У райвыканкаме. Добрая навіна для шматдзетных сем’яў

Галоўнае Улада

На штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама абмеркаваны тэмы бяспекі жыццядзейнасці, прафілактыкі, будаўніцтва, работы сельгаспрадпрыемстваў, вакцынацыі, аховы навакольнага асяроддзя і іншыя.

Рэйды міліцыі прадоўжацца

Як паведаміў часова выконваючы абавязкі начальніка АУС райвыканкама Уладзімір Святоха, на мінулым тыдні ў раёне былі ўзбуджаны дзве крымінальныя справы за крадзеж грашовых сродкаў з банкаўскіх картак. Складзена 12 адміністрацыйных пратаколаў за распіццё спіртнога і з’яўленне п’янымі ў грамадскіх месцах, яшчэ двое грамадзян знаходзіліся п’янымі на працоўных месцах. Міліцыяй было канфіскавана 15 літраў самагону і 50 літраў самагоннай брагі. Праваахоўнікі прынялі ўдзел у спецыяльным комплексным мерапрыемстве “Нагляд”, у рамках якога наведалі раней судзімых асобаў, выявілі некалькі парушэнняў, прынялі адпаведныя меры. У раёне прадаўжаюцца рэйды міліцыі па праверцы захаванасці маёмасці арганізацый і работы вартавой аховы, парушэнняў не ўстаноўлена.

Прафілактыцы – зялёнае святло

Начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык расказаў, што на мінулым тыдні ўзгаранняў у раёне не зарэгістравана. Ратаўнікі выбывалі для аказання дапамогі чалавеку, які тануў на возеры ў Дзятлаве. Яшчэ адбылося дарожна-транспартнае здарэнне ў вёсцы Мядзвінавічы і парыў вадаправода ў Дзятлаве, іх наступствы ўхілены. Ратаўнікамі былі арганізаваны 4 прафілактычныя рэйды, у час якіх спынена выпальванне сухой расліннасці на ўчастку, праведзена размова з грамадзянінам, які дапускаў курэнне ў пакоі для сну.

Прадаўжаецца ў раёне работа аглядавых камісій, і кожны тыдзень ладзяцца пасяджэнні рабочай групы райвыканкама.

Паскорыць тэмпы палявых работ

Такая задача стаіць перад гаспадаркамі раёна. Не прыступіла на мінулым тыдні да пасадкі бульбы КСУП “Дварэц-Агра” (дырэктар Вадзім Царык), слабы тэмп работ на пасадцы “другога хлеба” назіраецца ў КСУП “Хвінявічы” (дырэктар Мікалай Бубноўскі). Ужо набыты сродкі хімічнай праполкі для зерневых культур, у тым ліку ў КСУП “Слава працы” і “Вензавец”.

Таксама сярод задач для гаспадарак раёна – актыўней пачынаць выпас буйной рагатай жывёлы. У заключную фазу ўваходзіць рамонт кормаўборачнай тэхнікі, завяршыць які неабходна на пачатку мая.

Дзятлаўшчына рыхтуецца да святаў

Пра гэта расказаў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч. У раёне ідзе работа па абнаўленні білбордаў, завершаны рамонтныя работы, пачалося добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі ў Казлоўшчынскім доме культуры. Лічаныя дні засталіся да адкрыцця пасля рамонту Вензавецкага ФАПа і арэндных павільёнаў для гандлю ў комплексе “Ліпічанка” ў Дзятлаве. Актыўную падрыхтоўку работнікі культуры і іншыя службы раёна вядуць да ўрачыстага святкавання на Дзятлаўшчыне 1 Мая і 9 Мая.

Кватэры для шматдзетных сем’яў

Намеснік старшыні райвыканкама Юрый Залеўскі расказаў, як у Дзятлаве ідзе будаўніцтва 72-кватэрнага жылога дома. Цяпер спецыялісты райвыканкама вядуць актыўную работу па заключэнні дагавораў далявога будаўніцтва з грамадзянамі, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. Першымі зрабіць гэта прапаноўваюць шматдзетным сем’ям. Ужо да працэдуры па зборы дакументаў на пабудову свайго жылля прыступілі больш за тры дзясяткі жадаючых.

Масачны рэжым ніхто не адмяняў

Аб тым, што сітуацыя па захворванні на каранавірус у Дзятлаўскім раёне няўстойлівая, паведаміла галоўны доктар райЦГЭ Алена Шайбак. Тым не менш, на 12 правераных аб’ектах эпідэміёлагі зноў выявілі парушэнні, адно з іх – паўторнае (без масак былі прадаўцы магазіна). Перасталі надзяваць маскі ў магазінах і іншых грамадскіх памяшканнях і некаторыя жыхары раёна, хаця на Дзятлаўшчыне яшчэ фіксуюцца выпадкі заражэння і расслабляцца пакуль рана.

Радуе, што медыкі прыступаюць да актыўнай фазы вакцынацыі насельніцтва. У раёне прышчэпкі атрымалі ўжо 610 чалавек. На чарзе – пажылыя людзі, грамадзяне з хранічнымі захворваннямі, работнікі культуры і гандлю. Да верасня стаіць задача прышчапіць больш за 12 тысяч жыхароў раёна.

Дзе сметніку не месца?

Як расказаў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Балькоўскі, на мінулым тыдні праведзены 4 маніторынгі, выдадзена 19 рэкамендацый. Таксама быў ажыццяўлёны аб’езд прыдарожных палосаў, вынікам праверкі сталі 3 інфармацыйныя лісты. Праведзены агляд былога міні-палігона для смецця “Раманавічы”, які плануецца рэкультываваць. На жаль, пасля ачысткі зафіксаваны паўторныя забруджванні. Магчыма, у бліжэйшы час для высвятлення аматараў незаконна вывезці смецце на закрыты палігон там з’явяцца фотапасткі.

Ірына СТЫРНІК       

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga