У райвыканкаме. Акрэслены задачы на сезон корманарыхтоўкі

Важнае Улада

Прайшло пасяджэнне Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

На парадак дня былі вынесены два пытанні: “Аб рабоце сельскагаспадарчых арганізацый Дзятлаўскага раёна па нарыхтоўцы кармоў” і “Аб рэалізацыі плана Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта ад 3 красавіка 2020 года № 190”.

Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталь Шулейка ў час свайго выступлення падкрэсліў, што менавіта ад паспяховасці работы па нарыхтоўцы кармоў напрамую залежыць фінансавы вынік наступнага года, бо якасная кармавая база садзейнічае пастаяннаму атрыманню выручкі ад рэалізацыі малака.

У 2021 годзе пашавыя ўгоддзі гаспадарак раёна склалі 18 904 гектары. Сельгасарганізацыямі вядзецца пэўная работа па паляпшэнні кармавой базы і развіцці галіны. Летась перазалужэнне выканана на плошчы 2242 гектары. Падсеў шматгадовых бабовых злакавых траваў ажыццяўлёны на плошчы 2714 гектараў. Пад кармавыя культуры на пашы ўнесена 2282 тоны мінеральных угнаенняў. Для забеспячэння падсеву шматгадовых траваў і перазалужэння лугавых угоддзяў было ўбрана 655 гектараў і нарыхтавана 210 тон насення.

У 2021 годзе гаспадаркам неабходна нарыхтаваць 120 тысяч тон кармавых адзінак усіх відаў кармоў. Для гэтага ў раёне ёсць 7123 гектары шматгадовых траваў, сярод якіх 6699 гектараў бабовых у чыстым выглядзе. Плануецца пасеяць 6273 гектары кукурузы, з іх на зерне – 1300 гектараў. Пасевы адналетніх траваў складаюць 2575 гектараў. Зялёная маса будзе выкарыстана на падкормку жывёлы, нарыхтоўку сіласу і сенажу. Для атрымання дадатковай зялёнай масы плануецца правесці сяўбу прамежкавых культур на плошчы 887 гектараў, таксама для правядзення перазалужэння трэба пасеяць 2193 гектары покрыўных кармавых культур. Цяпер гаспадаркі раёна ажыццяўляюць падкормку траваў.

Для павелічэння вытворчасці кармоў і расліннага бялку гаспадаркі пераходзяць на адна- і двухгадовае выкарыстанне канюшыны і люцэрны. У сёлетніх планах – падсеяць 3570 гектараў шматгадовых траваў, сярод якіх 938 гектараў люцэрны, перазалужыць 3305 гектараў лугавых угоддзяў.

Усё гэта дазволіць вырасціць дастатковы аб’ём кармоў, аднак іх  ураджай неабходна яшчэ і якасна сабраць. Для гэтага ў гаспадарках раёна ёсць 36 кормаўборачных камбайнаў, у тым ліку 21 магутны комплекс. На сёння гатоўнасць кормаўборачнай тэхнікі складае 56 %. Ёсць праблемы ў КСУПаў “Вензавец”, “Слава працы”, “Дварэц-Агра”. Работы па рамонце кормаўборачнай тэхнікі прадаўжаюцца. Райвыканкам аказаў дапамогу сельгасвытворцам на набыццё запасных частак на 200 тысяч рублёў. Вялікая ўвага таксама надаецца набыццю новай кормаўборачнай тэхнікі.

Аб стане тэхнікі ў сваіх гаспадарках больш дэталёва расказалі кіраўнікі КСУП “Дварэц-Агра”, “Жукоўшчына”, “Вензавец”, “Слава працы”. Паколькі планавыя лічбы выкананы не поўнасцю, было прынята рашэнне абмеркаваць пытанне на рабочай нарадзе ў апошняй дэкадзе мая.

З дакладам па другім пытанні, якое стаяла на парадку дня, выступіла намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Жадзейка. Яна адзначыла, што аддзелам, установамі адукацыі, Цэнтрам па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый праведзена пэўная работа па рэалізацыі плана, зацверджанага рашэннем Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта ад 3 красавіка 2020 года № 190 па ліквідацыі парушэнняў і недахопаў, выяўленых міжведамаснымі групамі, створанымі Камітэтам дзяржкантролю, па выніках кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна па пытаннях камфортнага і бяспечнага знаходжання навучэнцаў.

За 2020 год з запланаваных 35 пунктаў выкананы 34, у 2021 годзе неабходна выканаць – 19. Сярод іх: капітальны рамонт з мадэрнізацыяй будынка сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава (патрабуецца замена станкоў і варштатаў у вучэбных майстэрнях); рамонт спартыўнай залы гімназіі; пешаходных дарожак, падыходаў да будынка ў Круцілавіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе; падыходаў да будынка, уездаў на тэрыторыю ў сярэдняй школе № 1 горада  Дзятлава. Сёлета 5 установаў раёна плануюць атрымаць заключэнні аб правядзенні абследавання будаўнічых канструкцый аб’екта з прыцягненнем спецыялізаванай арганізацыі. Трэба прадоўжыць работу па замене аконных блокаў у гімназіі. Ёсць патрэба ў набыцці школьнага аўтобуса.

Да 1 кастрычніка неабходна выканаць рамонт баскетбольнай пляцоўкі ў сярэдняй школе № 1 райцэнтра, баскетбольнай і валейбольнай пляцовак у Круцілавіцкім садзе-школе. Маюць патрэбу ў рамонце бегавых дарожак Хвінявіцкі сад-школа і Дварэцкая сярэдняя школа.

Да 20 снежня трэба вырабіць праектна-каштарысную дакументацыю па аб’ектах “рамонт даху будынка гімназіі”, “капітальны рамонт будынка з цеплавой рэабілітацыяй фасада і рамонтам даху Гезгалаўскай сярэдняй школы”.

Да 31 снежня плануецца забяспечыць выраб праектна-каштарыснай дакументацыі па аб’екце “мадэрнізацыя фасадаў з заменай аконных блокаў, капітальным рамонтам даху над харчблокам і спартзалай у Новаяльнянскай сярэдняй школе”.

Такім чынам, работа па выкананні патрабаванняў плана будзе прадоўжана ў 2021 годзе. Мяркуецца, што асноўнай крыніцай фінансавання будаўнічых работ будзе раённы бюджэт, часткова – пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця.

Андрэй Садоўскі падзякаваў педагогам раёна за актыўнае папаўненне імі фонду пазабюджэтных сродкаў, адзначыў, што толькі сёлета 200 гектараў маладога лесу пасадзілі менавіта работнікі сферы адукацыі. Аднак кіраўнік раёна заклікаў настаўнікаў праявіць большую актыўнасць у дзейнасці па атрыманні грантаў.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga