Эканаміст па прафесіі, сястра міласэрнасці па закліку душы

Важнае Грамадства

З Раісай Анушкевіч, якая працуе ў гарадскім пасёлку Наваельня малодшай сястрой міласэрнасці медыка-сацыяльнай службы “Дапамога” Гродзенскай абласной арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа, мы сустракаемся не першы раз.

Такая ж сустрэча адбылася мінулай вясной на пачатку барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй, калі газета “Перамога” пісала, як розныя службы Дзятлаўшчыны дапамагаюць пажылым людзям у дастаўцы прадуктаў і лекаў.

Мінуў складаны 2020 год. Яго Раіса Рыгораўна правяла на працоўным месцы, дапамагаючы 7-і сваім падапечным, абараняючы іх ад пагрозы захварэць, з’яўляючыся сувязным звяном паміж імі і знешнім светам. Калі хто яшчэ не ведае, то малодшыя сёстры міласэрнасці Чырвонага Крыжа выконваюць функцыі сацыяльнага работніка і абавязкова праходзяць навучанне догляду за цяжкахворымі. Яны аказваюць сацыяльныя і бытавыя паслугі: ажыццяўляюць гігіенічныя працэдуры, выпісваюць і дастаўляюць лекі, прыбіраюць жыллё, гатуюць ежу, прыносяць пакупкі і абавязкова падтрымліваюць сваіх падапечных добрым словам. Усё гэта Раіса Анушкевіч робіць ужо другі год запар, а Чырвоны Крыж ва ўмовах пандэміі забяспечвае яе дэзынфікуючымі і абарончымі сродкамі – маскамі, пальчаткамі, капялюшыкамі, бахіламі і касцюмамі, якія даводзіцца часта мяняць.

Цікаўлюся ў Раісы Рыгораўны, як яна трапіла ў такую адказную і разам з тым патрэбную службу.

– Я не медык, – удакладняе мая субяседніца. – У свой час атрымала фінансава-эканамічную адукацыю, да пенсіі працавала па спецыяльнасці, а калі выйшла на заслужаны адпачынак, зразумела, што яшчэ ёсць сілы для добрых і важных спраў, таму адразу ж адгукнулася на прапанову старшыні раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіны Касцюк стаць малодшай сястрой міласэрнасці. Цяпер дапамагаю сваім землякам, якія з-за розных захворванняў не могуць абысціся без пабочнай дапамогі.

Работу сваю лічу даволі цікавай. Напрыклад, нядаўна мне давялося пабыць на аднадзённых курсах прафесійнай падрыхтоўкі, дзе нас вучылі, як правільна аказваць дапамогу людзям з захворваннямі апорна-рухальнай сістэмы, каб і ім не нашкодзіць, і сабе аблегчыць намаганні. Аказваецца, калі ўсё рабіць па правілах, справа ідзе лягчэй.

Яшчэ адно ноу-хау – сучасны мабільны тэлефон, выдзелены мне для работы Гродзенскай абласной арганізацыяй Таварыства Чырвонага Крыжа па лініі медыка-сацыяльнай службы “Дапамога”. На ім – спецыяльны дадатак, дзе я адзначаю, якому падапечнаму і чым дапамагаю ў час візіту. Зручная навінка пазбавіла ад папяровай работы і абавязку пісаць вялікія справаздачы ўручную. Цяпер у мяне з’явілася яшчэ больш часу на дапамогу падапечным, – завяршае свой аповед Раіса Рыгораўна і спяшаецца да бабулі, якую прыспеў час карміць.

Скарыстаўшыся тым, што з малодшай сястрой міласэрнасці мы сустрэліся ў кватэры яе падапечных Крысціны і Канстанціна Шумскіх, я задаю пытанне гаспадару, каб з першых вуснаў пачуць, наколькі запатрабаванай з’яўляецца медыка-сацыяльная служба “Дапамога” Таварыства Чырвонага Крыжа.

– Мая жонка цяжкахворая, – зазначае Канстанцін Іванавіч. – Яна прыкавана да інваліднага крэсла і не размаўляе. Мне самому баліць спіна, падводзіць зрок, таму ажыццяўляць догляд за ёй я проста не ў сілах. Нам пастаянна дапамагае дачка, але яна вяртаецца з работы толькі вечарам. У час яе адсутнасці двойчы на дзень да нас прыходзіць  малодшая сястра міласэрнасці Раіса Анушкевіч. Ужо другі год пайшоў, як мы не абыходзімся без яе клапатлівых рук. Мы вельмі ўдзячны нашай памочніцы і Чырвонаму Крыжу за важную, я б нават сказаў, жыццёва неабходную службу “Дапамога”.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga