Зямля любіць гаспадарлівыя адносіны

Важнае Грамадства

З надыходам цёплых дзён на Дзятлаўшчыне набірае тэмпы добраўпарадкаванне населеных пунктаў і тэрыторый сельсаветаў.

Наш рэгіён прыгажэе і становіцца больш камфортным, дзякуючы клопату органаў мясцовага самакіравання, старастаў вёсак, дваровых камітэтаў, насельніцтва.

На што пры навядзенні парадку скіроўваецца асноўная ўвага і ў якіх сельсаветах работа ідзе больш спорна, расказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.

Добраўпарадкаванне ў сельсаветах раёна не спыняецца на працягу года і актывізуецца ў вясенне-летні перыяд. Сярод асноўных кірункаў варта адзначыць выяўленне і знос пустуючых струхнелых дамоў. На Дзятлаўшчыне 3486 незаселеных дамоў, на 3434 з іх ёсць паведамленні спадчыннікаў аб выкарыстанні, астатнія – пустуючыя, сярод якіх некалькі дзясяткаў струхнелых, і гэта лічба з кожным годам расце. У райвыканкаме створана спецыяльная камісія па абследаванні такіх будынкаў, якая цесна супрацоўнічае з сельсаветамі. Толькі за мінулы год знесена 55 пустуючых струхнелых дамоў, з іх 34, якія былі перададзены судом ва ўласнасць сельсаветаў. Патрачана 30 920 рублёў бюджэтных сродкаў. У севазварот уключана 2,71 гектара зямлі. Значную дапамогу ў гэтай справе сельвыканкамам аказваюць гаспадаркі раёна і Дзятлаўскае ПМС.

Наступны важны кірунак – добраўпарадкаванне могілак. Усяго іх у раёне 105, і толькі чатыры знаходзяцца на балансе РУП ЖКГ (двое Дзятлаўскія, Новаяльнянскія і Казлоўшчынскія), астатнія не маюць балансаўтрымальнікаў. У раёне актыўна ідзе работа па вырабе дакументацыі на зямельныя ўчасткі вясковых могілак для далейшай іх пастаноўкі на баланс суб’ектаў гаспадарання. Галоўнае пры іх добраўпарадкаванні – выдаленне кустоўя і старых дрэў, бо пры моцных вятрах зламаныя галіны могуць пашкодзіць помнікі. Вялікі аб’ём работ у гэтым кірунку зроблены сіламі РУП ЖКГ у Наваельні і Казлоўшчыне. Стараюцца не адставаць і сельвыканкамы, сярод якіх найбольш актыўныя Данілавіцкі, Дзятлаўскі, Казлоўшчынскі.

Акрамя таго, у 2020 годзе на розных аб’ектах раёна было высечана 802 старыя дрэвы, 235 з іх – за бюджэтныя сродкі.

Не менш важны кірунак навядзення парадку на зямлі – скошванне расліннасці. З гэтай мэтай з сярэдзіны красавіка па лістапад пры сельвыканкамах працуюць работнікі зялёнага будаўніцтва. Летась раённы выканаўчы камітэт дапамог сельсаветам набыць бензатрымеры для скошвання травы, упэўнены, што сёлета гэты інструмент дапаможа зрабіць населеныя пункты нашага раёна яшчэ больш прыгожымі. Як паказала практыка, добраўпарадкаванне праходзіць вынікова, калі ў ім зацікаўлена і прымае актыўны ўдзел мясцовае насельніцтва.

У словах Аляксандра Бараноўскага мы ўпэўніліся ў час размовы са старшынямі Данілавіцкага і Дзятлаўскага сельвыканкамаў, старастамі вёсак.

Ганна Жых, старшыня Данілавіцкага сельвыканкама:

– Могілкі для вяскоўцаў – святое месца, іх добраўпарадкаванню надаём шмат увагі. У 2020 годзе поўнасцю “вызвалілі” ад дрэў могілкі аграгарадка Круцілавічы. Работы фінансаваліся за кошт бюджэтных сродкаў і насельніцтва, выдалена каля 75 дрэў. Вяскоўцы таксама выходзілі дапамагаць. Аналагічная работа праведзена на могілках у Навасёлках, дзе за бюджэтныя і людскія грошы высечана 34 дрэвы, за кошт насельніцтва пастаўлена новая агароджа. Важкі арганізацыйны ўклад у працэс унесла стараста вёскі Марыя Шаўчук. У вёсцы Карыца-2, каб вызваліць месца для помнікаў, было спілавана 10 дрэў. Сёлетняй зімой разгорнута маштабная работа па выдаленні дрэў адразу на 5 могілках: у Клішавічах, Ахонаве, Касцюках, Уланаўшчыне, Стараельні. Цяпер у Касцюках засталіся толькі праблемныя дрэвы, спілаваць якія паклічам прамысловых альпіністаў. Работы ў Стараельні дапамагае выконваць добраахвотнік. Ва Уланаўшчыне выдалена каля 100 дрэў, палова – за сродкі насельніцтва і бюджэту, астатнія з дапамогай добраахвотніка. Там неабходна  агароджа.

Шмат увагі надаём нежылым будынкам. У снежні 2020 года ў вёсцы Ахонава, згодна з Указам № 357, пры падтрымцы ААТ “Граніт-Агра” было знесена 4 пустуючыя струхнелыя дамы і 2 падмуркі, у севазварот уключана 0,6 гектара зямлі. Ва Уланаўшчыне знеслі 3 дамы, у Данілавічах – адзін, яшчэ адзін у Аханянах знесла ААТ “Граніт-Агра”.

Добрай традыцыяй для жыхароў сельсавета сталі суботнікі ў парку аграгарадка Круцілавічы, калі на ўборку выходзім талакой, сёлетні год не быў выключэннем. Не менш актыўна да грамадскіх работ далучаецца насельніцтва аграгарадка Таркачы на чале са старастай Раісай Альшэўскай. Увогуле, для зацікаўленых людзей, якія адгукаюцца на прапановы аб навядзенні парадку на зямлі або самі з’яўляюцца ініцыятарамі, мне хочацца зрабіць як мага больш. Падтрымка насельніцтва заўсёды натхняе на добрыя справы.

Марыя Шаўчук, стараста вёскі Навасёлкі:

– Летась навасёлкаўцы вельмі ўзрадаваліся, што пачынаецца добраўпарадкаванне могілак, актыўна распачалі збор грошай, дапамагалі выконваць пасільныя работы. Некаторыя добраахвотнікі прывялі ў дастойны выгляд старыя пахаванні, пра якія няма каму клапаціцца. Могілкі поўнасцю змянілі свой выгляд: выдалены дрэвы і хмызнякі, не сыплецца з іх смецце, пастаўлена новая агароджа з сеткі-рабіцы, плануем паставіць вароты.

Пашанцавала і самой вёсцы Навасёлкі: праз яе праклалі асфальт, а нядаўна знайшоўся прадавец у мясцовы магазін. Мы вельмі ўдзячны нашай старшыні сельвыканкама за такія цудоўныя змены.

Святлана Шастала, стараста вёскі Касцюкі:

– Маіх землякоў вельмі непакоілі дрэвы на могілках, бо нярэдка на помнікі пры моцных вятрах падалі галіны. Мы звярнуліся па падтрымку да старшыні сельвыканкама Ганны Мікалаеўны, і яна не пакінула нашы просьбы па-за ўвагай. За сёлетні сакавік выкананы вялікі аб’ём работ, нам паабяцалі, што да канца вясны могілкі будуць поўнасцю ачышчаны ад дрэў і хмызняку. Людзі з задавальненнем прыходзяць дапамагаць. Крыху раней мы ўстанавілі тут новую агароджу з сеткі-рабіцы і жалезныя вароты. Напрыканцы работ будзе вельмі прыгожа. Не перадаць словамі, як вяскоўцы ўдзячны Ганне Мікалаеўне, бо з яе дапамогай робіцца святая справа.

Аляксандр Маркушэўскі, старшыня Дзятлаўскага сельвыканкама:

– На тэрыторыі сельсавета – 32 населеныя пункты, 11 могілак. На іх у мінулыя гады былі абсталяваны забетаніраваныя пляцоўкі для складвання смецця з трохбаковай суцэльнай агароджай. Гэта станоўча паўплывала на чысціню: больш не ўзнікае стыхійных звалак. Раней вельмі зарослымі былі могілкі ў Пацаўшчыне і Вянсках. На іх мы выдалілі аварыйныя дрэвы і хмызнякі. Цяпер ідуць такія ж работы ў Труханавічах і Раклевічах, пазней плануем прыступіць да іх на могілках у Галаўлях. Пытанні добраўпарадкавання надзённыя для сельсавета. Арганізаваць насельніцтва на грамадскія работы дапамагаюць старасты вёсак. Найбольш актыўна для навядзення парадку людзі выходзілі на суботнікі ў Пацаўшчыне, Труханавічах, Вянсках, Норцавічах, Пенчыцах. У 22 населеных пунктах нашага сельсавета з жыхарамі ўжо заключаны дагаворы з РУП ЖКГ на вываз смецця. Назіраецца станоўчая статыстыка: стыхійных сметнікаў становіцца менш.

Шмат увагі добраўпарадкаванню надаюць установы і арганізацыі сельсавета, за якімі замацаваны розныя аб’екты, прыходзяць на дапамогу і грамадскія аб’яднанні. Цяпер работа кіпіць у парку вёскі Апаліна-Басіна і каля мясцовага помніка: спілаваны галіны і праблемныя дрэвы, зрэзаны хмызнякі, прыбіраем лісце. Увогуле, у 2020 годзе на баланс нашага сельвыканкама былі перададзены помнікі ў вёсках Хадзяўляны, Засецце, Апаліна-Басіна, аграгарадку Раклевічы. Парадак каля іх сёлета ўжо наведзены, будзем пачынаць афарбоўку. Яшчэ адзін важны кірунак работы – знос нежылых струхнелых дамоў: за апошнія дзесяць гадоў на тэрыторыі сельсавета іх знесена больш за 100, адзін – ужо сёлета, плануем яшчэ тры.

Таццяна Ярмош, дэпутат раённага і сельскага Саветаў дэпутатаў, стараста вёскі Апаліна-Басіна:

– Нашы вяскоўцы заўсёды актыўна прыбіраюць і падкошваюць тэрыторыю каля паклонных крыжоў, якія стаяць на выездзе і ўездзе ў вёску. Заказвалі і ставілі іх самі. Напярэдадні Вялікадня людзі ходзяць іх упрыгожваць. Жыхары Апаліна-Басіна старанна клапоцяцца і аб парадку на ўласных участках: беляць дрэвы, косяць траву. Набываць дамы ў Апаліна-Басіна пачалі маладыя гаспадары. Сіламі мясцовай моладзі зроблена валейбольная пляцоўка, дзе ў сезон маем магчымасць бавіць час з карысцю для здароўя. Ёсць у нас прыгожы парк, закладзены з ліставых парод дрэў у 1965-1967 гадах работнікамі ранейшага калгаса “Зара”. У ім – помнік 31 земляку, загінуламу ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сельвыканкам і насельніцтва клапоцяцца аб мемарыяле і парку. Разам, агульнымі намаганнямі, мы ствараем прыгажосць у родным куточку, затым кожны дзень любуемся ёю, радуемся вынікам сваёй працы. Мяркую, для кожнага з нас гэта важна!

Ірына СТЫРНІК