Дазволь, жанчына, у ногі пакланіцца

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Чалавек славіцца працаю, а Дзятлаўшчына – сваімі працаўнікамі.

Сярод першых – людзі пасляваеннага пакалення, моцныя, як крэмень. Яны ўсё сваё жыццё прысвяцілі працы ў сельскай гаспадарцы раёна. Супрацоўніцы сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва ў межах праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” наведваюць выдатных землякоў, беражліва збіраючы іх жыццёвыя гісторыі.

Гэтым разам завіталі ў Малыя Шастакі да Эміліі Віктараўны Траскевіч, якая нарадзілася за два гады да заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Яе браты і сёстры памерлі ў малым узросце, засталася ў бацькоў адна дачушка. Калі дзяўчынцы было дзесяць месяцаў, тату прызвалі на вайну, а праз некаторы час сям’я атрымала скупое паведамленне: “Знік без вестак”.

Жыццё сям’і жанчын пасля вайны было нялёгкім. Каб дапамагчы родным, Эміліі з самага ранняга дзяцінства даводзілася працаваць, мала ў чым саступаючы дарослым.

Калі надышоў час ісці ў мясцовую школу, высветлілася, што яе пасведчанне аб нараджэнні засталося ў асабістых рэчах бацькі, які не вярнуўся з вайны. Давялося дашкольніцы спраўляць новы дакумент, у якім яе памаладзілі на цэлы год. Эмілія паспяхова закончыла сямігодку, крыху папрацавала ў школе тэхнічкай, а затым змяніла матулю на працы ў калгасе “Запаветы Леніна”. Старанна працавала ў жывёлагадоўлі: спачатку жывёлаводам, затым даяркай, адказна выконваючы вытворчыя заданні, даглядала калгасных жывёл, як сваіх.

– Гэта цяпер на ферме аператары машыннага даення, а тады штораніцы і штовечар даіла сама рукамі па дваццаць пяць кароў, – успамінае жынчына. – Кармы для жывёл таксама рыхтавалі самастойна, даводзілася нават касіць. Хочаш добрыя надоі – даглядай каровак як след.

Вяртаючыся дадому са змены, жанчына дапамагала маці завіхацца на ўласнай гаспадарцы.

Працавітасць і стараннасць Эміліі Віктараўны былі заўважаны кіраўніцтвам гаспадаркі, яна не раз адзначалася высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі, сярод якіх – ордэн Працоўнай Славы ІІІ ступені.

На пачатку дзевяностых жанчына ўзначаліла свой працоўны калектыў – стала загадчыцай фермы ў родных Шастаках. Нават дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, Эмілія Віктараўна Траскевіч прадаўжала працаваць у гаспадарцы, цяпер – у сферы раслінаводства. Жанчына стала прыкладам для новай змены працаўнікоў. У 2013 годзе, ужо даўно знаходзячыся на заслужаным адпачынку, яна з радасцю прыняла прапанову вярнуцца на працу, каб дапамагчы калегам.

Партрэт заслужанай працаўніцы ўпрыгожваў Дошку гонару СВК “Войневічы”, а ў скарбонцы яе працоўных узнагарод ёсць медалі “За доблесную працу” і “За працоўную адзнаку”.

Аднак галоўнае жыццёвае дасягненне жанчыны – пяцёра дзяцей, якіх разам з мужам выхавалідастойнымі людзьмі. За свае заслугі маці-гераіня ўганаравана медалём Мацярынства ІІ ступені.

З Паўлам Іванавічам, мужам, яны пазнаёміліся выпадкова: малады чалавек прынёс падаваць дакументы ў вячэрнюю школу. Часу на прыгожае каханне тады зусім не было:

–Ладзіліся ў нас і танцы, але не хапала сіл туды хадзіць: рукі і ногі балелі ад працы.

Пасля заканчэння прафтэхвучылішча суджаны Эміліі Віктараўны паехаў працаваць на Цаліну, затым у армію ў Краснаярск, куды яна пісала лісты доўгія пяць гадоў. А як мужчына вярнуўся на радзіму, у хуткім часе згулялі вяселле. У любві, згодзе ды шчырай працы выгадаваліся дзеці ў сям’і Траскевічаў. Дарослыя, яны даўно разляцеліся з бацькоўскага дома. Аднак у значныя святы, такія як Вялікдзень, уся сям’я збіраецца на малой радзіме ў таты і матулі.

Эмілія Віктараўна не прывыкла скардзіцца на лёс, хоць ён і не песціў яе. Разважаючы, як ёй жывецца сёння, кажа:

– Гэта ж рай! Раней што мы бачылі з прысмакаў? Бульбу з бульбаю ды льняное насенне. А цяпер аўталаўка да нас прыязджае тройчы на тыдзень, усё, што трэба, набываем на сваю пенсію, – кажа жанчына. – Уважлівы і спагадлівы, наш фельчар часта заглядвае, клапоціцца пра нас, пажылых.

Як самую галоўную каштоўнасць у жыцці, жанчына вылучае здароўе. Ад усёй душы жадае яго сваім блізкім і землякам.

Наталля АВЯРЧУК
Фота прадастаўлена сектарам пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga