Другая маладосць забытага транспарту

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Веласіпед – колавы транспартны сродак, рухаемы мускульнай сілай чалавека, з’явіўся параўнальна нядаўна, толькі ў пачатку 19 стагоддзя, і першапачаткова быў без сядла і педаляў.

Да пачатку 20 стагоддзя, пастаянна ўдасканальваючыся, набыў выгляд, блізкі да сучаснага, але працэс паляпшэння гэтага транспарту прадаўжаецца і сёння.

Чаму гэты від транспарту набывае вялікую папулярнасць у век касмічнага прагрэсу, аўтаматызацыі, камп’ютарызацыі і іншых тэхналогій?

Бо дазваляе хутка перамяшчацца, пры гэтым не забруджвае паветра, дорыць пачуццё свабоды, развівае чалавека фізічна.

Асабліва папулярны гэты сродак транспарту ў краінах Паўночнай Еўропы. У гэтым плане лідзіруе Данія. Амаль 100 % жыхароў гэтай краіны маюць у асабістым карыстанні веласіпед, ды і не адзін.

Павольнымі крокамі веларух заваёўвае жыхароў і вялікіх гарадоў Беларусі (у вяскоўцаў ён папулярны даўно). У апошнія гады паступова ствараецца неабходная інфраструктура для папулярызацыі веласіпеда як транспартнага сродку. Гэта, у першую чаргу, веласцяжкі, пункты пракату, ахоўваемыя стаянкі ці проста прыстасаванні каля грамадскіх будынкаў, каб паставіць веласіпед на часовае захоўванне.

Зусім нядаўна паявіліся веласцяжкі, якія звязалі Дзятлава з Хадзяўлянамі і Засеццем. З цягам часу такі бяспечны шлях руху на веласіпедзе, напэўна, будзе вызначаны і ў бакі Савічаў, Яцвезі, Змяёўцаў і Малдуцяў. Вуліцы нашага горада, якія, асабліва ў цэнтры, не вельмі шырокія, але і не вузейшыя, чым у гарадах Паўночнай Еўропы, могуць і павінны быць адаптаваныя і для бяспечнага руху на веласіпедзе.

У гэтым годзе Дзятлаўскі лясгас атрымаў заданне набыць для пракату пэўную колькасць адмысловых веласіпедаў, а калектыў гісторыка-краязнаўчага музея сумесна са спартыўным клубам і зацікаўленымі грамадскімі актывістамі распрацаваць некалькі адна-двухдзённых

турысцкіх веламаршрутаў на тэрыторыі раёна. У музеі адбылося папярэдняе абмеркаванне гэтай тэмы. Аматары турызму, краязнаўцы і супрацоўнікі музея прыйшлі да высновы, што лепшым месцам для першых нітак маршрутаў будуць прасторы Ліпічанскай пушчы.

У будынку Рудаяварскага лясніцтва мэтазгодна арганізаваць пункт пракату веласіпедаў і іншых велапрыстасаванняў. Да Руды Яварскай выдатны пад’езд па асфальтаванай шашы. Ва ўсе бакі ад гэтага мястэчка, куды ні паедзь, найпрыгажэйшыя куткі Ліпічанскай пушчы. Побач і прасторы рэспубліканскага заказніка “Ліпічанская пушча”. Тут – старажытная гісторыя першабытных пасяленцаў, трагедыя спаленых фашыстамі вёсак у Вялікую Айчынную вайну, гераічныя будні партызанскіх атрадаў і бадзёрыя рапарты аб надоях малака і іншых пасляваенных дасягненнях мясцовых калгасаў, тут коціць свае воды велічная і задумлівая рака-партызанка Шчара, сплавіўшая на сваіх хвалях мільёны кубаметраў драўніны, а сёння, нібы “пенсіянерка”, задумліва чагосьці чакае. Можа нас?

Калі вы хочаце атрымаць зарад бадзёрасці і станоўчых эмоцый, цудоўна адпачыць, падмацавацца фізічна, рызыкніце і заплануйце паездку на веласіпедзе. Спачатку няхай гэта будзе толькі адзін дзень.

Велатурызм мае свае перавагі ў параўнанні з пешым. Амаль ва ўсіх мясцінах, дзе пройдзе чалавек пешшу, можна праехаць і на веласіпедзе. Стамляемасць у велатурыста значна ніжэйшая, а хуткасць у некалькі разоў большая. Таму падарожнік на веласіпедзе за адну адзінку часу мае больш шырокі выбар убачыць нешта новае, цікавае. Ды і на плечы не цісне паходны скарб. Намаганнямі лясгаса і грамадскасці будзе арганізавана абсталяванне на маршруце некалькіх прасцейшых спецыяльных стаянак з навесамі ад дажджу, сталамі для прыёму ежы, вогнішчамі, мангаламі, прыбіральнямі і сметніцамі, а таксама з інфармацыйнымі шчытамі і ўказальнікамі да цікавых аб’ектаў, правіламі паводзінаў у лесе і заказніку, нумары тэлефонаў лясной і іншых экстранных службаў.

Будуць разгледжаны магчымасці цэнтралізаванай дастаўкі груп турыстаў з Дзятлава (а ў перспектыве і з Наваельні) да Руды Яварскай і ў зваротным кірунку пасля заканчэння маршрута. Больш падрабязную інфармацыю пра час падарожжа на веласіпедзе па Ліпічанскай пушчы, умовы, кошт арэнды сродкаў руху і іншых турысцкіх прыстасаванняў, апісанне цікавых аб’ектаў, спосабы прыезду і ад’езду да пачатку маршрута, кантактныя тэлефоны паведамім праз газету “Перамога”, як толькі будзе закуплены неабходны інвентар і падрыхтавана інфраструктура.

Валерый ПЕТРЫКЕВІЧ,
краязнаўца