Мы – пераможцы!

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Газета “Перамога” ўпершыню ў гісторыі існавання стала пераможцай Нацыянальнага конкурсу “Залатая Літара”.

Цырымонія ўзнагароджання, традыцыйна прымеркаваная да Дня друку, адбылася 5 мая ў Мінску. Ва ўрачыстай абстаноўцы ўзнагароду ўручылі лепшым творчым калектывам, журналістам, публіцыстам, аглядальнікам і фотакарэспандэнтам рэспублікі.

У 2021 годзе на конкурс было прадстаўлена каля 400 заявак перыядычных выданняў, інфармацыйных агенцтваў і персаналій.

Дзятлаўская раённая газета “Перамога” стала пераможцай у намінацыі “Лепшыя матэрыялы культурнай тэматыкі”. Дыплом пераможцы і статуэтку-сімвал конкурсу галоўнаму рэдактару выдання Ірыне Камаровай уручыла старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна Філімонава.

– Мы рыхтавалі да конкурсу праект пад назвай “Хто крылы расправіў на роднай зямлі”. Гэту рубрыку ў газеце, аднайменную на сайце “Перамогі”, і канцэпцыю праекта я прыдумала яшчэ тры гады таму, калі толькі ўзначаліла газету. І ўвесь час калектыў працаваў над яго напаўненнем. Больш за паўтары сотні артыкулаў было апублікавана за тры гады.

Тэматычны праект “Хто крылы расправіў на роднай зямлі” распавядае пра землякоў, якія дасягнулі ў сваім жыцці значных поспехаў і праславіліся не толькі на сваёй малой радзіме, але таксама і за яе межамі. І тым больш, хто і сёння не забывае пра свае карані і прыязджае на Дзятлаўшчыну, з павагай адносіцца да родных мясцін.

Мы ганарымся сваімі землякамі. Сярод іх дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, ваеначальнікі, дзеячы навукі, літаратуры і мастацтва, спартсмены, перадавікі вытворчасці і сельскай гаспадаркі, а таксама многія іншыя ўраджэнцы і жыхары Дзятлаўскага раёна, добрыя гаспадары і цудоўныя людзі. Яны – прыклад для маладога пакалення, якое яшчэ толькі намагаецца зрабіць крок у вялікае жыццё.

Сваіх знакамітых землякоў трэба ведаць. Артыкулы праекта “Хто крылы расправіў на роднай зямлі” – гэта тая культурная спадчына, якая назаўсёды застанецца дзятлаўчанам, – падзялілася гісторыяй конкурснага праекта Ірына Чаславаўна. – Вельмі напружаным для нашага калектыву стаў красавік, калі мы рыхтавалі конкурсную работу – быў задзейнічаны амаль кожны супрацоўнік рэдакцыі. Мы імкнуліся годна прадставіць на конкурсе свой праект – у выніку атрымалі найвышэйшую ўзнагароду ў рэспубліцы. Я вельмі ўдзячна свайму калектыву, невялікаму, але творчаму і працалюбіваму.

Конкурс “Залатая Літара” праводзіцца штогод для садзейнічання развіццю друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, інфармацыйных агенцтваў і сеткавых выданняў Беларусі, актуалізацыі значных тэматычных напрамкаў дзейнасці СМІ па рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, павышэння прафесійнага і ідэйна-змястоўнага ўзроўню СМІ, стымулявання творчай дзейнасці журналістаў і іншых творчых работнікаў, занятых у працэсе вытворчасці СМІ. Арганізатар конкурсу – Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Наталля АВЯРЧУК