Крымінальная хроніка. Здарэнні

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

З 8 па 14 сакавіка ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 52 паведамленні, 2 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 23 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 27 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 20 правапарушальнікаў, узбуджана 7 крымінальных спраў.

За руль чужога “мерседэса”

Сакавіцкай наччу жыхар Мастоўскага раёна ўбачыў, што ў замку запальвання, прыпаркаванага на падворку ў аграгарадку Вензавец незамкнёнага аўтамабіля “Мерседэс-Бэнц”, 1990 года выпуску, знаходзяцца ключы. Скарыстаўшыся лёгкім доступам, зламыснік вырашыў пакатацца на папулярнай у свой час машыне. Выявіўшы ўгон, гаспадыня патэлефанавала ў міліцыю. Праваахоўнікі адшукалі прапажу паблізу вёскі Скіпоравічы.

Як высветлілася, гэта не адзіны эпізод угону: у гэту ж ноч мужчына спрабаваў такім жа чынам “пакатацца” на “Фольксвагене Пасаце”. Узбуджана крымінальная справа.

Узяў “бясплатны” крэдыт

На жыхара гарадскога пасёлка ўзбуджана крымінальная справа за махлярства. Мужчына паўторна падманным шляхам на падставе афармлення крэдыту завалодаў 800 рублямі ААТ “Банк Дабрабыт”.

Засталася без зберажэнняў

Падманулі яшчэ адну нашу зямлячку, жыхарку гарпасёлка. Паверыўшы інтэрнэт-махляру, жанчына засталася без сродкаў на дзвюх банкаўскіх картках: ААТ “Белаграпрамбанк” і ААТ “МТБанк”. Усяго было скрадзена 1550 рублёў і 197 долараў ЗША.

Міма аўтамабільнага бака

На раней не судзімага работніка аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна ўзбуджана крымінальная справа. Працуючы вадзіцелем, мужчына скраў не менш за 140 літраў дызпаліва і 60 літраў бензіну на суму больш за 324 рублі.

Незаконны абарот

У жыхара адной з вёсак раёна праваахоўнікі знайшлі і канфіскавалі 6 літраў самагону, праводзіцца праверка.

На тэрыторыі таго ж сельсавета ў гаспадарчай пабудове дачніка канфіскавана 73 літры самагону, знішчана 1075 літраў брагі і самагонны апарат, праводзіцца праверка.

Аляксандр БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама