Марыя Слушко – чалавек года

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Яна магла стаць выдатнай старшынёй сельскагаспадарчага прадпрыемства.

Прапановы ўзначаліць гаспадаркі раёна або працаваць у сельгасупраўленні жанчына не раз атрымлівала за сваю працоўную дзейнасць. Але засталася вернай свайму жыццёваму выбару і роднаму КСУП “Хвінявічы”. Сёння галоўны заатэхнік гаспадаркі Марыя Слушко – чалавек года Гродзенскай вобласці. З высокай узнагародай калегу павіншаваў кіраўнік гаспадаркі Мікалай Бубноўскі.

Ад каранёў

Пра тое, што звяжа сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, Марыя Слушко ведала заўжды. А як магло быць іначай? Яна нарадзілася ў самых жывапісных мясцінах Дзятлаўшчыны – Ліпічанскай пушчы. Затым сям’я пераехала ў Яблыньку, край грыбоў, ягад і доўгажыхароў, дзе людзі жывуць і працуюць з любоўю да зямлі.

– Кожны любіць свой куточак, а я лічу яго лепшым месцам на зямлі, – прызнаецца жанчына.

Ідучы ў прафесію заатэхніка, абітурыентка ўжо завочна ведала яе. Дапамог вопыт бацькоў-жывёлаводаў, а таксама прыклад сястры, якая ў маладым узросце была ўзнагароджана ордэнам Працоўнай Славы, стала героем працы. Разам з ёю Марыя асвойвала жывёлагадоўлю, даведвалася новыя пароды сельскагаспадарчых жывёл, вучылася сельскагаспадарчым справам.

Пасля заканчэння Гродзенскага аграрнага інстытута выпускніца прыехала працаваць на радзіму. Самы першы працоўны дзень вызначыў курс, па якім яна ідзе дагэтуль.

– У майстэрні гаспадаркі была першая ў маім жыцці разнарадка, – успамінае Марыя Слушко. – Ніколі не забудуся словы з плаката, які ўпрыгожваў сцяну памяшкання: “Жыць на зямлі і быць гаспадаром, сапраўдным, мудрым, руплівым, – далёка не тое самае”. Заўжды помню іх, стараюся не проста жыць на зямлі, а прыносіць карысць.

Работа ў радасць

У гаспадарку малады спецыяліст прыйшла пасля вучобы разам з мужам. Пачынала заатэхнікам-селекцыянерам, паказала сябе як граматны спецыяліст. Яе клопаты і нераўнадушша былі заўважаны, і ў хуткім часе жанчына атрымала пасаду галоўнага заатэхніка, якую нязменна займае амаль тры дзесяцігоддзі. Як тады, так і цяпер Марыя Слушко працуе шчыра, аддана, з любоўю да справы і да людзей. Жанчына ўпэўнена, што поспех любога сельгаспрадпрыемства – у энтузіязме яго работнікаў.

– Мы перажылі 90-я гады, калі было сапраўды складана працаваць, выстаялі, не збеглі ад сваёй працы, пайшлі далей. Дзякуючы гэтаму сёння гаспадарка развіваецца: працуем на сучасным абсталяванні, па новых тэхналогіях, – кажа галоўны заатэхнік. – Ды і як можа кепска працаваць прадпрыемства, дзе любая даярка ведае сваю кароўку па мянушцы, разумее, што ад якасці надоенага малака залежыць яе дабрабыт; дзе механізатара не загнаць у санаторый па “гарачай” пуцёўцы, бо ў гаспадарцы ідзе пасяўная кампанія, дзе ён патрэбны?.. Такія людзі ўнікальныя, на іх трымаецца ўсё.

Марыя Сяргееўна прызнаецца, што сама мае маленькія слабасці ў сваёй працы: ёсць у яе сярод жывёл гаспадаркі свае любімцы, за якіх перажывае асабліва. Калгасным каровам, якія пазначаны ў статку толькі нумарамі, любіць даваць мілагучныя мянушкі.

Як і кожная гаспадарка, КСУП “Хвінявічы” ідзе ў нагу з часам: спрадвечныя традыцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі, узятыя ад папярэдніх пакаленняў,

набываюць сучаснае ўвасабленне. Ва ўсе сферы сельскай гаспадаркі трывала ўвайшлі камп’ютары і сучасныя агрэгаты, таму Марыя Сяргееўна, як і ўсе яе калегі, нямала часу прысвячае самаадукацыі, вывучэнню новых тэхналогій, за якімі, па яе меркаванні, будучыня. Амаль штогод яна разам з калегамі з сельгаспрадпрыемства наведвае рэспубліканскую выставу “Белагра”, адкуль хвінявіцкія жывёлаводы ніколі не вяртаюцца без прызоў. А сама гаспадарка стабільна трымаецца “на плаву”, ад году ў год павышаючы вытворчыя паказчыкі.

Адной з грунтоўных інавацый, якія змянілі жыццё КСУП “Хвінявічы” да лепшага, спецыяліст лічыць будаўніцтва малочнатаварных комплексаў-тысячнікаў, якія сталі камфортнымі для работнікаў і дазволілі павысіць якасць сельгаспрадукцыі. Марыя Слушко спадзяецца, што ў будучыні ў КСУП “Хвінявічы” з’явіцца яшчэ адзін, тым больш што і месца прыдатнае ёсць.

Шчасце

– Я вельмі шчаслівы чалавек, – за час нашай размовы не раз паўтарае гераіня аповеду.

У Марыі Слушко ёсць любімая праца, каханы муж, дарослыя дзеці, у якіх усё склалася ў жыцці, унукі, за якіх можна парадавацца.

Разам з мужам Мікалаем Генадзьевічам яны не расстаюцца са студэнцкіх часоў. Тады нарадзілася іх прыгожае ўзаемнае пачуццё. Праз некаторы час яны, аднакурснікі і аднадумцы, стварылі сям’ю, прыехалі працаваць у наш раён.

Мікалай Генадзьевіч родам са Шчучынскага раёна, але Дзятлаўшчына для яго стала другім домам. У КСУП “Хвінявічы” яны працуюць ад першага дня і да сённяшняга, заўжды разам. Мікалай Слушко працаваў у “Хвінявічах” галоўным заатэхнікам, намеснікам старшыні, сёння ён узначальвае малочнатаварную ферму “Парэчча”. Штодзень ён жыве не толькі сваімі справамі, але і клопатамі пра любімую жонку.

– Мне сапраўды пашанцавала працаваць разам з мужам у адной гаспадарцы, – кажа жанчына. – Я вельмі ўдзячна свайму блізкаму чалавеку за тое, што атуляе мяне клопатам і падтрымкай. Ні на працы, ні дома, мы нічога не робім, не параіўшыся адзін з адным.

За лёс дачушак, якія ўжо даўно разляцеліся з бацькоўскага дома, Марыя Сяргееўна спакойная, бо выхоўвалі іх у паўсядзённай сялянскай працы, якой самі бацькі ніколі не цураліся, выхоўвалі па сваім прыкладзе.

Уладальніца высокага звання “Чалавек года Гродзенскай вобласці” Марыя Слушко – высокакласны спецыяліст, добры, спагадлівы чалавек. Ёй ганарыцца не толькі КСУП “Хвінявічы”, але і ўся Дзятлаўшчына. Марыя Сяргееўна была дэлегатам V Усебеларускага народнага сходу, удзельнічала ў выбары кірунку развіцця нашай краіны. У Год народнага адзінства жанчына выказала сваё бачанне таго, што нас аб’ядноўвае:

– І даўней, і цяпер людзей яднае сумесная праца, імкненне да высокіх вынікаў, перажыванне за дабрабыт уласнага прадпрыемства, роднай зямлі, свайго народа.

Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара, з архіва газеты “Перамога”, з уласнага архіва Марыі Слушко



Теги: