Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Бавіць час можна з карысцю

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны адміністрацыйны пратакол на сямнаццацігадовую дзяўчыну.

Члены камісіі абмеркавалі таксама эфектыўнасць мер па папярэджанні дэвіянтных паводзінаў непаўналетніх.

Запросяць у летнікі і студатрады

Аб тым, што службы прафілактыкі раёна вядуць комплексную, мэтанакіраваную работу па папярэджанні дэвіянтных паводзінаў дзяцей, прысутным расказала намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Залучан і спынілася на асноўных яе кірунках. Сярод іх – барацьба з распаўсюджваннем наркотыкаў. З гэтай мэтай у раёне не толькі вядзецца шырокая інфармацыйная работа, але і ў кожнай школе створаны антынаркатычныя атрады, двойчы на год праходзіць акцыя “Місія –жыць”, на бацькоўскіх сходах па тэме выступаюць супрацоўнікі праваахоўных органаў і медыкі. Адначасова непаўналетніх заклікаюць да здаровага ладу жыцця праз спартыўныя мерапрыемствы і тэматычныя акцыі. Адзін з цікавых праектаў – “Моладзь у рытме здаровага ладу жыцця” – быў рэалізаваны юнымі парламентарыямі раёна і прадстаўлены на абласным семінары, які праходзіў у Дзятлаве.

Не менш важная – бяспека дзяцей у сацыяльных сетках і папярэджанне дэструктыўных паводзінаў. Для гэтага педагогі і класныя кіраўнікі “прысутнічаюць” у мэсэнджарах, размяшчаюць там прафілактычную і вучэбную інфармацыю, падтрымліваюць стасункі з выхаванцамі і іх бацькамі праз “Вайбер”. Перыядычна ладзіцца маніторынг акаўнтаў непаўналетніх. На агульных бацькоўскіх сходах законныя прадстаўнікі школьнікаў былі азнаёмлены з адпаведнымі змяненнямі ў адміністрацыйным заканадаўстве.

Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Віктар Петрукевіч расказаў, што ў першым квартале 2021 года злачынстваў з удзелам непаўналетніх у раёне не зарэгістравана, выяўлены 2 факты парушэння антыалкагольнага заканадаўства, вялася работа па ізаляцыі ў лячэбна-працоўны прафілакторый 5 абавязаных асобаў. Паколькі ў нашай краіне пачасціліся выпадкі, калі дзеці паведамляюць у міліцыю аб ілжывым мініраванні ўстановаў, актывізавана тлумачальная работа аб адказнасці за падобныя “жарты”.

З 1 мая стартавала комплекснае мерапрыемства “Клопат” па прафілактыцы правапарушэнняў у падлеткавым асяроддзі. У рамках яго пачасціліся рэйды міліцыі ў вячэрні час і выхадныя дні.

Значную работу ў раёне плануецца правесці па пытаннях занятасці навучэнцаў у час канікул. Мяркуецца, што сёлета на Дзятлаўшчыне, як і раней, будуць функцыянаваць спартыўныя і працоўныя летнікі, студэнцкія і валанцёрскія атрады, прадоўжаць работу гурткі і спартыўныя секцыі.

Інцыдэнт вычарпаны

Адміністрацыйны пратакол на сямнаццацігадовую дзяўчыну быў складзены за тое, што юная парушальніца ў час сямейнай сваркі абразіла сваю маці: абазвала яе нецэнзурнымі словамі.

Сітуацыя ў сям’і няпростая: непаўналетняя некалькі месяцаў таму нарадзіла дзіця, гадаваць якое ёй дапамагала маці. Шлюб з бацькам дзіцяці зарэгістраваны. Маладая пара спачатку жыла з маці жонкі, а пасля сваркі пераехала да яе бацькі.

Як аказалася, напярэдадні інцыдэнту канфлікт адбыўся ў маладога мужа з сужыцелем цешчы, за што юнак трапіў у міліцыю. Крыху пазней, пакуль маці не было дома, з малодшымі сёстрамі і братам пасварылася сама парушальніца. Калі маці пачала ў яе высвятляць абставіны сваркі, сямнаццацігадовая дачка не ўтрымалася і нагаварыла ёй лішняга.

Варта адзначыць, што ў час пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама заяўніца памірылася з дачкой, таму адміністрацыйная справа была спынена за прымірэннем бакоў.

Тым не менш, юная матуля вырашыла з дачкой і мужам застацца жыць у свайго бацькі. У маладой сям’і нядаўна было праведзена сацыяльнае расследаванне: юныя бацькі і іх пяцімесячнае дзіця застануцца пад пільным кантролем службаў прафілактыкі.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віталь ЮРГО,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ,
начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga