Неачышчаныя тратуары

Важнае Грамадства

У апошнія гады зімы ў Беларусі былі мяккія і амаль бясснежныя, чаго не скажаш пра сёлетнюю.

Яна, як сур’ёзны экзаменатар, правярае адказныя службы на працавітасць і зладжанасць.

Са студзеня 2021 года на Дзятлаўшчыне прайшлі моцныя снегапады. Цяпер сумёты і горы снегу – наша рэальнасць.

Гэта не магло не адбіцца на стане вуліц, дарог і пешаходных дарожак. У вадзіцеляў і пешаходаў узнікаюць пэўныя цяжкасці, здараюцца і непрыемнасці.

Як расказаў намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна Віталь Юрго, за студзень 2021 года галалёдныя траўмы атрымалі 7 жыхароў раёна, сярод якіх – адзін непаўналетні. А ўжо за першы тыдзень лютага пацярпелых ад галалёдных траўмаў было 12 чалавек, двое з іх – непаўналетнія. Па словах Віталя Станіслававіча, работнікі пракуратуры выязджалі на маніторынг вуліц райцэнтра. Было выяўлена, што пешаходныя пераходы каля школ і дзіцячых садоў не адпавядалі патрабаванням бяспекі: выхады на іх не былі расчышчаны, не выкарыстоўвалася супрацьгалалёдная сумесь.

Паколькі зіма адступаць пакуль не збіраецца, пракуратура раёна вядзе далейшы збор даных аб стане мясцовых вуліц і дарог.

Аператыўнымі данымі падзяліўся таксама старшы дзяржаўны аўтамабільны інспектар міжраённага аддзела ДАІ па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага і Зэльвенскага раёнаў Аляксандр Калінін. Ён падкрэсліў, што дарожныя службы (гэта ДРБУ-119 і ДЭУ-56) апошнім часам заўважна актывізаваліся. Разам з тым, у райцэнтры за студзень – пачатак лютага па прычыне складанай дарожнай сітуацыі ўжо адбылося 3 аварыі. Міжраённай дзяржаўтаінспекцыяй за парушэнні ў зімовым ўтрыманні аўтадарог  Дзятлаўшчыны з пачатку года адказным дарожным і камунальным арганізацыям былі вынесены 5 прадпісанняў.

Па-ранейшаму неачышчанымі да належнага стану ў райцэнтры застаюцца пешаходныя дарожкі і тратуары.

“Завітала” зіма і ў прыватны сектар. Дбайныя гаспадары рэгулярна чысцяць свае падворкі ад снегу. Пажылым і нямоглым адзінокім людзям, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, інвалідам зрабіць гэта дапамагаюць валанцёры раённай арганізацыі ГА “БРСМ”, якія далучыліся да моладзевага чэленджу “Убяром снег разам”.

Як расказала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, валанцёры гатовы аказаць дапамогу ўсім землякам з гэтай катэгорыі насельніцтва, а таксама бальніцам сястрынскага догляду і аддзяленням кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей. Заяўкі прымаюцца па нумарах гарачай лініі: 2-52-61 або 2-52-63.

Ірына СТЫРНІК