Неабходнасць ці аксесуар? Экзамены і выпускныя ў масках

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Другі год чалавецтва жыве ва ўмовах пандэміі каранавіруснай інфекцыі.

Мы ўжо прывыклі да ахоўных мер, і з іх улікам жыццё паступова пераходзіць у нармальнае русла. Аднак поўнасцю расслабляцца, як сцвярджаюць медыкі, пакуль рана. Тым не менш, ад добрых традыцый, якія дзесяцігоддзямі існавалі ў нашым грамадстве, адмаўляцца не хочацца.

Цікава было даведацца, як сёлета на Дзятлаўшчыне будуць праходзіць экзамены і выпускныя вечары, як да іх рыхтуюцца выпускнікі, іх бацькі, спецыялісты адукацыі і медыцыны, якіх абарончых мер варта прытрымлівацца, нягледзячы на ўрачыстасць моманту.

Наталля Белаус, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама:

– Сёлета мы плануем вярнуцца да правядзення традыцыйнага выпускнога балю на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве. Летась агульнага свята ў раёне не было з-за пандэміі. У гэтым годзе яно адбудзецца 10 чэрвеня ў 16 гадзін.

У рамках раённага выпускнога балю пройдзе ўшанаванне лепшых выпускнікоў, якія атрымліваюць атэстаты асобага ўзору па выніках завяршэння навучання і выхавання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі з уручэннем залатых медалёў і Падзякаў як навучэнцам, так і іх бацькам (законным прадстаўнікам).

Безумоўна, ёсць пэўныя змяненні. На ўрачыстае раённае мерапрыемства будуць запрошаны ўсе 110 выпускнікоў установаў агульнай сярэдняй адукацыі раёна, іх бацькі, педагогі. Аднак для папярэджання распаўсюджання COVID-19 ва ўмовах эпідэміялагічнай сітуацыі, якая склалася ў нашай краіне, пры правядзенні апошніх званкоў, экзаменаў, выпускных вечароў будзе забяспечана дыстанцыраванне і праходжанне абавязковай тэрмаметрыі, абмяжуем колькасць запрошаных асобаў. Прадугледжана таксама наяўнасць у работнікаў, запрошаных і навучэнцаў, старэйшых за 12 гадоў (па жаданні), сродкаў аховы органаў дыхання – масак.

Свята апошняга званка пройдзе на адкрытым паветры на тэрыторыі школ. У час экзаменаў будуць складацца графікі прыходу на экзамен навучэнцаў і работнікаў для максімальнага іх размежавання пры правядзенні “ўваходнага фільтра” і ў зонах руху. Безумоўна, будуць створаны ўмовы для гігіены рук, арганізаваны пітны рэжым з выкарыстаннем вады ў індывідуальнай упакоўцы.

Алена Шайбак, галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ:

– Паводле інструкцыі да вакцыны “Спутник V”, ёю прышчапляюць людзей пасля 18 гадоў, таму выпускнікі школ нашага раёна – непрышчэпленая катэгорыя насельніцтва. Каб абараніцца ад віруса, яны павінны прытрымлівацца рэкамендаваных мер прафілактыкі. У класах, дзе праходзяць экзамены, вучні павінны сядзець на адлегласці, не меншай за 1,5 метра адзін ад аднаго, у масках, якія трэба мяняць кожныя дзве гадзіны. Клас трэба рэгулярна праветрываць і дэзынфіцыраваць. На мерапрыемствах, якія ладзяцца на вуліцы, маскі неабавязковыя, але таксама неабходна дыстанцыя.

Як спецыяліст, дам выпускнікам яшчэ адну параду. Паколькі хутка яны стануць паўналетнімі, ужо варта задумацца аб праходжанні вакцынацыі. Каранавірус любому чалавеку можа паднесці непрыемныя сюрпрызы: мы ўжо ўпэўніліся, што нават дзеці трапляюць у рэанімацыю. У многіх пасля хваробы ўзнікаюць ускладненні. Якія менавіта, цяжка прагназаваць. Часам, вірус “б’е” па здароўі галаўнога мозга: у чалавека ўзнікаюць праблемы з памяццю, мысленнем, развіваюцца дэпрэсіі. У іншых выпадках могуць пакутаваць суставы або сардэчна-сасудзістая сістэма, узнікаць трамбозы. Моладзь – вельмі актыўная катэгорыя насельніцтва. Яна любіць наведваць музеі, выставы, падарожнічаць. Каб жыць паўнавартасным жыццём, маладым людзям лепш загадзя абараніць сябе прышчэпкай. Тым больш, што вакцыянаваным у Беларусі збіраюцца выдаваць спецыяльныя сертыфікаты. Мяркуецца, што каштаваць яны будуць нядорага, друкавацца – на дзвюх мовах: рускай і англійскай. Ведаю, што ўжо цяпер Грэцыя дазваляе ўезд на сваю тэрыторыю без каранціну грамадзянам, прышчэпленым “Спутником V”. Думаю, многія краіны зробяць тое ж самае, а калі вакцыну “Спутник V” прызнае Сусветная арганізацыя аховы здароўя, прышчэпленыя беларусы змогуць без каранціну наведваць яшчэ і краіны Еўрасаюза. Нават калі маладыя людзі не плануюць выязджаць за мяжу, прышчапляцца ім усё роўна варта, бо яны маюць пажылых сваякоў, якія пераносяць каранавірусную інфекцыю значна складаней. Вакцынуючыся, моладзь абароніць не толькі сябе, але і блізкіх.

Ларыса Жэгалік, мама выпускніка і педагог:

– Безумоўна, было хваляванне, што сёлета выпускныя адменяць. Мы, дарослыя, шмат разважалі, спадзяваліся, што дазволяць хаця б лінейку і ўручэнне атэстатаў. Вельмі рады, што прынята станоўчае рашэнне. Не страшна, што ўрачыстасці будуць праходзіць з выкарыстаннем масак: за час пандэміі ўсе прывыклі да адказнасці за ўласнае здароўе і здароўе блізкіх людзей. Маска – святу не перашкода. Затое павіншаваць дзяцей змогуць не толькі бацькі, але і сваякі, тым больш, што трэцяй школе, дзе сёлета 34 выпускнікі, дазволілі ўручаць атэстаты ў Цэнтры культуры і народнай творчасці. Мы, бацькі, рыхтуем нашым дзецям сюрпрыз у выглядзе забаўляльнай праграмы пасля ўрачыстай часткі выпускнога, магчыма, будзе і слова-зварот на самім свяце. Я жадаю нашым дзецям паспяховай здачы экзаменаў, упэўненасці ў сабе, каб склаўся іх жыццёвы выбар і кожны знайшоў для сябе прафесію па душы, рамантыкі ім, працавітасці, старання.

Ульяна Індура, выпускніца:

– Я яшчэ не купіла сабе сукенку на выпускны, толькі збіраюся. Ведаю, што гэта будзе элегантнае і ў той жа час зручнае ўбранне. Нягледзячы на паляпшэнне эпідсітуацыі, масачны рэжым дзейнічае, таму і маска ў мяне будзе. Мяркую падабраць яе пад сукенку. Выпускны вечар – наша апошняя сустрэча ў школе, таму вельмі перажываем, каб яго не адмянілі. Рыхтаваліся да свята даўно: амаль увесь клас развучваў вальс. Станцаваць яго мяркуецца на апошняй лінейцы і выпускным. Жадаю выпускнікам удачы на экзаменах і выдатна правесці час на свяце, настаўнікам і бацькам – душэўнага спакою, тым, хто застаецца ў сценах школы – старання.

Уладзіслаў Жэгалік, выпускнік:

– Касцюм на выпускны я сабе ўжо набыў, ён модны і зручны – усё як мае быць. Калі маска патрэбная, яна абавязкова будзе ўключана ў вобраз. Цяпер масак шмат – выбар багаты. Ад выпускнога вечара чакаю чагосьці незвычайнага, запамінальнага, бо гэта свята сімвалізуе, што 11 гадоў вучобы прайшлі недарэмна. Жадаю сёлетнім выпускнікам поспехаў на экзаменах, бо ад гэтага залежыць будучыня, стараннай працы пры паступленні, бо ўдача спадарожнічае тым, хто рухаецца наперад. Нашым настаўнікам – здароўя і паспяховых навучэнцаў, якія прыйдуць нам на змену. Бацькам таксама здароўя і спакою, пакуль мы будзем здаваць экзамены.

Вольга Белуш, выпускніца:

– Для выпускнога я выбрала сабе сукенку і туфлі. Пра маску спачатку не думала, але, здаецца, будзе і яна. Мяркую, што маска як аксесуар дапоўніць вячэрнюю сукенку, магчыма, упрыгожу яе пацеркамі: буду крэатывіць. Спадзяюся, што апошняя сустрэча класа стане добрай і запамінальнай, галоўнае, каб выпускны не адмянілі. Нашаму выпуску жадаю паспяховай здачы тэсціравання і ўдалага паступлення, настаўнікам – паслухмяных, выхаваных, старанных вучняў, бацькам – цярпення ў складаны і хвалюючы для іх перыяд.

Ірына СТЫРНІК