Не шануеш лес – давядзецца плаціць

Важнае Грамадства

Перад надыходам устойлівага цёплага надвор’я дзяржаўная лясная ахова Дзятлаўскага лясгаса праводзіць мерапрыемствы па кантролі за выкананнем ляснога і прыродаахоўнага заканадаўства.

З 1 сакавіка набыў сілу абноўлены Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Змяненні ў ім закранулі ў тым ліку і артыкулы, якія прадугледжваюць пакаранне за парушэнні ў сферы лесакарыстання. Гэтай тэматыцы прысвечаны раздзел № 16 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях – “Адміністрацыйныя правапарушэнні супраць экалагічнай бяспекі, навакольнага асяроддзя і парадку прыродакарыстання”.

Па-ранейшаму нельга спальваць сухую траву, папярэдне не сабраўшы яе ў кучу і не выканаўшы ўсе патрабаванні правілаў пажарнай бяспекі. Гэта адно з небяспечных парушэнняў, якія фіксуюцца вясной. За гэта можна атрымаць штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічыняў (ад 290 да 870 рублёў).

Акрамя штрафу, прыйдзецца яшчэ пакрыць шкоду, нанесеную прыродзе. Спецыялісты запэўніваюць: попел, які застаўся пасля спальвання травы, ніяк не ўплывае на паляпшэнне якасці глебы. У той жа час агонь пашкоджвае маладыя парасткі травы, знішчае пупышкі і насенне раслін, гінуць карысныя мікраарганізмы, насякомыя, чарвякі. У выніку выпальванняў ёсць рызыка ўзнікнення буйных пажараў і нават гібелі людзей па неасцярожнасці.

За развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах або з парушэннямі правілаў пажарнай бяспекі таксама прадугледжаны штраф. Напрыклад, калі рабіць гэта паблізу лесу ці тарфянікаў, можна атрымаць штраф да 12 базавых велічыняў (да 348 рублёў). А калі ваша вогнішча нанесла шкоду прыродзе – да 30 базавых велічыняў (да 870 рублёў).

Гатаваць ежу на мангале ў лясах не забараняецца, але толькі ў перыяд, калі не дзейнічае забарона на наведванне лясоў, і ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах з выкананнем усіх патрабаванняў.

Паводле статыстыкі, найбольш частыя парушэнні, якія здзяйсняюць людзі на адпачынку, – развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах, мыццё і стаянка транспартных сродкаў па-за ўстаноўленых месцаў, несанкцыяванае выкідванне адходаў, пашкоджанне і знішчэнне насаджэнняў.

Калі пасля пікніка вы не прыбралі пасля сябе смецце, то рызыкуеце пазбавіцца 290 рублёў.

За незаконнае высяканне, значнае пашкоджанне або знішчэнне драўнінна-хмызняковай расліннасці прадугледжаны штраф у памеры ад 5 да 30 базавых велічыняў (ад 145 да 870 рублёў) у залежнасці ад размяшчэння лесу і яго статусу – прыродаахоўны, рэкрэацыйна-аздараўленчы, ахоўны і г. д.

Дзятлаўскі лясгас заклікае грамадзян пры знаходжанні ў лесе выконваць патрабаванні ляснога заканадаўства. У выпадку выяўлення супрацьпраўных дзеянняў – паведамляць у Дзятлаўскі лясгас па тэлефоне 6-10-70.

Міхаіл КАРЭНКА,
інжынер па ахове і абароне лесу Дзятлаўскага лясгаса