Два дні – і лён пасеяны

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

На полі КСУП “Дварэц-Агра” завершаны пасеў лёну. За два дні аграрыі гаспадаркі засеялі 60 гектараў двума гатункамі: 17 – “Гранд” першай рэпрадукцыі, 43 – “Лада” другой рэпрадукцыі.

У сяўбе культуры прымаў удзел механізатар Анатоль Апанасік, які працаваў на трактары МТЗ-82 з сеялкай СПУ-6Л. Таксама ён уносіў цвёрдыя мінеральныя ўгнаенні з дапамогай раскідвальніка КУН. Перад тым як першае насенне лёну апынулася ў глебе, праводзілася перадпасяўная культывацыя, якую ажыццяўляў працаўнік поля Мікалай Кіслы на трактары МТЗ-1221 з культыватарам КПС-6. Ён жа займаўся перадпасяўной апрацоўкай глебы камбінаваным агрэгатам АКШ-6. Супрацоўнікі Дзятлаўскага райвыканкама таксама прынялі ўдзел у сельскагаспадарчых работах: дапамагалі аграрыям збіраць на полі камяні.

У гаспадарцы завяршылася другая падкормка азімых рапсу і збожжавых культур, уносяцца цвёрдыя арганічныя ўгнаенні пад сяўбу кукурузы. Плануецца хімічная праполка азімых збожжавых культур. У хуткім часе механізатары пачнуць сяўбу аднагадовых траў, кукурузы, пасадку бульбы.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ