“Алмаз” бліснуў двойчы! (+відэа)

Галоўнае Свежыя навіны Спорт і турызм

На Дзятлаўшчыне ўшанавалі каманду-пераможцу рэспубліканскага фіналу па хакеі “Залатая шайба-2021” сярод дзяцей і падлеткаў на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Урачыстае мерапрыемства з гэтай нагоды прайшло ў сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава, дзе пераможцаў павіншавалі прадстаўнікі раённай улады, настаўнікі, бацькі, сябры.

– 25 сакавіка 2021 года ў спаборніцтвах за першае месца ў малодшай узроставай групе хакеісты з горада Дзятлава былі мацнейшыя за сваіх сапернікаў. Вынік – кубак Пераможцаў, – нагадала нядаўнія падзеі вядучая сустрэчы Наталля Маліноўская. – А 4 красавіка балельшчыкі Дзятлаўшчыны сачылі за гульнёй старшай узроставай групы каманды “Алмаз”, дзе дзятлаўчане не менш упэўнена атрымалі перамогу.

З гэтай нагоды першымі для ўшанавання на сцэну запрасілі хакеістаў старшай узроставай групы “Алмаза” з трэнерам Аляксеем Петрыкевічам.

Пераможцаў павітаў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі:

– Кажуць, што снарад не б’е ў адну варонку, але дзятлаўскі “Алмаз” даказаў адваротнае: рэспубліканскімі пераможцамі “Залатой шайбы-2021” сталі ў адзін год і малодшая, і старшая ўзроставая групы нашых хакеістаў. Многія землякі не сумняваліся ў юных спартсменах: чакалі ад іх самых высокіх вынікаў. Вы апраўдалі спадзяванні землякоў, і сёння з пажаданнямі далейшых поспехаў я ўручаю вам самыя высокія ўзнагароды раёна.

Андрэй Садоўскі ўручыў Ганаровую грамату Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта трэнеру спартсменаў Аляксею Петрыкевічу. Падзячныя лісты райвыканкама і грашовыя прызы атрымалі ўсе члены старшай узроставай групы “Алмаза”.

На гэтым прыемныя сюрпрызы для рэспубліканскіх пераможцаў не скончыліся. Старшыня раённага прафсаюзнага камітэта работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак адзначыў высокі клас дзятлаўскіх хакеістаў, павіншаваў чэмпіёнаў з перамогай і ўручыў ім канцылярскія прыналежнасці.

Арыгінальныя памятныя прызы з надпісам-крычалкай: “Алмаз-чэмпіён!” рэспубліканскім пераможцам перадала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

Нягледзячы на тое, што зусім нядаўна словы віншаванняў ужо прагучалі для малодшай узроставай групы хакейнай каманды “Алмаз”, у гэты дзень юных спартсменаў разам з трэнерам Дзмітрыем Ёдам таксама запрасілі на сцэну.

Іх павіншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі:

– Упэўнены, хлопцы, што гэта не апошняя ваша перамога, тым больш, што вам ёсць з каго браць прыклад. У вас мэтанакіраваны, моцны духам трэнер – Дзмітрый Казіміравіч, які аддае ўсе сілы для таго, каб вы навучыліся перамагаць.

Аляксандр Бараноўскі ўручыў Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў Дзмітрыю Ёду, Падзячныя лісты – хакеістам малодшай узроставай групы.

Шмат віншаванняў і словаў падзякі ў гэты дзень прагучала на адрас бацькоў хакеістаў, бо іх падтрымка таксама лягла ў аснову сёлетняй перамогі дзятлаўчан у рэспубліканскім фінале “Залатой шайбы”.

Музычныя падарункі для чэмпіёнаў і ўдзельнікаў урачыстасці прагучалі ад Івана Кашко, Кірыла Дзянісіка з гімназіі № 1 горада Дзятлава, вакальнай групы сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.

Цікава было даведацца пра ўражанні спартсменаў і іх бацькоў ад двайной перамогі ў рэспубліканскім фінале спаборніцтваў “Залатая шайба-2021”.

Іван Губко, капітан хакейнай каманды “Алмаз”:

– Наша каманда даўно гуляе ў хакей. У 2019 годзе мы ўжо заваёўвалі рэспубліканскую перамогу “Залатой шайбы”. Сёлетнія спаборніцтвы аказаліся больш складанымі, тым не менш, мы пераадолелі ўсе цяжкасці і дабіліся перамогі. Дзякуй нашым трэнерам, якія ўсялялі ў нас надзею і вялі да гэтай вяршыні. Дзякуем і балельшчыкам, што не падвялі, прыехалі ў Мінск, нягледзячы на занятасць, падтрымалі маральна.

Святлана Урбан, мама хакеіста Яраслава Урбана:

– Я адчуваю вялікі гонар, бо прысутнічаю на ўшанаванні хакеістаў Дзятлаўшчыны. Гэта ўнікальная перамога, беспрэцэдэнтны выпадак, калі ў адзін год і старшая, і малодшая ўзроставыя групы “Алмаза” атрымалі перамогу ў рэспубліканскіх спаборніцтвах “Залатая шайба”. Безумоўна, гэтага дасягнення не было б, калі б побач з нашымі дзецьмі не знаходзіліся іх настаўнікі – трэнеры, якіх па-сапраўднаму можна назваць Людзьмі з вялікай літары. Ад імя ўсіх бацькоў і нашых сыноў-чэмпіёнаў я ўдзячна Аляксею Валер’евічу Петрыкевічу і Дзмітрыю Казіміравічу Ёду, дзякуючы якім адбылася гэта вялікая перамога. Бясспрэчна, значную ролю ў гэтым сыгралі і балельшчыкі, якія прысутнічалі на ўсіх спаборніцтвах. Нашым хакеістам было лёгка таму, што за сваімі плячамі яны адчувалі падтрымку бацькоў, сяброў, настаўнікаў. Я таксама знаходжуся тут не толькі як шчаслівая мама, але і як шчаслівая настаўніца: у маіх класах шмат чэмпіёнаў.

Усім хлопчыкам, якія будуць прыходзіць у хакей, я жадаю быць падобнымі да нашых дзяцей і іх трэнераў, бо толькі дзякуючы ўласнаму прыкладу нашы трэнеры прадэманстравалі, што дзеці з невялікага горада Дзятлава могуць паказаць сябе не толькі на абласных спаборніцтвах, але зрабіць так, каб іх імёны прагучалі на ўсю рэспубліку.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ