Моцны імунітэт з дзяцінства

Грамадства Свежыя навіны

Доктар-педыятр (інтэрн) Дзятлаўскай ЦРБ Вікторыя Тыць дала некалькі парадаў аб тым, як палепшыць імунітэт дзіцяці:

‒ Па-першае, правільны штодзённы рацыён. Давайце дзіцяці менш прадуктаў з высокім утрыманнем тлушчу і цукру, а больш ‒ малочных прадуктаў, мяса, садавіны, агародніны, ягад і зеляніны. У зімовы час можна набываць аскарбінавую кіслату ў аптэцы. Не лішнімі будуць арэхі і сухафрукты, а таксама часнок, цыбуля, імбір і мёд (калі на іх няма алергіі).

Па-другое, пры падрыхтоўцы страў лепш выкарыстоўваць зберагальны рэжым тэрмічнай апрацоўкі: варыць, гатаваць на пары, запякаць у духоўцы. Кансерваваных прадуктаў лепш пазбягаць зусім.

Па-трэцяе, прызвычайце дзіця да кантраснага душу, прагулак пры любым надвор’і і ранішняй зарадкі. Змена тэмператур і пагодных умоў, а таксама фізкультура паляпшаюць імунныя працэсы ў арганізме.

Па-чацвёртае, дзіцяці варта піць больш вадкасці. Гэта можа быць як вада, так і чай, настоі, адвары і морсы на аснове аптэчнага рамонку, эхінацэі, лімонніка і іншых карысных траў.

І, нарэшце, пятае: абавязкова прышчапляйцеся, выконвайце рэкамендацыі дактароў, пры неабходнасці кансультуйцеся з алерголагам і імунолагам.

Марыя ПАПОВА