Спакой ці пашана: што патрэбна загінулым героям?

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Набліжаецца трагічная для беларусаў дата – васьмідзясятая гадавіна з пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

У часы ваенных падзей на нашай зямлі загінула шмат людзей – мірнага насельніцтва і ваеннаслужачых, месцы пахавання якіх ёсць на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна, але імёны гэтых людзей дагэтуль невядомыя. Да прыкладу, адзінокая салдацкая магіла ў лясным масіве паблізу вёскі Падвялікае Казлоўшчынскага сельскага савета.

Перад землякамі, жыхарамі раёна паўстае пытанне: пакінуць невядомых салдат мірна спачываць у адзіночных лясных магілах ці аддаць даніну памяці, перавёзшы іх у брацкае пахаванне? Шукаем адказ на яго разам.

Валянцін Абухаў, вядучы спецыяліст па сацыяльнай абароне і пенсійным забеспячэнні раённага ваеннага камісарыята:

– У баявых умовах не заўсёды была магчымасць пахаваць загінулых належным чынам, па хрысціянскім абрадзе. Найчасцей іх проста прысыпалі зямлёй непадалёк ад месца гібелі. У межах сваіх прафесійных функцый у ваенным камісарыяце і па загадзе сумлення я займаюся справай увекавечання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войн, вяду збор інфармацыі па няўлічаных пахаваннях вайскоўцаў і мірных жыхароў. З часу заканчэння Вялікай Айчыннай вайны мінула больш за 75 гадоў, але гісторыі многіх загінулых у раёне чырвонаармейцаў і мясцовых жыхароў застаюцца невядомымі для грамадскасці. “Не трэба іх турбаваць”, – лічаць мясцовыя жыхары і не дзеляцца вядомай ім інфармацыяй. А мы не можам ушанаваць памяць герояў, правёўшы ўрачыстае пахаванне. На карысць паўторнага пахавання ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны можна прыводзіць нямала аргументаў. Назаву хаця б некаторыя з іх. Па-першае, калі цела загінулага героя вайны будзе пакоіцца не ў непраходным лесе, за некалькі кіламетраў ад населенага пункта, а ў брацкай магіле, людзі змогуць прыйсці і пакланіцца яму, прынесці кветкі, ушанаваць памяць воіна-абаронцы. Па-другое, у час эксгумацыі і паўторнага пахавання могуць быць знойдзены асабістыя рэчы чалавека, імянныя капсулы, якія ў тыя часы насілі на сабе чырвонаармейцы. І “невядомаму” салдату будзе вернута імя, а яго нашчадкам – памяць аб героі, якога дагэтуль лічылі зніклым без вестак.

Вадзім Бялятка, старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама:

– Наконт эксгумацыі і пераносу астанкаў савецкіх салдат з адзіночных “безыменных” пахаванняў у брацкую магілу ў мяне ёсць аргументы “за” і “супраць”. Кажуць, яны пахаваныя без малітвы і пашаны ў ваенны час? Не складана даставіць на гэта месца святара і правесці хрысціянскі абрад за супакаенне душы. Акрамя таго, пры раскопках будуць перанесены косці загінулых, а прах чалавека, пахаванага не ў труне, а проста ў зямлі, застанецца на гэтым месцы. Атрымліваецца, што мы “дзелім” мёртвага на дзве палавіны. З іншага боку, сёння за пахаваннямі невядомых салдат даглядаюць мясцовыя жыхары, пераважна ва ўзросце. Ніхто не вечны, і з часам салдацкія магілы могуць апынуцца занядбанымі, чаго не адбудзецца з брацкімі магіламі ў тэрытарыяльных цэнтрах раёна.

Іаан Кісель, благачынны Дзятлаўскай царкоўнай акругі:

– Праваслаўная царква моліцца за ўсіх павадыроў і воінаў, якія жыццё сваё паклалі на полі бою за веру і Айчыну. Кожны год на тэрыторыі нашай епархіі, у склад якой уваходзяць тры раёны, знаходзяць астанкі салдат, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І царква для сябе лічыць свяшчэнным абавязкам здзейсніць абрад адпявання. Мы заўсёды адклікаемся на просьбы ваенных камісарыятаў і райвыканкамаў у вырашэнні гэтага пытання. Ёсць кананічная забарона на перапахаванне людзей, якія ўжо ляжаць у зямлі. Чалавека, які самастойна праводзіць такі абрад, могуць нават адлучыць ад царквы. Аднак у сітуацыі з воінамі мы гаворым не пра асабістыя справы і інтарэсы, а пра памяць народную – перанос астанкаў воінаў у свяшчэннае месца. Таму, на маю думку, такая працэдура неабходная і нават патрэбная.

Здзіслаў Пікула, ксёндз-пробашч касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве:

– У пахавальных абрадах святая Маці Касцёла згодна з традыцыямі не толькі даручае Богу памерлых, але і падмацоўвае надзею сваіх дзяцей і веру ў будучае ўваскрэсенне. Пры пахаванні сваіх братоў хрысціяне павінны старацца пацвердзіць сваю надзею на вечнае жыццё, аднак пры гэтым улічваць велікодныя звычаі дадзенага часу і пэўнага рэгіёна. Целы памерлых, якія з’яўляюцца святыняй Духа Святога, трэба ўшаноўваць, адкінуўшы марную пышнасць пахавання. Усіх людзей, каторыя шукаюць магілы безыменных салдат і прыводзяць іх у парадак, Бог за гэта ўзнагародзіць.

Леакадзія Яраш, жыхарка вёскі Падвялікае:

– У нас каля Падвялікага дзве невядомыя магілы часоў Вялікай Айчыннай вайны. Побач з мясцовымі могілкамі пахаваны салдат, які загінуў у сорак першым годзе ў час авіяналёту. А яшчэ адна магіла, больш позняя, у лесе, як па ягады ісці. Я думаю так, што людзі загінулі, знайшлі спачын на роднай, а не на чужой зямлі. Тут пра іх ведаюць і моляцца за іх. Не трэба іх турбаваць, няхай бы ўжо ляжалі спакойна.

Віктар Чумакоў, жыхар вёскі Дзянісава:

– На могілках у Падвялікім пахаваныя нашы родныя. Мясцовыя жыхары расказвалі, што ў адной з магілаў там спачывае невядомы салдат, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, там стаяў толькі крыж. Мы з жонкай кожны год, калі прыбіраем у сваіх, наводзім парадак і там, ставім вянок або кветкі. А як мянялі помнік на магіле сына гадоў з дзесяць таму, стары ўсталявалі на магіле салдата. Помнік паставілі з праваслаўным крыжам, хоць мы і не ведаем, якой веры і нацыянальнасці загінулы чалавек. Як асвячаюць на Радаўніцу могілкі, то запрашаем туды, бывае, і каталіцкага святара, каб памаліўся за яго. А колькі яшчэ невядомых загінулых салдат ляжыць у нашай зямлі! На маю думку, нават праз дзясяткі гадоў варта аддаць ім належную пашану, перанесці прах у брацкую магілу. А раптам пры раскопках знойдзецца жэтон або асабістыя рэчы, і замест “невядомага салдата” на магіле з’явіцца імя і прозвішча. Гэта будзе важным адкрыццём і для родных загінулага, і для землякоў, і для гісторыі.

Наталля АВЯРЧУК