Сустрэчы з делегатамі

Важнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне прадаўжаюцца сустрэчы раённых дэлегатаў VI  Усебеларускага народнага сходу з актывам рэгіёна, працоўнымі калектывамі, моладзевай аўдыторыяй і насельніцтвам па месцы жыхарства.

Дэлегат Дзятлаўшчыны, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі сустрэўся з жыхарамі Парэцкага сельсавета. Ён расказаў аб многіх момантах форуму, найбольш падрабязна спыніўся на пытанні, якое хвалюе сельскіх жыхароў. Аляксандр Станіслававіч адзначыў, што тэма развіцця рэгіёнаў на сходзе таксама ўвайшла ў кола найбольш важных, бо моцныя рэгіёны робяць моцнай нашу краіну. На працягу новай пяцігодкі ў Беларусі плануецца актыўна развіваць малыя гарады і аграгарадкі, ствараць у іх умовы для замацавання кадраў і магчымасці для льготнага крэдытавання будаўніцтва жылля. Усё гэта павінна актыўней прывабліваць маладое пакаленне ў сельскую мясцовасць жыць і працаваць.

З працоўным калектывам Жукоўшчынскага дзіцячага  сада-базавай школы сустрэлася дэлегат Дзятлаўшчыны,  загадчыца Жукоўшчынскага фельчарска-акушэрскага пункта Ларыса Кучынская. Яна акцэнтавала ўвагу на галоўных прыярытэтах, якія вызначаны ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на пяцігодку: “Шчаслівая сям’я”, “Інтэлектуальная краіна”, “Моцныя рэгіёны”, “Дзяржава-партнёр”. Адзначыла, што пры іх рэалізацыі немалаважная роля па выхаванні ў моладзі патрыятызму, беражлівых адносінаў да гістарычнай спадчыны ўскладаецца на сістэму адукацыі.

Ларыса Віктараўна звярнула ўвагу і на канкрэтныя планы, якія будуць рэалізоўвацца ў Дзятлаўскім раёне для стварэння камфортных умоў у сельскай мясцовасці, арганізацыі даступнага медыцынскага абслугоўвання насельніцтва.

Напрыканцы размовы Ларыса Кучынская нагадала педагогам, што 2021 год абвешчаны Годам народнага адзінства і падкрэсліла, што Беларусь – моцная, квітнеючая, незалежная, камфортная для жыцця краіна. Адзінства, развіццё, незалежнасць, мір і згода ў грамадстве – вялікі набытак беларусаў. І надалей мы павінны любіць і берагчы нашу краіну, каб перадаць яе сваім дзецям і ўнукам.

Падрыхтавала да друку Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлены ўдзельнікамі сустрэч



Теги: