Лавіся, рыбка, а не бяда

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Каб адпачынак з вудай не азмрочыўся сумнымі наступствамі, рыбаловам варта помніць пра небяспеку рыбалкі паблізу энергетычных аб’ектаў, ліній электраперадачы або ў час навальніцы.

Выбіраючы месца для рыбалкі або адпачынку, звярніце ўвагу на наяўнасць апор і ліній электраперадачы, трансфарматарных падстанцый. У месцах, дзе паветраныя лініі электраперадачы праходзяць праз вадаём, на апорах ліній размешчаны плакаты электрабяспекі аб забароне лоўлі рыбы.

Памятайце, што ў ахоўных зонах ліній электраперадачы забараняецца:

— ажыццяўляць лоўлю рыбы, іншых водных жывёл;

— рабіць пляцоўкі для гульняў, раскладваць вогнішчы, ладзіць стаянкі транспарту, ставіць палаткі, запускаць паветраных змеяў;

— накідваць на правады леску вуды, староннія прадметы;

— набліжацца да апораў ліній электраперадачы, залазіць на іх, пашкоджваць арматуру, ізалятары.

Пры выкарыстанні вудаў з тэлескапічнымі вудзільнамі памятайце: калі леска набліжаецца на недапушчальна блізкую адлегласць да правадоў або дакранаецца да іх, пад уздзеяннем электрычнага току аказваецца не толькі чалавек, які трымае вуду, але і людзі побач. Акрамя таго, небяспечным можа быць токаправодны матэрыял, з якога зроблена вуда.

Пры перамяшчэнні пешшу або на лодцы пад правадамі паветраных ліній неабходна папярэдне складаць вудзільна.

Катэгарычна забараняецца лавіць рыбу ў час навальніцы: удар маланкі распаўсюджваецца вакол вадаёма ў радыўсе 100 метраў. Неабходна далей адысці ад берага, нельга купацца і лавіць рыбу, хавацца пад дрэвамі.

Калі вы падарылі вуду дзіцяці, таксама раскажыце яму пра тэхніку бяспекі.

Валянцін КАСЦЮКЕВІЧ,
інспектар Дзятлаўскай райэнергаінспекцыі
Андрэй ГОМАН,
намеснік галоўнага інжынера Дзятлаўскага РЭС

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga