На нарадзе ў старшыні

Важнае Улада

На штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама шмат увагі было нададзена бяспецы жыццядзейнасці жыхароў раёна, навядзенню парадку на зямлі, падрыхтоўцы сельгасарганізацый да вясенне-палявых работ.

Дзе павінны працаваць відэакамеры?

Першымі аб сітуацыі ў раёне расказалі праваахоўнікі. Злачынстваў у выхадныя дні не зарэгістравана; у адной з вёсак выяўлена кропка самагонаварэння; у сельгаспрадпрыемстве – крадзеж дызпаліва; узбуджана крымінальная справа за апаганьванне дзяржсімвалаў, учыненае ў верасні 2020 года; з’явілася новая ахвяра махлярства, у якой скрадзены грошы і валюта з банкаўскіх картак.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі скіраваў увагу праваахоўнікаў на ўзгадненне з сельгаспрадпрыемствамі графіка ўстаноўкі сістэмаў відэаназірання на ўсіх механізаваных майстэрнях. Завяршыць гэту работу плануецца да канца першага паўгоддзя. Увогуле, да канца красавіка неабходна правесці агляд і рамонт няспраўных сістэмаў відэаназірання на падведамасных аб’ектах раёна.

Дырэктару Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства даручана разгледзець пытанне аб перадачы пад пазаведамасную ахову паста фізічнай аховы жывёлазабойнага цэху ў Дзятлаве, нарыхтоўчага магазіна райцэнтра па вуліцы Слонімскай.

Аглядавыя камісіі працуюць у выхадныя дні

Ратаўнікі расказалі, што надзвычайных здарэнняў за гэтыя дні не зарэгістравана, у чацвер адбылося ўзгаранне ў магазіне аграгарадка Дварэц.

У выхадныя дні працавалі аглядавыя камісіі ў гарадскім пасёлку Наваельня і аграгарадку Дварэц, такая практыка ў раёне будзе прадоўжана.

Усяго з пачатку года на Дзятлаўшчыне адбылося 5 пажараў: мінус адзін да аналагічнага перыяду 2020 года.

Гаспадаркі рыхтуюцца да сяўбы

Поўнасцю вызначыцца з плошчамі пад яравую сяўбу і вырашыць пытанне забяспечанасці мінеральнымі ўгнаеннямі даручана гаспадаркам раёна. На палетках – актывізаваць унясенне калію і арганікі. А таксама звярнуць увагу на выкананне планаў па набыцці элітнага насення, завяршыць праходжанне тэхаглядаў, трымаць на кантролі заключэнне таварных крэдытаў на паліва.

Знімаць маскі яшчэ рана

Аб тым, што ў раёне паступова зніжаецца ўзровень захворвання на каранавірусную інфекцыю, расказала галоўны доктар райЦГЭ Алена Шайбак. Яна зазначыла, што цяпер насельніцтву пажадана больш актыўна звяртацца па вакцынацыю.

Эпідэміёлагамі правераны на захаванне патрабаванняў па барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй 6 аб’ектаў раёна, на 5 з іх выяўлены парушэнні.

Музей пераехаў у Казлоўшчыну

Пасля закрыцця Лявонавіцкай школы яе музей эколага-біялагічнай накіраванасці перададзены Казлоўшчынскай сярэдняй школе. Плануецца, што казлоўшчынскія навучэнцы прадоўжаць традыцыі лявонавіцкіх школьнікаў па супрацоўніцтве з Дзятлаўскім лясгасам.

Збіраем смецце асобна

Па-ранейшаму на кантролі ў раёне застаецца нарыхтоўка арганізацыямі другасных матэрыялаў: напрыканцы квартала плануецца падвесці першыя вынікі, праверыць, наколькі яны адпавядаюць плану. Да канца сакавіка таксама будзе завершана забеспячэнне прыватнага сектара кантэйнерамі па раздзельным зборы смецця.

Закранаючы тэму добраўпарадкавання, старшыня райвыканкама пацікавіўся ў спецыялістаў, на якой стадыі знаходзяцца работы па рамонце аб’ектаў у Казлоўшчыне, Вензаўцы, Дзятлаве. Стала вядома, што да канца красавіка плануецца здаць у эксплуатацыю Казлоўшчынскі дом культуры і Вензавецкі ФАП.

Таксама былі разгледжаны пытанні продажу з аўкцыёну аб’ектаў нерухомасці, ямачнага рамонту вуліц, абрэзкі і выдалення дрэваў, падрыхтоўкі дакументацыі па перадачы на баланс камунгасу сельскіх могілак.

Ірына СТЫРНІК



Теги: