Як спрацавалі ідэолагі?

Важнае Улада

На Дзятлаўшчыне падвялі вынікі работы ідэалагічнага актыву раёна за 2020 год, акрэслілі задачы на 2021 год.

– У цэлым, задачы, пастаўленыя летась перад ідэалагічным актывам Дзятлаўшчыны выкананы, але грамадска-палітычная сітуацыя запатрабавала новыя падыходы ў рабоце, – зазначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольга Рагачова. – Увага была скіравана на ідэалагічнае і інфармацыйнае забеспячэнне выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, святкаванне 75-годдзя Вялікай Перамогі, рэалізацыю мерапрыемстваў Года малой радзімы, іншых дзяржаўных і прафесійных святаў.

Ідэалагічнай работай у Дзятлаўскім раёне заняты 29 чалавек. Летась для іх арганізоўваліся курсы павышэння кваліфікацыі, праведзены семінары-вучобы, субяседаванне, такая работа будзе прадоўжана.

За мінулы год праведзена 11 сацыяльных апытанняў. Яны акрэслілі кола праблем, што хвалююць жыхароў раёна. Сярод асноўных задач на 2021 год – павялічыць колькасць сацыяльных даследаванняў і ахоп рэспандэнтаў, улічваць меркаванне насельніцтва, прымаць канструктыўныя рашэнні па актуальных пытаннях. На сістэмнай аснове неабходна праводзіць маніторынг маральна-псіхалагічнага клімату, грамадска-палітычнай сітуацыі ў калектывах.

Сёлета неабходна прадоўжыць вывучэнне праблемных пытанняў, распрацаваць план мерапрыемстваў па іх вырашэнні, забяспечыць тлумачальную работу: ладзіць сустрэчы ў калектывах, Адзіныя дні інфармавання, грамадскія прыёмныя, дыялогавыя пляцоўкі, даваць адказы праз сродкі масавай інфармацыі, укараняць новыя формы тлумачальнай работы ў першую чаргу з моладдзю.

Колькасць маладых людзей, якія былі задзейнічаны ў раённых грамадзянска-патрыятычных мерапрыемствах, летась склала 124 %, ахоп іх прафілактычнымі акцыямі – 85 %, студатрадаўскім рухам былі ахоплены 142 юныя жыхары раёна, валанцёрскім – 321 школьнік, моладзевым самакіраваннем – 1652 чалавекі. У 2021 годзе Гродна набыло статус моладзевай сталіцы – і рабоце з моладдзю сёлета будзе надавацца не менш увагі.

Асноўным сродкам інфармавання ў наш час з’яўляецца інтэрнэт, таму важна сачыць за развіццём сайтаў. З 67 арганізацый раёна яны ўжо ёсць у 41. Сёлета павінны стварыць астатнія і ажыццявіць інтэграцыю ў сацыяльныя сеткі.

У 2020 годзе галоўным крытэрыем эфектыўнасці грамадскіх арганізацый раёна былі актыўная дзейнасць па вырашэнні актуальных сацыяльных праблем насельніцтва і ўдзел у грамадска-палітычным жыцці. Раённыя аб’яднанні актыўна ўключыліся ў электаральную кампанію, патрыятычныя акцыі “За – Беларусь!”, мерапрыемствы па папярэджанні распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі: стваралі “касы ўзаемадапамогі”, дастаўлялі прадукты і лекі, падтрымлівалі медыкаў. Работа па далучэнні працоўных калектываў і насельніцтва да значных мерапрыемстваў сёлета прадоўжыцца.

Напрыканцы даклада Вольга Рагачова падзякавала ідэалагічнаму актыву раёна за плённую работу і падкрэсліла, што Год народнага адзінства павінен стаць адпраўной кропкай для рэалізацыі Дзяржпраграмы развіцця Беларусі да 2025 года, а таму трэба прыкласці максімум намаганняў для ажыццяўлення запланаваных мерапрыемстваў і задач.

Вынікамі ідэалагічнай работы ў сваіх калектывах і па месцы жыхарства падзяліліся спецыялісты раёна: старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых, вядучы спецыяліст КСУП “Хвінявічы” Ганна Федарэвіч.

Ролю прафсаюзных арганізацый у павышэнні якасці ідэалагічнай работы, згуртаванасці працоўнага калектыву і вырашэнні вытворчых задач патлумачыў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык.

Аб узаемадзеянні суб’ектаў прафілактыкі раёна з аддзелам унутраных спраў райвыканкама расказаў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Андрэй Юшкевіч.

Вынікі пасяджэння падвёў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч. Ён падкрэсліў, што мінулы год быў няпростым, у гэтым таксама давядзецца прадоўжыць барацьбу з пандэміяй, выяўляць і вырашаць праблемныя для жыхароў раёна пытанні, зацікаўліваць і замацоўваць у раёне моладзь, а паколькі сёлета Год народнага адзінства – скіраваць максімум намаганняў на кансалідацыю грамадства. Ігар Станіслававіч упэўнены, што зацікаўленасць кіраўнікоў арганізацый і спецыялістаў дапамогуць справіцца з пастаўленымі задачамі.

Прыемным момантам сустрэчы стала ўзнагароджанне лепшых па выніках леташняй работы, сярод іх Падзячным пісьмом Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адзначана галоўны спецыяліст аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў райвыканкама Станіслава Ганчар.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ



Теги: