Вясна прыйшла. А тэхніка гатова?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Сёлета другая палова студзеня і люты выдаліся вельмі марознымі і снежнымі.

Нават у сакавіку зіма была шчодрая на снег, які ніяк не хацеў “сыходзіць” з палёў нашага раёна. Аднак вясна ўсё ж такі прыйшла. З дня на дзень пачнецца актыўная фаза вясенне-палявых работ.

Ці гатова да іх тэхніка ў ААТ “Граніт-Агра”, расказаў галоўны інжынер прадпрыемства Андрэй Падліпскі:

– На сёння таварыства “Граніт-Агра” мае вытворчыя ўчасткі ў аграгарадках Круцілавічы і Белагурна, вёсцы Таркачы. Усяго ў гаспадарцы будзе працаваць 450 адзінак тэхнікі. Да правядзення вясенне-палявых работ (ворыва, культывацыі, падкормкі, унясення ўгнаенняў, сяўбы і іншага) уся лінейка тэхнікі гатова на 95%.

Кожная хвіліна ў полі на пасяўной сувымерная з зімовым тыднем. Таму вельмі важна, каб тэхніка адпрацавала дакладна і спраўна, як швейцарскі гадзіннік. Тут мы прытрымліваемся добрага правіла: наяўнасць сучаснай адладжанай тэхнікі – заклад вялікіх ураджаяў.

На працягу года мы апырскваем палі вадкімі мінеральнымі ўгнаеннямі. Цяпер ажыццяўляем нарыхтоўку арганічных угнаенняў, пачынаем уносіць цвёрдыя арганічныя і працягваем – цвёрдыя мінеральныя ўгнаенні.

Адным з першых, хто выйшаў у поле на рассейвальніку мінеральных угнаенняў (РМУ-8000), быў механізатар Іван Калодка. Да севу ранніх яравых культур хутка прыступіць малады, але ўжо вопытны механізатар ААТ “Граніт-Агра” Аляксей Лашкоўскі.

Сеяць мужчына будзе глебаапрацоўчым пасяўным агрэгатам АПП-6 АБ-Д на трактары вытворчасці 2020 года “Джон Дзір 8420”. Аляксей Пятровіч восем гадоў адпрацаваў на збожжаўборачным камбайне, сем – на пагрузчыку буракоў. Займаўся культывацыяй, унясеннем вадкіх арганічных угнаенняў, нарыхтоўкай арганічных угнаенняў, ворывам, сяўбой.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ