“Нашы сэрцы – хворым дзецям”

Важнае Грамадства

Такую назву мае доўгатэрміновы дабрачынны праект, які рэалізоўвае рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларускі дзіцячы фонд”.

У рамках праекта дапамогу юным землякам з сур’ёзнымі захворваннямі аказвае і Дзятлаўскае раённае аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду. Як расказала яго старшыня Алена Чайкоўская, нядаўна выдалася новая нагода для добрай справы.

Дапамога спатрэбілася Лідзіі Іванаўне Сантоцкай з Вензаўца. Яна адна гадуе непаўналетніх сыноў-двайнят, 2006 года нараджэння. Хлопчыкі вучацца ў Навагрудскай агульнаадукацыйнай спецыялізаванай школе. Адзін з іх, Яўген, сур’ёзна захварэў. Калі сям’я сутыкнулася з гэтай бядой, узніклі адчувальныя фінансавыя цяжкасці. Праблемным стала нават набыць дзецям сезонныя адзенне і абутак. Жанчыне даводзілася ляжаць з Яўгенам у бальніцы, пэўны час яна нідзе не працавала. Бацька хлопчыкаў зусім не аказваў дапамогі ў іх выхаванні і на той час не плаціў аліменты.

Дзятлаўскае раённае аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду прыняло рашэнне дапамагчы сям’і ў набыцці адзення і абутку для Яўгена. Падобную падтрымку хворых дзяцей раённае аддзяленне дзіцячага фонду практыкуе даўно. На гэты раз дапамога таксама была запатрабаванай і своечасовай. У гэтым мы ўпэўніліся ў час размовы з матуляй Яўгена.

– Без падтрымкі нам было складана спраўляцца з цяжкасцямі, – расказала Лідзія Сантоцкая. – Я вельмі ўдзячна за матэрыяльную, інфармацыйную, маральную дапамогу Алене Анатольеўне Чайкоўскай і ўсім, хто меў да гэтага дачыненне. Цяпер мы ўстанавілі Яўгену інваліднасць, ужо атрымліваем штомесячную дзяржаўную дапамогу. Аформлены дакументы і на атрыманне аліментаў. На рабоце мне таксама пайшлі насустрач: перавялі на пасаду начнога вартаўніка, каб днём я не пакідала сына аднаго, бо ў яго здараюцца прыступы. Удзячны мы з дзецьмі і Навагрудскай спецыялізаванай школе, якая таксама аказвае дапамогу. З такой бядой наша сям’я раней не сустракалася, але, дзякуючы нераўнадушным людзям, нам стала значна лягчэй змагацца з цяжкай хваробай сына.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga