Дзятлаўчане паўдзельнічалі ў маштабных вучэннях

Важнае Грамадства

Штогод да 100 дзятлаўчан праходзяць ваенныя зборы ў розных вайсковых часцях Беларусі.

Нядаўна ў Гродне прайшлі вучэнні па тэрытарыяльнай абароне ў межах штогадовага агляду “Ваенная бяспека і абарона дзяржавы”, у якіх у час вайсковых збораў прынялі ўдзел і нашы землякі, лейтэнанты запасу Сяргей Місцюкевіч (КСУП “Войневічы”) і Арцём Жых (ТАА “Ізакам Пласт”).

 

– Служылася добра, цікава. За гэты час даведаўся і пабачыў шмат новага. З інтарэсам паўдзельнічаў у маштабных ваенных вучэннях на палігоне пад Гожай. Праводзіла іх 6-я асобная гвардзейская механізаваная брыгада, у якой я праходзіў службу. Прыязджаў на вучэнні губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік, які разам з намі выпрабоўваў новае ўзбраенне, – падзяліўся ўражаннямі ад праходжання службы Сяргей Місцюкевіч.

Як патлумачыў намеснік ваеннага камісара Дзятлаўскага раёна Уладзімір Шчарбіна, кожны з ваеннаабавязаных, хто адслужыў ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, у ходзе службы атрымаў ваенна-ўліковую спецыяльнасць, па якой будзе прыменены ў выпадку неабходнасці ў ваенны час. Аднак нацыянальная абарона не стаіць на месцы: мяняюцца віды ўзбраення і тэхнікі, з’яўляюцца новыя спецыяльнасці. Спецыялісты для іх рыхтуюцца з ліку прайшоўшых ваенную службу ў працэсе перанавучання падчас вайсковых збораў.

Наталля АВЯРЧУК