Ірына Лашко: “Сілы давалі родная зямля і праца”

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Праект “Глыбінкай жыве Беларусь” прадаўжае знаёміць нас з цікавымі людзьмі Дзятлаўшчыны.

На гэты раз работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці накіраваліся па сакрэты даўгалецця ў вёску Еленка да мясцовай доўгажыхаркі Ірыны Лашко, якая сёлета сустрэла сваю 90-ю вясну.

Адметна, што Ірына Іосіфаўна – карэнная жыхарка Еленкі, і ўсе дзевяноста гадоў яна не толькі была жывой сведкай гісторыі гэтага населенага пункта, але і шчырай працай рабіла свой пасільны ўнёсак у добраўпарадкаванне родных мясцін. Нездарма сярод узнагародаў, якія беражліва захоўвае бабуля, – Падзячны ліст на яе імя ад старшыні Данілавіцкага сельвыканкама Ганны Жых за падтрыманне санітарнага парадку на прысядзібным участку.

Гасцям Ірыне Бакшук і актывістцы раённага савета ветэранаў Ядвізе Гушча, якія прыехалі да доўгажыхаркі з падарункамі, яна расказала сваю жыццёвую гісторыю і асабісты “рэцэпт” даўгалецця.

Нянька – братам, памочніца – матулі

Нарадзілася Ірына Лашко (у дзявоцтве Турчэнік) 24 красавіка 1931 года ў сялянскай сям’і. У 1940 годзе ў Турчэнікаў здарылася вялікая бяда – памёр бацька, пакінуўшы маці з трыма малымі дзецьмі: дзевяцігадовай Ірынай, шасцігадовым Валодзем, трохгадовым Мітакам. Тым не менш, старэйшая дачка да пачатку Вялікай Айчыннай вайны паспела закончыць клас польскай і два класы беларускай школы. На гэтым школьнае навучанне Ірыны спынілася, пачаліся “жыццёвыя ўніверсітэты”. У складаны ваенны час дзяўчынцы давялося ўзяць на сябе клопат аб братах і частку хатняй работы. Здаралася, што ў Еленку шукаць партызан наязджалі немцы, бывалі тут і казакі, якія служылі на баку ворага. Нязваныя госці ніколі не пакідалі вёску з пустымі рукамі – забіралі лепшыя харчовыя прыпасы.

Калі скончылася вайна, Ірына, якая ўжо была падлеткам, пачала дапамагаць матулі ў полі. Жыццё вымушала дзяўчыну вучыцца любой рабоце. І сёння Ірына Іосіфаўна з гонарам узгадвае, што касіла яна так шпарка і роўна, што ўгнацца за ёю не маглі бывалыя касцы-мужчыны.

Аднойчы зімой, калі работы па гаспадарцы бывае менш, маці адправіла дачку ў суседнюю вёску да швачкі вучыцца новаму рамяству. Матуля не прагадала: усё далейшае жыццё навык дапамагаў Ірыне не толькі шыць абноўкі родным, але і зарабляць дадатковыя грошы, асабліва калі ў калгасе замест зарплаты запісвалі працадні.

Узгадвае жанчына і яшчэ адну зіму, тры месяцы якой адпрацавала ў Кемераўскай вобласці, дзе разам з іншымі наёмнікамі ў лесе пратоптвалі ў снезе сцежкі, каб па іх можна было вывезці драўніну. За работу заплацілі двума адрэзамі тканіны, з якіх Ірына пашыла сабе дзве новыя сукенкі.

Сям’я, як кветнік

Замуж Ірына Іосіфаўна вышла ў 1955 годзе за еленскага хлопца, які застаўся сіратой, таму будаваць новы дом маладым дапамагала яе матуля.

Муж Іван Канстанцінавіч быў трактарыстам, працаваў спачатку ў мясцовым калгасе, затым – у меліярацыі, дзе зарплату выдавалі грашыма. На той час сям’я Лашко ўжо была, як кветнік: тут падрасталі чатыры прыгажуні-дачкі. Каб у дзяўчынак былі абноўкі, Ірына Іосіфаўна пасля цяжкай працы ў калгасе, дзе на той час была паляводам, бегла дамоў і садзілася за швейную машынку. Шыла не толькі родным, але і прымала заказы.

У 1972 годзе жанчына перайшла працаваць жывёлаводам, а пасля смерці мужа ў 1981 годзе – на збожжаток. Калі памёр Іван Канстанцінавіч, малодшая іх дачка вучылася ў дзявятым класе, сярэдняя – на чацвёртым курсе інстытута, дзве старэйшыя працавалі фельчарам і настаўніцай.

На пенсію Ірына Іосіфаўна выйшла ў 1986 годзе, але тады без справы не сядзела: вялікай была свая гаспадарка, трымалі карову. Жанчына касіла, секла дровы, выконвала іншую жаночую і мужчынскую работу.

Рэцэпт у даўгалецця складаны, але не сакрэтны

Калі госці пацікавіліся ў Ірыны Лашко яе асабістым сакрэтам даўгалецця, дзевяностагадовая юбілярка не таілася, але падкрэсліла, што не для кожнага яе “рэцэпт” будзе даспадобы.

– Усё жыццё я шчыра працавала, адпачыць дазваляла сабе толькі на вялікія царкоўныя святы і ў нядзелю, ды і то, калі ўжо выйшла на пенсію, – пералічвае асаблівасці свайго жыцця бабуля. – Дажыць да глыбокай старасці не спадзявалася. Як гэта атрымалася? Лічу, што ў мяне моцны анёл-ахоўнік, які абараняе на жыццёвым шляху. Чалавек я веруючы, стараюся нікому не жадаць і не рабіць зла. Люблю дачок, усім ім дала добрую адукацыю, старалася дапамагаць, можна сказаць, жыла не для сябе, а для дзяцей, вось і дачакалася трох унукаў і столькі ж праўнукаў. Харчаваліся мы ўсім натуральным, бо трымалі сваю гаспадарку і пчол. Мёд з малаком ды палявыя травы былі для нас галоўнымі лекамі. Як бачыце, сама прырода мацавала нашы сілы.

Цяпер маё жыццё стала значна лягчэйшым, і пра мяне ўжо клапоцяцца мае дзеці. У бацькоўскім доме засталася малодшая дачка і ўнучка Алена, астатнія таксама нас не забываюць, таму лічу сябе шчаслівай. Я па-ранейшаму на нагах, ёсць сілы выконваць простыя справы: засцілаць ложак, падмятаць падлогу, паліць у печы, вязаць шкарпэткі, чытаць.

Калі хто збіраецца браць з мяне прыклад для даўгалецця, няхай больш працуе, жыве для іншых і чэрпае сілы ў роднай зямлі.

Ірына СТЫРНІК