Кветкі і віншаванні ад землякоў для Фёдара Шалеснага

Важнае Грамадства

У рамках рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае. Салдаты Перамогі” 5 мая віншаванні прымаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны з вёскі Лозкі Фёдар Шалесны.

З пажаданнямі здароўя і даўгалецця, словамі шчырай удзячнасці за Вялікую Перамогу і падарункамі да Фёдара Васільевіча завіталі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі; яго намеснік, старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Ігар Кухарэвіч; старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка; старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык; старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар; першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык; прадстаўнікі ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”; артысты Казлоўшчынскага дома культуры; навучэнцы і педагогі Казлоўшчынскай сярэдняй школы.

– Сёлетні май для вас багаты на святы, – звярнуўся да ветэрана Андрэй Садоўскі. – 9 мая вы сустрэнеце Дзень Перамогі, а 15 – свой 95-гадовы юбілей. І для родных, і для Дзятлаўшчыны вы – жывая легенда. Нездарма ваша прозвішча занесена ў Кнігу славы Дзятлаўскага раёна. Мы ганарымся вашымі франтавымі і працоўнымі подзвігамі. У цяжкі пасляваенны час менавіта вашаму пакаленню давялося аднаўляць і развіваць народную гаспадарку, адбудоўваць беларускія гарады і вёскі. Дзякуем за слаўныя справы на карысць Айчыны і жадаем міру, здароўя, даўгалецця, клопату родных і блізкіх. Дзякуем і вашым дзецям за тое, што любяць вас, аберагаюць, шануюць.

Кіраўнік раёна ўручыў ветэрану кветкі, віншавальную паштоўку і падарунак. Эстафету шчырых пажаданняў пераняў Ігар Кухарэвіч. Ён падзякаваў франтавіку за Перамогу і ўручыў падарунак ад “Белай Русі”. Прадуктовы пакет ад “Еўраопта” і падарунак ад Казлоўшчынскага сельвыканкама перадаў Фёдару Васільевічу Вадзім Бялятка. Кветкі ад моладзі – Кацярына Хілімончык. Прадуктовыя наборы ветэрану прывезлі таксама лідары раённага аб’яднання прафсаюзаў і савета ветэранаў. Кветкі і грашовы падарунак – кіраўнік лясгаса Сяргей Дурко.

Школьнікі і артысты таксама падрыхтавалі для ветэрана віншавальную праграму з вершамі і песнямі пра вайну. Разам з гасцямі праспявалі легендарны шлягер – “Дзень Перамогі”. А напрыканцы сфатаграфаваліся на памяць.

За віншаванні гасцям падзякавалі сын ветэрана Уладзімір Шалесны і дачка Тамара Кулік. Яны расказалі, што ў іх сям’і падтрымліваецца выдатная традыцыя – шырока адзначаць Дзень Перамогі, з салютамі, палюбавацца на якія збіраюцца жыхары Лозак. Сёлета ў ветэрана юбілей, значыць, святу таксама быць.

Варта ўзгадаць, што Фёдар Шалесны нарадзіўся 15 мая 1926 года ў Лозках. Ваяваць яму давялося з лістапада 1944 года. Трапіў на II Беларускі фронт у склад 163-га стралковага палка. Да канца вайны прабыў другім нумарам на зенітна-ракетнай устаноўцы. У 1945-м удзельнічаў у Будапешцкай аперацыі па вызваленні Венгрыі. Пры вызваленні Будапешта быў паранены. Перамогу сустрэў у Ленінградзе.

У лістападзе 1945 года Фёдар Васільевіч вярнуўся ў родныя Лозкі, дзе пабудаваў хату недалёка ад бацькоўскай, стварыў уласную сям’ю. Разам з жонкай выгадавалі двух сыноў і дзве дачкі. У мірны час ветэран Вялікай Айчыннай вайны працаваў у Баранавіцкім хімлясгасе: у лясах займаўся выбуховымі работамі. Пазней перавёўся ў Дзятлаўскі лясгас, у Вензавецкі дрэваапрацоўчы цэх, якому прысвяціў шмат гадоў сумленнай працы да выхаду на пенсію.

Фёдар Васільевіч узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне” і “Георгій Жукаў 1896-1996 гг.”, шматлікімі юбілейнымі медалямі.

Ірына СТЫРНІК



Теги: