Хатынь: мы жывыя, пакуль жыве памяць

Важнае Грамадства

У рамках рэспубліканскай акцыі “Памяць” Рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Белая Русь” для навучэнцаў школ Дзятлаўскага раёна былі арганізаваны экскурсіі ў мемарыяльны комплекс  “Хатынь”, які быў створаны ў 1969 годзе ў памяць аб жыхарах вёскі Хатынь Лагойскага раёна і іншых  беларускіх вёсак, знішчаных  фашыстамі за гады Вялікай Айчыннай вайны.

Школьнікі таксама наведалі музей Вялікай Айчыннай вайны ў горадзе Мінску.

Уражанні ад паездкі вучняў і настаўніцы сярэдняй школы  № 3 горада  Дзятлава:

“Гэта паездка пакінула глыбокі след у маім сэрцы. Я была вельмі ўражана тым, што сотні ўдзячных нашчадкаў аддаюць даніну памяці загінулым землякам. Маю ўвагу асабліва прыцягнула бронзавая скульптура  “Няскораны  чалавек”, вышыня якой больш за шэсць метраў. Гэта сімвал чалавека, які паўстаў жывым з агню, вынес адтуль цела нежывога хлопчыка і нясе яго праз гады, вымаўляючы вечны праклён фашызму, усякаму злу на Зямлі. У гэтай скульптуры я ўбачыла зборны вобраз беларускага селяніна, правобразам якога з’яўляецца сведка хатынскай трагедыі Іосіф Камінскі, які цудам застаўся жывым”, – расказала Анастасія Шавель, навучэнка 8 класа.

“Мяне і цяпер не пакідаюць у спакоі лічбы, якія я пачула ў час экскурсіі: за тры гады акупацыі на тэрыторыі нашай рэспублікі нацысты ператварылі ў руіны  209 гарадоў, знішчылі 9 200 вёсак, расстралялі, павесілі, замучылі і спалілі больш за 2 200 тысяч людзей. На жаль, трагедыя Хатыні  – гэта не выпадковы эпізод вайны , а адзін з тысячы фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыда гітлераўскай Германіі ў адносінах да мірнага насельніцтва. Перад вачыма  і цяпер стаіць Вянок  памяці з наказам загінулых жывым, які заклікае ўсіх нас помніць жахі вайны, берагчы сваю Радзіму, а таксама мір і спакой “,–падзяліўся  Данііл Івашэвіч, навучэнец 9 класа.

Пяцікласніца Эвеліна Панкевіч, вельмі хвалюючыся, з сумам распавядае аб паездцы: “Я ўбачыла адзіны ў свеце “Магільнік вёсак” – 185 магіл, а 186 – гэта сама Хатынь. Гэта тыя вёскі, якія не змаглі аднавіць пасля вайны, якія былі спалены разам з іх жыхарамі. Даведалася таксама і пра канцлагеры, і пра тое, як гінулі ад рук фашыстаў такія ж маленькія дзеці, як я. Гэта вельмі страшна, горка, а галоўнае – несправядліва!”

Сваімі ўражаннямі падзялілася і настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Валянціна Белашэвіч: “У час экскурсіі я бачыла на тварах дзяцей горыч і боль ад убачанага. На вачах у мяне таксама былі слёзы, а душу грэла памяць, якая жыве ў сэрцах розных пакаленняў”.

Ксенія Калодзіч, навучэнка 8 класа, не раз  ужо была ў Хатыні разам з бацькамі і настаўнікамі, зараз яна ўспамінае: “Я была зусім маленькая, калі ўпершыню трапіла сюды першы раз, не разумела тады, чаму ўсю дарогу назад плакала мама, а тата маўчаў, чаму столькі людзей  неслі вялізную колькасць кветак. Цяпер я ўсвядоміла ўвесь маштаб трагедыі беларускага народа. Мне стала жудасна, калі я ўбачыла магільнік вёсак. Гэта сімвалічнае пажарышча кожнай спаленай вёскі. Мяне ахапіў жах, які ледзяніў кроў”.

Навучэнцы школы падзяліліся ўражаннямі і ад наведвання музея Вялікай Айчыннай вайны, ацанілі маштаб і глыбіню прадстаўленых экспанатаў і экспазіцый. Удзельнікі экскурсіі прыйшлі да высновы, што такія трагедыі не павінны паўтарыцца, пакуль жыве памяць, мы будзем жыць.

Святлана УРБАН,
кіраўнік  навуковага таварыства “Пошук” сярэдняй школы  № 3 горада  Дзятлава