За некалькі хвілін да старту: радасць, усмешкі, спадзяванні на перамогу

Важнае Грамадства

Перад стартам удзельнікі спартыўнага свята “Дзятлаўская лыжня-2021” расказалі карэспандэнтам газеты “Перамога”, з якім настроем каманды рыхтуюцца да спаборніцтваў.

Сяргей Карнэлік, педагог Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы:

– Наша дэлегацыя – гэта 15 чалавек. З настаўнікамі пабяжым на лыжах эстафету 4 па 400 метраў. Таксама я буду ўдзельнічаць у індывідуальным забегу, у катэгорыі “Спартсмены” на 1000 метраў. У гэтай жа катэгорыі прыме ўдзел адна з маіх калег і навучэнцы нашай школы, а гэта – 5 чалавек. Яшчэ 8 настаўнікаў нашага калектыву пабягуць у катэгорыі “Аматары”. Група падтрымкі з плакатамі будзе “хварэць” за нас і падбадзёрваць на дыстанцыі.

Настрой – баявы. Любыя спаборніцтвы – гэта радасць і мы атрымліваем ад іх вялікую асалоду. Наш калектыў заўсёды настроены на перамогу, я таксама ў асабістым першынстве спадзяюся на высокі вынік. На лыжы стаў яшчэ ў дзяцінстве. Сёлета прымаў удзел у абласных спаборніцтвах сярод сельскіх жыхароў. Выступілі дастойна: занялі восьмае агульнакаманднае месца сярод 19 каманд.

Аляксей Грыцук, намеснік упраўляючага цэнтра забеспячэння бюджэтных арганізацый:

– З раніцы на двары мінус 15, настрой баявы, будзем спаборнічаць. Нас дзве каманды: 4 чалавекі – ад сферы культуры, 4 – ад цэнтра забеспячэння. Пабяжым эстафету. Пазмагаемся за прызавое месца.

Таццяна Мілейка, памочнік ляснічага Рудаяварскага лясніцтва:

– Я – малады спецыяліст Дзятлаўскага лясгаса, выступаю ў складзе каманды нашай лесагаспадарчай арганізацыі. На спаборніцтвы нас прыйшло больш за 10 чалавек. Будзем удзельнічаць у эстафеце і індывідуальнай гонцы. Холадна, але, мяркую, мароз не перашкодзіць нам дасягнуць добрых вынікаў.

Вольга Варган, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Жукоўшчынскай базавай школы:

– Мы сёння прыехалі сюды, каб падняць настрой, згуртавацца і даказаць, што Беларусь – гэта наша краіна і мы ёю ганарымся, нездарма сённяшнія спаборніцтвы праходзяць пад дэвізам: “Стартуем разам з Прэзідэнтам па здаровы лад жыцця!”

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ