У райвыканкаме. Зерневыя пасеяны, на чарзе – бульба

Галоўнае Улада

Асноўныя напрамкі работы акрэслены на штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама.

Абмеркаваны тэмы бяспекі жыццядзейнасці, работы сельгаспрадпрыемстваў, добраўпарадкавання, вакцынацыі, аховы навакольнага асяроддзя і іншыя.

Прафілактыка крадзяжоў у гаспадарках

Як паведаміў часова выконваючы абавязкі начальніка АУС райвыканкама Уладзімір Святоха, у выхадныя дні ў вёсцы Вялікія Шастакі з фермы КСУП “Войневічы”, дзе ажыццяўляюцца работы па дэмантажы, былі скрадзены 16 трубаў. Вінаватыя асобы ўстаноўлены і гатовы аплаціць нанесеную гаспадарцы шкоду. Рабочая група праваахоўнікаў працягвае ажыццяўляць маніторынг сельгаспрадпрыемстваў раёна. У час аднаго з рэйдаў было выяўлена, што ў КСУП “Дварэц-Агра” адсутнічаў на працоўным месцы вартаўнік. У раёне на мінулым тыдні зарэгістравана 9 правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносінаў, нецвярозымі ў грамадскіх месцах затрыманы 8 асобаў.

Узгаранне смецця і акалічнасці гібелі

Начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык расказаў, што на мінулым тыдні адбылося ўзгаранне смецця з распаўсюджваннем агню, які быў патушаны. Ратаўнікі актывізавалі прафілактычную работу: у час рэйдаў складзены адміністрацыйны пратакол, спынена некалькі небяспечных палаў смецця. Папярэдне сталі вядомы акалічнасці пажару ў вёсцы Карытніца: экспертыза паказала, што ў крыві загінулага было 3,8 праміле алкаголю, магчымая прычына яго смерці – атручванне чадным газам. У раёне прадаўжаюць работу аглядавыя камісіі, у тым ліку ў выхадныя дні (у мінулыя – працавалі ў Дзятлаве і Жукоўшчынскім сельсавеце). Застаюцца на кантролі ратаўнікоў пытанні ўдасканалення мераў бяспекі ў Дзятлаўскім філіяле Гродзенскага аблспажыўтаварыства і ААТ “Новаяльнянскі КХП”.

Сельгасработы ідуць па графіку

Як зазначыў першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталь Шулейка, сельгаспрадпрыемствы раёна скончылі сяўбу ранніх зерневых і зернебабовых культур. Пазней прыступіў да работ і не набраў належнага тэмпу КСУП “Дварэц-Агра” (дырэктар Вадзім Царык). Да канца тыдня на Дзятлаўшчыне будзе скончана сяўба лёну і цукровых буракоў, пачнецца пасадка бульбы. Пільная ўвага надаецца падрыхтоўцы глебы пад другі хлеб, сяўбе аднагадовых культур, унясенню арганікі, падрыхтоўцы да хімпраполкі.

На кантролі стан кормаўборачнай тэхнікі, асабліва ў КСУП “Вензавец” і “Слава працы”. Завёўшы размову аб вяртанні субсідзіраваных сродкаў, старшыня райвыканкама заклікаў кіраўнікоў гаспадарак загадзя вызначыць крыніцы “заробку” грошай пад будучую аплату, магчыма, павялічыць плошчы сяўбы сельгаскультур. Асабліва гэта тычыцца гаспадарак са значнай пазыкай: КСУП “Дварэц-Агра” (Вадзім Царык) і “Жукоўшчына” (Аляксандр Кугейка). На кантролі ў раёне застаецца набыццё сельгастэхнікі, асабліва гаспадаркам патрэбны касілкі.

Добраўпарадкаванне і лесааднаўленне

Актыўна на Дзятлаўшчыне ажыццяўляецца лесапасадка: установамі адукацыі высаджана 172 гектары лесу, каля 70 – ачышчана. На гэтым тыдні работа прадоўжыцца.

Станоўча кіраўнік раёна ацаніў уборку горада Дзятлава працоўнымі калектывамі і грамадскімі арганізацыямі ў час рэспубліканскага і раённага суботнікаў. Аднак адкрытымі засталіся пытанні па навядзенні парадку на некаторых аб’ектах гарадскога пасёлка Наваельня, дзе патрабуецца “работа над памылкамі”. У раённых планах па добраўпарадкаванні – аднаўленне асфальтавага пакрыцця ў дашкольных установах «Новаяльнянскі яслі-сад» і ДЦРД № 2 горада Дзятлава. Напярэдадні майскіх святаў адновяць і білборды, на адным з якіх мяркуецца размясціць фотаздымак дзятлаўскай каманды “Алмаз”– пераможцы рэспубліканскіх хакейных спаборніцтваў “Залатая шайба-2021”.

Прыроду будзем абараняць

Як расказаў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Балькоўскі, на мінулым тыдні затрыманы 2 парушальнікі, якія займаліся нарыхтоўкай “чырвонакніжнай” чарамшы. Абодвум прад’яўлены прэтэнзіі на розныя сумы, у залежнасці ад вагі нарыхтаванай расліны. Складзены адзін адміністрацыйны пратакол за нарыхтоўку бярозавіку не па правілах. Прадаўжаецца маніторынг экалагічнага стану аб’ектаў і арганізацый раёна.

Можна будзе прышчапіцца

Па словах галоўнага доктара райЦГЭ Алены Шайбак, на Дзятлаўшчыне адзначаецца нязначны рост захворванняў на каранавірусную інфекцыю. Эпідэміёлагамі праверана на выкананне патрабаванняў па барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй 15 аб’ектаў раёна, выдадзена 6 рэкамендацый. На Дзятлаўшчыне правакцынаваліся 550 чалавек, хутка медыкі прыступяць да масавай вакцынацыі жыхароў расійскай вакцынай “Спутник V”. Таксама за тыдзень стан навядзення парадку правераны на 38 аб’ектах раёна, складзена 8 пратаколаў, выдадзена 12 рэкамендацый.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

 



Теги: