Ці прыносіць штучныя кветкі на могілкі?

Важнае Грамадства

Набліжаецца Радаўніца, і вернікі наводзяць парадак на могілках: выдаляюць леташнюю траву, чысцяць помнікі, абнаўляюць букеты.

Многія пры гэтым аддаюць перавагу штучным кветкам. Паразважаць, наколькі гэта правільна, нас заклікала жыхарка горада Дзятлава, якая даслала пісьмо ў рэдакцыю. Да грамадcкага дыялога мы вырашылі запрасіць яшчэ некалькі землякоў і спецыяліста.

Валянціна Кушаль, аўтар пісьма:

На Радаўніцу мы наведваем магілы блізкіх, каб павіншаваць іх з Уваскрэсеннем Хрыстовым. З чым мы да іх прыходзім? Кожны год разважаю, ці трэба прыносіць штучныя кветкі. Якая ад іх карысць? Памерлым патрэбны нашы малітвы, прыстойнае жыццё па Запаведзях Божых, ахвяраванні за іх душы. Напярэдадні Вялікага посту ў царкве служыцца мясапусная бацькоўская памінальная субота, у сам пост такія суботы служацца тры разы запар. Паклаўшы руку на сэрца, давайце прызнаемся, ці ўзгадалі мы сваіх спачылых у гэтыя дні. Як адзначаем іх імяніны, дні нараджэння, смерці? А памерлым так патрэбна наша малітоўная памяць. Яны прыходзяць да нас у снах, просяць есці, значыць, нашых малітваў, ахвяраванняў за іх несмяротныя душы.

Штучныя кветкі і вянкі не доўга ўпрыгожваюць дарагія магілы, а потым становяцца небяспечным смеццем, якое забруджвае навакольнае асяроддзе. Калі дзялюся сваімі роздумамі са знаёмымі, яны згаджаюцца, але дадаюць: “А што скажуць людзі, калі не аздобім гэтай “прыгажосцю” магілкі родных?”. Я ж лічу, што рабіць трэба не як усе, а разумна. Прынесці можна жывыя кветкі і вяночкі. Калі яны завянуць, то ў зямлю пойдуць і зямлёй стануць. А калі мы рэдка бываем на магілках, то найлепш, каб там проста была чысціня. Чула, што ў некаторых рэгіёнах Беларусі забаронена прыносіць штучныя кветкі на могілкі.

Дзмітрый Балькоўскі, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

– Напярэдадні Радаўніцы пластыкавымі кветкамі будуць перапоўнены ўсе кірмашы, затым і месцы пахаванняў. Аднак такія “ўпрыгажэнні” – сапраўдная экалагічная катастрофа. Здавалася б бяскрыўдныя пластыкавыя кветкі наносяць шкоду прыродзе і здароўю чалавека, а распадацца яны будуць больш за 100 гадоў. Іх спальванне таксама не выхад: у навакольнае асяроддзе вылучаюцца цяжкія металы і дыяксіны, якія негатыўна ўздзейнічаюць на здароўе людзей, асабліва дзяцей. На жаль, маштабы шкоды разумеюць не ўсе. У наш час пластыкавыя адходы пераважна паддаюцца перапрацоўцы, а вось штучныя кветкі і вянкі з аб’ектаў пахавання маюць змешаны склад: пластмаса, сінтэтычныя матэрыялы, апрацаваныя хімічнымі рэчывамі для надання стойкасці і пластычнасці, метал, заліты ў пластмасу, які цяжка вылучыць. Таму для штучных пахавальных упрыгожванняў пакуль няма метадаў перапрацоўкі, адзіным спосабам абыходжання з імі з’яўляецца вываз на палігоны цвёрдых камунальных адходаў. Кожны год у нашай вобласці вывозяць больш за 1,5 тысячы тон такіх адходаў. Таму я заклікаю дзятлаўчан быць неабыякавымі да ўзнятай экалагічнай праблемы. Лепш прыносіць на могілкі жывыя букеты, пасадзіць там шматгадовыя кветкі або вечназялёныя хвойныя кусты ці пасеяць газонную траву. Паверце, эстэтычны вынік парадуе не менш.

Людміла Цюленіна, жыхарка вёскі Краглі:

– Лічу, што несці пластыкавыя букеты на магілкі родных не варта, бо гэта “хімія”, нават калі пасля заканчэння “веку службы” іх спаліць, шкоды для навакольнага асяроддзя будзе не менш. Беларусь пачынае пераходзіць на экалагічныя электрамабілі, адмаўляецца ад пластыкавага посуду і ўпакоўкі, чаму б нам не адмовіцца ад шкодных пластыкавых кветак? Мяркую, рана ці позна грамадства прыйдзе і да гэтага: калі не мы з вамі, то нашы дзеці і ўнукі. А прынесці на месцы пахаванняў можна жывыя букеты ці саджанцы. Сама я люблю вырошчваць кветкі на прысядзібным участку, у сезон у любы момант магу скласці “жывы букет”. Большасць жыхароў раёна таксама маюць такую магчымасць. Экалогіяй цікаўлюся даўно: працую ў Жукоўшчынскай бібліятэцы і рэалізоўваю краязнаўча-экалагічны праект “Ад чыстага пасёлка – да зялёнай планеты”, у рамках якога з навучэнцамі мясцовай школы ладзім урокі-акцыі. Дзеці на такіх занятках вучацца берагчы прыроду і дапамагаць ёй.

Марыя Чараховіч, жыхарка Дзятлава:

– Я была б не супраць, каб штучныя кветкі адмянілі, але пакуль таксама нашу іх на могілкі. Люблю яркія, каляровыя. Звычайна для дачкі набываю чырвона-аранжавыя, а для мужа – блакітна-сінія. Раз на год, вясной, упрыгожваю імі магілкі аж да наступнага года. На дні нараджэння памерлых родных абавязкова прыношу жывыя букеты. Не перастаю маліцца за душы спачылых блізкіх людзей і наведваю храм. Сочым і за чысцінёй на пахаваннях, летам сын падкошвае траву, прашу яго зрабіць гэта нават каля суседніх участкаў, бо ўсе мы павінны рабіць добрыя справы.

Марыя Касіла, жыхарка Дзятлава:

– Хаджу на могілкі, нашу кветкі, наведваю храмы, пастаянна малюся і прывучаю да гэтага сваіх дзяцей і ўнукаў. Мой муж быў католікам, сама я і некаторыя памерлыя сваякі – праваслаўнай веры, таму службы заказваем як у касцёле, так і ў царкве. Люблю парадак і стараюся яго падтрымліваць на родных магілах. Вясной, пакуль яшчэ не зацвілі жывыя кветкі, нясу памерлым яркія рознакаляровыя штучныя букеты. Пазней – толькі жывыя, бо на ўчастку вырошчваю шмат рознай прыгажосці. Даглядаць за ёю мне дапамагаюць дзве дачкі. Я ўдзячна Богу за іх і за тое, што на ўсё дае сілы.

Ганна Жадзейка, жыхарка Дзятлава:

– Мы пастаянна падтрымліваем парадак на могілках: убіраем на пахаваннях, прыносім кветкі, заказваем імшу. Я каталічка, таму гэтай вясной пасля Вялікадня ўжо там прыбраліся. Штучныя букеты таксама адвезлі, мне падабаюцца светлыя колеры: белыя, жоўтыя. Шмат на прысядзібным участку і сваіх кветак. Свежыя букеты з іх не забываем прыносіць на дні нараджэння памерлых родных, абавязкова ходзім у гэтыя дні ў касцёл. Я ўпэўнена, што ўсім нам абавязкова трэба памятаць спачылых сваякоў, маліцца за іх несмяротныя душы, вучыць гэтаму маладое пакаленне. Я ўпэўнена, што гэта самае важнае, а кветкі – даніна павагі ім.

Ірына СТЫРНІК