоў ЛКСМБ, зроблены капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі жылых дамоў, праведзены работы па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый шматпавярховых жылых дамоў.

Учора адбылося адкрыццё новага гандлёва-сэрвіснага цэнтра ў Дзятлаве, пасля бягучага рамонту за кошт раённага бюджэту быў адкрыты фельчарска — акушэрскі пункт у аграгарадку Вензавец. На ФАП закуплена новае абсталяванне. Дзятлаўскі раён прызнаны лепшым рэгіёнам Гродзенскай вобласці (з насельніцтвам да 50 тысяч чалавек) для вядзення бізнесу.

Паважаныя Дзятлаўчане! Хочацца яшчэ раз выказаць словы ўдзячнасці за ваш прафесіяналізм, цярпенне і настойлівасць у працы. У гэтае першамайскае свята мы таксама ўспамінаем і дзякуем ветэранам працы, чыімі рукамі ствараўся дабрабыт Дзятлаўскага раёна. Упэўнены, што нашы сумесныя намаганні стануць трывалай асновай развіцця і росквіту раёна, нашай роднай Беларусі.

Па выніках работы за 2020 год, згодна з рашэннем Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, на раённай Дошцы гонару з’явіліся новыя прозвішчы перадавікоў вытворчасці. На святочнай плошчы райцэнтра кіраўнік раёна ўручыў ім памятныя сертыфікаты і грашовыя прэміі. Таксама былі ўшанаваны сельскія выканаўчыя камітэты і працоўныя калектывы, якія па выніках раённага спаборніцтва дасягнулі высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці за 2020 год. Пераможцамі прызнаны працоўныя калектывы Дварэцкага сельвыканкама, ААТ “Дварэцкі льнозавод”, ААТ “Граніт-Агра”, Казлоўшчынскага дома культуры і народнай творчасці, Новаяльнянскай сярэдняй школы, Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці горада Дзятлава, Войневіцкага фельчарска-акушэрскага пункта, аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Дзятлаўскай ЦРБ.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga