Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Каму трэба мяняць жыццё да лепшага?

Важнае Здарэнні і бяспека

Адбылося чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18: разгледзелі вынікі двух сацыяльных расследаванняў, прызналі трох дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы, прааналізавалі выкананне сямі раней прынятых рашэнняў аб прызнанні непаўналетніх у сацыяльна ненадзейным становішчы, работа з сем’ямі прадоўжана.

Сітуацыя патрабуе кантролю

У сям’і, дзе гадуецца дзіця-інвалід, было праведзена сацыяльнае расследаванне, якое выявіла прыкметы недабрабыту. Трывожным званочкам, які падштурхнуў педагогаў да яго правядзення, стала алкагольнае ап’яненне маці. Хлопчык вучыцца дома, у час чарговага візіту настаўніца адчула, што ад жанчыны пахне алкаголем, яе падазрэнні пацвердзіліся. Сын таксама адчуў стан маці, пачаў хвалявацца, да яго давялося выклікаць медыкаў. У хлопчыка сур’ёзнае захворванне, і неабдуманыя паводзіны жанчыны негатыўна ўплываюць на яго здароўе. Як аказалася, маці не першы раз дазваляе сабе “зняць стрэс” з дапамогай спіртнога.

Спецыялісты службаў прафілактыкі сышліся ў меркаванні, што за сітуацыяй у сям’і неабходны кантроль. Члены каардынацыйнага савета прызналі хлопчыка ў сацыяльна ненадзейным становішчы. З сям’ёй будзе праводзіцца прафілактычная работа, ужо вырашана пытанне аб санаторным аздараўленні дзіцяці.

Медыкі забілі трывогу

Сацыяльнае расследаванне ў сям’і, дзе гадуюцца дзве маленькія дзяўчынкі, пачалося пасля звароту ў службы прафілактыкі медыцынскага работніка.

Як аказалася, малодшую дачку маці нарадзіла дома без медыцынскай дапамогі. Калі доктара выклікалі да жанчыны і немаўляці, аказалася, што старэйшая дачка хворая, але па дапамогу сям’я не звяртаецца. У час расследавання стала вядома, што ў жанчыны ёсць яшчэ адно старэйшае дзіця, якое адабрана ў маці без пазбаўлення яе бацькоўскіх правоў.

Новы муж жанчыны характарызуецца станоўча, гадаваць дачок ім дапамагае бабуля, але за сям’ёй усё роўна патрэбен кантроль. Члены каардынацыйнага савета райвыканкама прызналі непаўналетніх у сацыяльна ненадзейным становішчы.

Работа з сем’ямі прадоўжана

Прааналізавана выкананне раней прынятых каардынацыйным саветам райвыканкама рашэнняў і прадоўжана работа з сямю сем’ямі, дзе гадуюцца 15 непаўналетніх.

Так, маці дваіх дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы, звярнулася па медыцынскую дапамогу, бо яе пакусаў сабака. Аказалася, жывёліна павяла сябе агрэсіўна, бо жанчына была моцна п’яная: у час медагляду гэты факт засведчылі. Галоўны фактар сямейнага недабрабыту застаўся няўхіленым, таму работу з сям’ёй вырашана прадоўжыць.

Работа прадоўжана з яшчэ адной сацыяльна ненадзейнай сям’ёй, дзе гадуюцца двое дзяцей. Старэйшая дзяўчынка, навучэнка каледжа, па-ранейшаму не знаходзіць паразумення з бацькам. Вучыцца яна кепска, прапускае заняткі, мае запазычанасці па вучобе. Бацьку параілі больш увагі надаваць паводзінам дачкі.

Даўно на кантролі знаходзіцца сям’я, дзе гадуюцца чацвёра дзяцей, прызнаныя ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Дарослыя мала клапоцяцца пра бытавыя ўмовы непаўналетніх: спецыялісты службаў прафілактыкі адзначаюць, што ў хаце, дзе жыве сям’я, брудна, пануе антысанітарыя. Старэйшы сын, які вучыцца ў ліцэі, не ўмее рацыянальна карыстацца грашыма.

Памяняць месца жыхарства параілі бацькам дзяўчынкі-дашкольніцы, якая знаходзіцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Сям’я жыве ў аддаленай вёсцы, дзе няма суседзяў. Дзяўчынку ў садок і дахаты возіць школьны аўтобус, бацькі вяртаюцца з работы позна. Ужо восенню ўзнікне праблема: з кім пасля заняткаў пакідаць дзіця, якое пойдзе ў першы клас. Дарослым неаднаразова прапаноўвалі жыллё ў гарадскім пасёлку, але яны адмаўляліся пераехаць.

У сацыяльна ненадзейным становішчы з-за агрэсіўных паводзінаў бацькі, які сябраваў з алкаголем, былі прызнаны двое дзяцей. Гаспадар у іх прысутнасці часта здзекаваўся з жонкі, якая характарызуецца станоўча. Цяпер сітуацыя ў сям’і мяняецца да лепшага.

Будзе прадоўжана работа з яшчэ адной сацыяльна ненадзейнай сям’ёй, дзе гадуюцца трое дзяцей. У дарослых былі сур’ёзныя праблемы з алкаголем, дзяцей прызнавалі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, але вярнулі ў сям’ю. Цяпер бацька прайшоў лячэнне ад алкагалізму, жывуць дарослыя асобна, дзяцей гадуе жанчына.

Ігар КУХАРЭВІЧ,
старшыня каміссіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віталь ЮРГО,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Уладзімір СВЯТОХА,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі