Як падрыхтавацца да паводкі

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

З надыходам вясны варта падумаць, як папярэдзіць наступствы распаўсюджанай вясновай з’явы – паводкі.

Прапануем жыхарам прыватных дамоў рэкамендацыі, якія дапамогуць лягчэй справіцца са стыхіяй:

* паназірайце і вызначце, дзе можа з’явіцца вада і ў якім напрамку яна можа пайсці;

* прысядзібную тэрыторыю вызваліце ад снегу і лёду; лёд, які перашкаджае праходзіць вадзе – пабіце;

* ачысціце дрэнажныя і сцёкавыя канаўкі ад смецця, галінак, лёду, якія назапасіліся за зіму;

* пры неабходнасці – наадварот змайструйце з дапаможных матэрыялаў простыя перашкоды для вады;

* прыбярыце з падворка рэчы, якія могуць пацярпець ад вады;

* у памяшканнях, якія падтопліваюцца, не карыстайцеся электрапрыладамі, не ўключайце асвятленне.

Што рабіць, калі ваш дом трапляе ў зону падтаплення паводкавымі водамі:

* перанясіце каштоўныя рэчы у паддашак ці на больш высокі паверх;

* падрыхтуйцеся да эвакуацыі: вазьміце з сабой грошы, дакументы, сабыряце неабходную вопратку, прадукты харчавання;

* калі неабходна, прадугледзьце вываз хатніх жывёлін з зоны затаплення;

* па магчымасці акажыце дапамогу пажылым людзям, суседзям;

* пачуўшы паведамленне аб эвакуацыі, адключыце газ і электрычнасць, калі будзеце пакідаць дом.

Марта МІЛАШ,
старшы інспектар Дзятлаўскага РАНС
Уладзімір БАРАВІК,
старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі АСВОД