На экскурсію – у ЗАГС

Грамадства Свежыя навіны

Навучэнцы дзятлаўскай гімназіі завіталі ў госці да супрацоўніц раённага аддзела ЗАГС, якія з вялікім цяплом і ўвагай сустрэлі падлеткаў.

Моладзі цікава было ўсё: і дзе вучаць на служачага ЗАГСа, і як падбіраецца індывідуальны сцэнарый правядзення ўрачыстасці, якія дакументы тут атрымліваюць людзі і якімі імёнамі называюць нованароджаных.

– Наша ўстанова спецыфічная і кантрасная. У сістэме Міністэрства юстыцыі і ў апараце дзяржаўнага кіравання ўвогуле няма аналагічных месцаў, дзе б так арганічна спалучаліся строгае, дзелавое вядзенне дакументацыі і пачуццё пастаяннага свята, урачыстасці і непаўторнасці падзеі, – адзначыла галоўны спецыяліст аддзела Святлана Вінакурава. – У ЗАГСах фіксуюцца і захоўваюцца запісы аб нараджэнні і смерці людзей, заключэнні і скасаванні шлюбу, усынаўленні і ўстанаўленні бацькоўства, перамене імя. Акрамя таго, тут змяняюцца, выпраўляюцца і дапаўняюцца запісы актаў, аднаўляюцца, анулююцца, выдаюцца паўторныя пасведчанні і даведкі. Ад нараджэння і да апошніх сумных хвілін жыцця захоўваюцца лёсы людзей у дакументах органаў ЗАГСа.

Гімназісты не толькі зазірнулі ў такія дакументы, але і паспрабавалі сябе ў якасці ўдзельнікаў і вядучых урачыстасці заключэння шлюбу, на памяць атрымалі жартоўныя “пашпарты” нявестаў і жаніхоў.

Начальнік аддзела Вольга Бародзіч выказала ўпэўненасць у тым, што такія сустрэчы ніколі не бываюць марнымі, і запэўніла ўсіх прысутных, што дзверы аддзела заўсёды адкрытыя для падобных мерапрыемстваў, пажадаўшы неўзабаве ўбачыць пасталелую моладзь ужо ў іншым статусе: не вучнямі, а шчаслівымі сапраўднымі жаніхамі і нявестамі.

Ірына КАМАРОВА