З Адзінага дня інфармавання насельніцтва. Якой быць Канстытуцыі і як развівацца рэгіёну?

Галоўнае Улада

18 сакавіка ў раёне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

Працавала некалькі груп. Інфармацыйна-прапагандысцкая група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага ў Дзятлаве сустрэлася з працоўным калектывам Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Абмеркавалі тэмы: “15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”, “Аб пажарнай бяспецы”, “Прафілактыка злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій і звязаных з незаконным авалоданнем рэквізітамі банкаўскіх картак і крадзяжом грашовых сродкаў з карт-рахункаў”, таксама кіраўнік раёна падзяліўся ўражаннямі ад удзелу ў VI Усебеларускім народным сходзе, расказаў, як у бліжэйшую пяцігодку будзе развівацца наш рэгіён.

Аб тым, што дзеючая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была зацверджана 15 сакавіка 1994 года, прысутным нагадаў намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Васіль Шыцько. На рэспубліканскіх рэферэндумах 1996 і 2004 гадоў у яе былі ўнесены змяненні і дапаўненні. Больш за чвэрць стагоддзя, грунтуючыся на Канстытуцыі, Беларусь развіваецца як дэмакратычная сацыяльна-прававая дзяржава, якая мацуецца на прынцыпах сацыяльнай справядлівасці, дзе за літарай Асноўнага Закона стаіць чалавек як вышэйшая каштоўнасць. Адзінства беларускага народа ўвасабляе Прэзідэнт, з’яўляючыся гарантам Канстытуцыі, правоў і свабодаў чалавека, адначасова – арбітрам над галінамі ўлады.

Час не стаіць на месцы – надышла пара распрацаваць новую Канстытуцыю. Як зазначыў Прэзідэнт, “важна, каб яна адпавядала тым рэаліям, якія складваюцца ў нашай дзяржаве”. Для выяўлення пазіцыі беларусаў наконт магчымых змяненняў ва ўсіх рэгіёнах ладзяцца дыялогавыя пляцоўкі. Аднак Аляксандр Лукашэнка цвёрда ўпэўнены, што наша краіна павінна заставацца прэзідэнцкай рэспублікай, неаднаразова ён адзначаў, што ўнутраная палітыка Беларусі – гэта справа выключна самой Беларусі. Ніхто, акрамя беларускага народа, не можа вырашаць, як нам жыць, развівацца, якія законы прымаць.

Аб тым, што на Дзятлаўшчыне складваецца неспрыяльная сітуацыя з пажарамі, расказаў начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык. Літаральна за папярэднія суткі ў раёне адбыўся шосты з пачатку года пажар, які забраў жыцці двух чалавек, а ўсяго сёлета загінула ўжо трое. У большасці выпадкаў галоўнай прычынай трагедый становіцца неасцярожнае абыходжанне з агнём. Сяргей Сяргеевіч папрасіў прысутных нагадаць пажылым сваякам правілы эксплуатацыі печак і распальвання вогнішча, папярэдзіў аб забароне палаў сухой расліннасці, заклікаў у жылых пакоях устанавіць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі і карыстацца мабільным дадаткам МНС “Дапамога побач”.

Аб тым, што інтэрнэт-махляры часта мяняюць схемы падману, папярэдзіў начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Біль. Сярод новых спосабаў даведацца рэквізіты трымальнікаў банкаўскіх картак – просьбы пераходзіць па спасылках. Па-ранейшаму на мабільны ці ў “вайберы” з выкарыстаннем сімволікі банка дзятлаўчанам тэлефануюць “банкаўскія работнікі” – увагу трэба звяртаць на першыя лічбы коду званкоў, як правіла, паступаюць яны з-за мяжы. Сустракаюцца нядобрасумленныя пакупнікі на сайце “Куфар”: пытаюцца рэквізіты карткі, каб паслаць грошы, а самі “чысцяць” рахунак. Летась колькасць інтэрнэт-падманаў значна павялічылася, амаль кожны тыдзень ёсць пацярпелыя і цяпер.

Узгадваючы пра падзеі VI Усебеларускага народнага сходу, Андрэй Садоўскі, які ўзначальваў дэлегацыю нашага раёна, падкрэсліў, што на форуме былі абазначаны асноўныя кірункі развіцця беларускай эканомікі на бліжэйшую пяцігодку. Сярод іх: імпартазамяшчэнне, інавацыі, развіццё ўжо створаных паспяховых вытворчасцяў. Эканоміка Беларусі па-ранейшаму сацыяльна арыентаваная, яшчэ адзін курс – моцныя рэгіёны. Плануецца развіваць раённыя цэнтры, іх вытворчую базу на аснове мясцовай сыравіны. Што тычыцца Дзятлаўшчыны, то развіваць мы будзем нашы перапрацоўчыя прадпрыемствы, а таксама ствараць новыя. Так, прадоўжыць развівацца вытворчасць абутковых падэшваў для ўнутранага і знешняга рынкаў на польскім прадпрыемстве “Белсолес” у Дзятлаве. Фірма “ВиртаМедПродакшн” набыла адно з памяшканняў былога МПМК, дзе наладзіць вытворчасць вырабаў медыцынскага прызначэння. У былым цэху КСУП “Слава працы” плануецца перапрацоўваць мяса птушкі. У Наваельні пад вытворчыя ўчасткі для вырабу паліўных пялет выдзелены дзве пляцоўкі – Дзятлаўскаму і Навагрудскаму лясгасам. У Дзятлаве ўжо сёлета будзе пабудаваны 72-кватэрны жылы дом.

У 2020 годзе наш раён паспяхова працаваў па розных кірунках сацыяльна-эканамічнага развіцця, медыкі і работнікі культуры – у ліку абласных пераможцаў. Андрэй Садоўскі павіншаваў калектыў Цэнтра культуры з такім значным дасягненнем у няпросты год.

У гэты ж дзень з працоўным калектывам санаторыя “Радон” сустрэлася абласная інфармацыйна-прапагандысцкая група, якую ўзначальваў Барыс Казялкоў, старшыня Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў.

Ірына СТЫРНІК



Теги: