Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

З 5 па 11 красавіка ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 73 паведамленні, 3 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 24 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 46 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 30 правапарушальнікаў, узбуджана 4 крымінальныя справы.

“Пачысцілі” карт-рахунак

Вечарам 6 красавіка невядомы інтэрнэт-злачынца скраў 440 рублёў з карткі ААТ “Беларусбанк” у жыхаркі Казлоўшчынскага сельсавета. Узбуджана крымінальная справа.

Па матацыклы – у суседнюю вёску

На пенсіянера-вяскоўца з нашага раёна ўзбуджана крымінальная справа. Мужчына з лета 2017 года да цяперашняга часу наведваўся ў гаспадарчую пабудову адной з дач у суседняй вёсцы. Адтуль ён скраў два матацыклы і матацыклетную каляску, чым нанёс гаспадару матэрыяльны ўрон на суму 2300 рублёў. За гэта злодзею давядзецца адказваць перад судом.

Здарэнні ў сельгаспрадпрыемствах

На мінулым тыдні за парушэнне парадку захоўвання лому чорных металаў у чатырох гаспадарках раёна супрацоўнікамі групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі на адказных работнікаў былі складзены чатыры адміністрацыйныя пратаколы.

Уладзімір СВЯТОХА,
часова выконваючы абавязкі начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама