Дзень Перамогі: “І няхай пакаленні памятаюць!”

Галоўнае Грамадства

Пад такой назвай 9 мая на плошчы ў Дзятлаве прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 76-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Да яго далучыліся ўдзельнікі патрыятычнай акцыі “Беларусь памятае!”, прадстаўнікі працоўных калектываў, гараджане, госці райцэнтра. Старт святу дала песня “Дзень Перамогі”, як сімвал удзячнасці і павагі ветэранам, удзельнікам партызанскага руху, тылавікам – усім тым, хто змагаўся за Вялкую Перамогу.

Вядучыя свята запрасілі прысутных ажыццявіць экскурс у гісторыю і назвалі імёны вядомых землякоў, якія змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай. Сярод іх Павел Сцяпанаў, Сяргей Іваноў, Марыя Ільюшэнка, Марыя Пуйта, Міхаіл Капралаў, Марыя Марозава. Нагадалі і аб тым, што ў небе над Курскай дугой вызначылася 148-я знішчальная дывізія, якой камандаваў наш зямляк з вёскі Дварэц генерал-лейтэнант авіяцыі Сцяпан Кароль.

Пакаленню пераможцаў шчырую песню “Ветэраны мінулай вайны” прысвяціла Марына Міхалоўская. Песеннымі нумарамі за мірнае неба Беларусі тым, хто здабываў для нас Перамогу, дзякавалі артысты раёна, сярод якіх Сяргей Малышчык, Тамара Ступак, народны ансамбль музыкі і песні “Ятранка”, народны тэатр-студыя гульні “Суседзі”, Уладзіслаў Ракуць, Людміла Баклушына, Аляксандр Раеўскі, Іван Кашко, Валерый Герасіменка, Наталля Бузук і іншыя.

Да іх далучыліся юныя дзятлаўчане. Вершы і танец да свята Перамогі падрыхтавалі самыя маленькія артысты – выхаванцы дзіцячага сада № 1 горада Дзятлава. Песню – Анастасія Бортнік.

Нягледзячы на тое, што 76 гадоў мінула з пераможнага мая 1945-га, з апошняга ваеннага дня, калі адгрымелі залпы Вялікай Айчыннай вайны, удзячныя нашчадкі і сёння ў сваіх сэрцах захоўваюць памяць аб тых, хто падарыў нам мір і свабоду, памятаюць подзвігі герояў. Гэта думка гучала ва ўсіх выступленнях артыстаў.

Песняй “Вясна. Вясна”, якая сімвалізавала пасляваеннае адраджэнне нашай краіны з попелу і руінаў, урачыстасць “І няхай пакаленні памятаюць!” закрылі Аляксандр Баклушын, Андрэй Добыш, Аляксандр Раеўскі, да якіх далучыліся іншыя ўдзельнікі канцэрта.

Святочную праграму Дня Перамогі на плошчы 17 верасня ў Дзятлаве прадоўжыла выступленне “Майская музыка перамогі” ад народнага хора ветэранаў працы “Ветэраны ў страі”.

Яркай ноткай свята для ўсіх яго ўдзельнікаў стаў дзіцячы канцэрт “Мы – нашчадкі твае, Перамога!”. Юныя дзятлаўчане спявалі песні, чыталі вершы, выканалі некалькі танцавальных нумароў, сярод якіх было сцяг-шоў.

Сюрпрыз чакаў і самых маленькіх гасцей урачыстасці: артысты тэатра роставых лялек запрасілі іх на забаўляльна-гульнявую праграму “Баба-Яга і справа дзяржаўнай важнасці”.

Дзень Перамогі запомніцца жыхарам райцэнтра яшчэ і тым, што на святочнай плошчы працаваў “Горад майстроў”, кропкі грамадскага харчавання, тэматычныя пляцоўкі, сярод якіх вялікай папулярнасцю карысталася “Вайна. Перамога. Памяць” ад Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. Тут жадаючыя маглі разгледзець абмундзіраванне і зброю ваенных часоў і нават сфатаграфавацца з вінтоўкай або аўтаматам у руках. А за магазінам “Амі Мэбля” быў арганізаваны вайсковы прывал, дзе гасцей частавалі гарачай салдацкай кашай.

Ірына СТЫРНІК