З Адзінага дня інфармавання насельніцтва. Якую памяць захоўваем і як развіваемся?

Галоўнае Улада

15 красавіка ў раёне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

Інфармацыйна-прапагандысцкая група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага ў аграгарадку Жукоўшчына сустрэлася з мясцовым насельніцтвам і калектывам сельгаспрадпрыемства.

З тэмай “Захаванне гістарычнай памяці аб перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне” прысутных азнаёміла настаўніца гісторыі гімназіі № 1 горада Дзятлава Алена Радомская. Яна не толькі ўзгадала важныя старонкі гісторыі, але і расказала, які ўклад у яе захаванне ўносяць навучэнцы. У прыватнасці, нагадала, што 28 чэрвеня 1941 года было захоплена Дзятлава. На подступах да нашага горада абарону супраць фашыстаў на працягу сутак трымала група з 14 чырвонаармейцаў пад кіраўніцтвам лейтэнанта Лебедзева. За дастойны адпор пераважным сілам праціўніка ворагі пахавалі загінулых савецкіх байцоў каля дарогі, але з воінскай пашанай. Узгадала Алена Радомская і пра партызанскі рух на Дзятлаўшчыне, яўрэйскія гета і масавае знішчэнне насельніцтва. Расказала яна аб праекце гімназіі, да якога далучылася ўся рэспубліка, – “Абліччы мінулай вайны”, скіраваным на захаванне і ўвекавечанне памяці аб ваенным пакаленні, збор старых фотаздымкаў.

Аб пажарнай бяспецы ўдзельнікам сустрэчы нагадаў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык. Назваў сумныя лічбы раённай статыстыкі: +2 загінулыя ў пажарах да аналагічнага перыяду мінулага года. Папярэдзіў аб забароне на выпальванне сухой травы: штраф за парушэнне – ад 10 да 30 базавых велічыняў. Нагадаў, што разводзіць вогнішчы можна толькі на ачышчаных месцах, на адлегласці ад пабудоваў, са сродкамі тушэння і пад пастаянным кантролем паўналетняй асобы.

На прафілактыцы злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, увагу прысутных завастрыў часова выконваючы абавязкі начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама Уладзімір Святоха. Праблема не абмінула Дзятлаўшчыну: у 2020 годзе зафіксавана 4 злачынныя дзеі, 3 з якіх звязаны са збытам наркотыкаў: двойчы іх збыў непаўналетні, які прыцягнуты да крымінальнай адказнасці з пазбаўленнем волі. У час прафілактычнай спецпраграмы “Мак” праваахоўнікі выявілі 18 месцаў яго вырастання, 9 асобаў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Таксама Уладзімір Святоха нагадаў злачынныя схемы, па якіх дзейнічаюць махляры, якія крадуць грошы з банкаўскіх картак людзей.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі расказаў, як спрацаваў рэальны сектар эканомікі Дзятлаўскага раёна ў першым квартале 2021 года. Адзначыў, што за студзень-люты прамысловай прадукцыі выраблена на 23,6 мільёна рублёў. Найбольшую ўдзельную вагу ў яе вытворчасці займае Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир” – 34 %. Па выніках знешне-эканамічнай дзейнасці ў 11 краін свету экспартавана на 61 % больш прадукцыі, чым летась. Экспарт паслугаў ажыццяўляюць санаторыі “Радон” і “Альфа Радон”. Ён склаў 300 тысяч долараў ЗША. Падзенне паказчыка звязана з пандэміяй. На развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы раёна за 2 месяцы прыцягнута інвестыцый у асноўны капітал – 4,9 мільёна рублёў. Большасць сродкаў асвояць ААТ “Молочный Мир”, ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, лясгас, сельгаспрадпрыемствы на набыццё тэхнікі. Згодна з абласной інвестпраграмай прадаўжаецца будаўніцтва пажарнага дэпо ў Дзятлаве, а ў бліжэйшых планах – рэканструкцыя лазнева-аздараўленчага комплексу райцэнтра.

Прадпрыемствы сельскай гаспадаркі сёлета працуюць з ростам валавай прадукцыі 102,4 %, а КСУП “Жукоўшчына” ў раённым “рэйтынгу” займае другое месца за кошт вытворчасці малака. Кіраўнік раёна таксама расказаў, як на Дзятлаўшчыне прайшоў “Тыдзень лесу”, як праходзіць месячнік па добраўпарадкаванні, і заклікаў мясцовае насельніцтва прыняць актыўны ўдзел у навядзенні парадку ў родных мясцінах.

Ірына СТЫРНІК