Галоўны дакумент Ксеніі Калодзіч

Важнае Грамадства

Да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў пашпарты і кнігі “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” дваццаці навучэнцам установаў агульнай сярэдняй адукацыі вобласці, сярод якіх была васьмікласніца сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Ксенія Калодзіч.

Добрай традыцыяй стала ўручэнне пашпартоў у рамках акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі” чатырнаццацігадовым юнакам і дзяўчатам, якія дасягнулі пэўных поспехаў у вучобе і пазакласнай рабоце.

Ксенія падзялілася сваімі ўражаннямі:

–  Для мяне быць грамадзянінам сваёй краіны – гэта, у першую чаргу, быць спагадлівым і неабыякавым чалавекам, які заўсёды робіць хай невялікія, але добрыя справы, для сябе, сваёй школы, краіны. Я ўпершыню была на такім маштабным мерапрыемстве. Мяне перапаўняла пачуццё гонару і адказнасці перад сябрамі, мамай і класным кіраўніком, якія прыехалі мяне падтрымаць і знаходзіліся ў зале.

– Вельмі адказна і хвалююча ўдзельнічаць у такім мерапрыемстве, –  гаворыць мама Ксеніі Алена Уладзіміраўна. – Я ганаруся сваёй дачкой, якая ў такім юным узросце была ўдастоена прадстаўляць наш раён. Дзякуючы Ксеніі, я заўсёды адчуваю сябе шчаслівай мамай. Гэтыя адчуванні служаць мне надзейнай падтрымкай у жыцці і дапамагаюць у нялёгкія дні.

Святлана САЛАЎЁВА,
класны кіраўнік 8 “Г” класа сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава