Душы натхнення знойдзецца даволі

Важнае Грамадства

Вясновае свята завітала ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

З прыўзнятым настроем яго сустракалі ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Крыніца натхнення” – аддзяленне “Праменьчык” і сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтра культуры.

Яшчэ да пачатку афіцыйнай часткі сябры спяшаліся абмяняцца паштоўкамі з пажаданнямі да 8 Сакавіка і сфатаграфавацца на памяць. Усім было асабліва прыемна сустрэцца такой вялікай, дружнай кампаніяй пасля амаль гадавога перапынку, звязанага з эпідсітуацыяй у раёне.

І вось у творчай студыі загучалі першыя акорды музычных віншаванняў. Песні і добры настрой асаблівым людзям дарылі Сяргей Малышчык, Таццяна Шостка, Аксана Кашляк, Ірына Бакшук, Аляксандр Раеўскі.

Заўсёды берагчы сваіх каханых і быць шчаслівымі прысутным пажадала дырэктар Цэнтра Таццяна Нікіпорчык. Шчасця, усмешак і вясны ў душы – загадчыца аддзялення Алена Калюцік.

Не канчаліся жартоўныя конкурсы і сур’ёзныя іспыты для ўдзельнікаў свята ў вядучых Ганны Харлінскай і Марыны Варган.

Прыемным момантам сустрэчы стала ўручэнне падарункаў, многія з якіх былі зроблены рукамі наведвальнікаў “Праменьчыка” на занятках у гуртках. Так, аб’яднанне “Папяровая фантазія” напярэдадні 8 Сакавіка стала сапраўднай фабрыкай яркіх віншавальных аўтарскіх паштовак з тэкстылю і паперы. Яго наведвальнікі паабяцалі, што іх майстэрства і крэатыву хопіць і на іншыя “чырвоныя” дні календара.

Ірына СТЫРНІК