Гуканне вясны ў Дварцы

Культура і адпачынак Свежыя навіны

У рамках раённага этнапраекта “Народнаму скарбу — век векаваць” у аграгарадку Дварэц адбылося фальклорнае свята “Саракі”, гуканне вясны з правядзеннем старажытных абрадаў і рытуалаў.

Абрадавыя дзеянні прадэманстравалі ўдзельнікі дзіцячага клуба народных традыцый «Крыніца» Дварэцкага дома культуры.

Адным з элементаў свята Саракі з’яўляецца традыцыя ўпрыгожваць рознакаляровымі стужкамі кола. Такое вясновае кола сімвалізавала надзею, што неўзабаве прыляцяць усе сорак птушыных стай у наш край, а ўраджай бягучага года будзе лепшы і багацейшы за папярэдні.

Хлопцы і дзяўчаты з задавальненнем вадзілі карагоды, гулялі ў “Чыжыка”, збіралі сорак пруцікаў, гукалі птушак і частаваліся салодкім печывам.

Вясновае свята атрымалася яркім і маляўнічым.

Марына ЛУКІЯНЕЦ,
загадчыца аддзела метадычнай работы ДУК “Дзятлаўскі РЦКіНТ”