Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Ці не позна будзе каяцца?

Важнае Здарэнні і бяспека

Адбылося чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 і камісіі па справах непаўналетніх.

Члены камісіі разгледзелі пытанне аб магчымасці вяртання хлопчыка, прызнанага маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, у біялагічную сям’ю; правялі прафілактычную гутарку з бацькамі чатырох дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы; заслухалі інфармацыю аб праведзенай рабоце з сацыяльна ненадзейнай сям’ёй, дзе гадуецца аднагадовая дзяўчынка. Члены каардынацыйнага савета разгледзелі вынікі двух сацыяльных расследаванняў і прынялі рашэнні аб прызнанні трох дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы, а таксама прааналізавалі выкананне раней прынятых рашэнняў аб прызнанні непаўналетніх у сацыяльна ненадзейным становішчы, спынілі дзеянне аднаго з іх.

Яшчэ ў час пасяджэння былі падведзены вынікі выканання ў 2020 годзе службамі прафілактыкі нашага раёна Дэкрэта № 18, зацверджаны план работы на бягучы год. Па даручэнні абласнога каардынацыйнага савета была заслухана справаздача начальніка аддзела прымусовага выканання Дзятлаўскага раёна Таццяны Семянюк аб выніках праверкі маёмаснага стану абавязаных асобаў Дзятлаўшчыны.

Бацьку вярнулі сына

Нованароджанага хлопчыка прызналі маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне ў жніўні мінулага года. Шэсць месяцаў немаўля знаходзілася ў Доме дзіцяці ў Гродне. Прычынай таго, што сын не гадаваўся дома, сталі амаральныя паводзіны бацькоў, а таксама іх сяброўства з “зялёным зміем”.

Варта зазначыць, што дарослыя вельмі хутка зразумелі, што яны страцілі. А таму, як толькі сталі абавязанымі асобамі, паспяшаліся прайсці курс лячэння ад алкагалізму, не дапускалі прагулаў на рабоце. На жаль, гора-маці гэта не дапамагло, бо жанчына ўжо

была асуджана да змяшчэння ў лячэбна-працоўны прафілакторый, куды яе і накіравалі восенню.

Бацька хлопчыка прадоўжыў працаваць і весці цвярозы лад жыцця. Мужчына выконваў патрабаванні службаў прафілактыкі, але, застаўшыся адзін, перажываў, што сам не зможа клапаціцца аб маленькім сыне, калі яго вернуць. Таму бацька заручыўся падтрымкай сваякоў. Яны, хоць і самі шматдзетныя бацькі, прапанавалі мужчыну пераехаць з дзіцячымі рэчамі да іх у кватэру, паабяцалі навучыць усім прамудрасцям догляду за немаўлём.

Службы прафілактыкі ўжо праверылі будучае месца жыхарства хлопчыка і пацвердзілі, што яно адпавядае ўсім патрабаванням.

Члены камісіі прынялі рашэнне вярнуць дзіця бацьку, аднак папярэдзілі яго, што кантроль за сям’ёй па-ранейшаму будзе строгім.

Ці выправяцца бацькі

Члены камісіі па справах непаўналетніх правялі прафілактычную гутарку з бацькамі чатырох дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Дарослыя праігнаравалі выклік на мінулае пасяджэнне каардынацыйнага савета. Відаць, прычынай такіх паводзінаў была вострая сітуацыя ў сям’і. Жонка некаторы час правяла з іншым мужчынам, хаця ў яе і так не першы шлюб.

У гэты час і яна, і законны муж некалькі дзён не выходзілі на работу, ужывалі спіртное. Педагогам давялося арганізаваць для траіх дзяцей паездку на аздараўленне. Бацька старэйшай дзяўчынкі, які мог у складаны перыяд дапамагчы дачцэ, так і не наладзіў з ёю адносінаў.

Некалькі дзён таму гора-маці нарэшце вярнулася ў сям’ю, як сама сцвярджае, назусім. Ці так гэта – пакажа час. А пакуль муж і жонка згодны прайсці лячэнне ад алкагольнай залежнасці. Калі яны сапраўды гэта зробяць і будуць жыць у згодзе, дзяцей не стануць прызнаваць маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама згадзіліся даць дарослым шанц да першага праблемнага выпадку. Хочацца верыць, што яны гэтым скарыстаюцца.

Дзяўчынка пойдзе ў дзіцячы сад

Пад наглядам службаў прафілактыкі раёна па-ранейшаму застаецца сям’я, дзе матуля-сірата адна гадуе маленькую дачку, прызнаную ў сацыяльна ненадзейным становішчы. На гэты раз таксама быў прааналізаваны стан справаў у сям’і.

Парадавала, што назіраюцца станоўчыя змены ў паводзінах маці. Яна навучылася гатаваць, дома падтрымлівае парадак, пачынае рацыянальна карыстацца грашыма і нядаўна стала афармляць дакументы, каб аддаць дачку ў дзіцячы сад. Безумоўна, ва ўсім гэтым вялікая заслуга раённых службаў, якія працуюць з сям’ёй. Нарэшце, калі дзяўчынка пачне наведваць дашкольную ўстанову, у маці з’явіцца больш вольнага часу на хатнія справы і наведванне паліклінікі, паколькі яна знаходзіцца на ўліку па цяжарнасці.

Сям’я і надалей застанецца пад пільным кантролем.

Варта ўзяцца за розум

У студзені паступіла паведамленне аб складанай абстаноўцы ў сям’і, дзе жанчына адна гадуе дваіх сыноў-дашкольнікаў. Праведзена сацыяльнае расследаванне. Яно пацвердзіла наяўнасць фактараў недабрабыту. Большасць часу непаўналетнія праводзяць не дома, а ў бабулі з дзядулем. На жаль, абстаноўка там не самая спрыяльная для дзяцей. У доме сваякоў брудна, нярэдка адбываюцца застоллі з ужываннем моцных напояў, удзел у якіх, здаралася, прымала і маці хлопчыкаў. Яшчэ жанчына імкнецца наладзіць асабістае жыццё, таму мала часу надае дзецям і іх здароўю. Напрыклад, калі маці знаходзілася на бальнічным з-за хваробы сына, аказалася, што яна не выконвае патрабаванняў медыкаў. Лекі для дзіцяці былі набыты, аднак іх хлопчыку ніхто не даваў.

Бацька непаўналетніх жыве ў сталіцы. Ён перыядычна наведваў дзяцей, аднак яго былая жонка пры апошняй сустрэчы загадала больш не прыязджаць, бо сустракаецца з іншым мужчынам.

Члены каардынацыйнага савета прызналі хлопчыкаў у сацыяльна ненадзейным становішчы, а жанчыну папярэдзілі, што, калі яна не памяняе лад жыцця і не забярэ дзяцей ад бабулі з дзядулем, іх у бліжэйшы час могуць прызнаць маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Пастарацца не страціць шанц

Некалькі месяцаў таму трох непаўналетніх вярнулі бацькам, даўшы дарослым яшчэ адзін шанц. Тады з сям’ёй была праведзена сур’ёзная работа, а маці дала абяцанне, што яна развядзецца з мужам, калі той будзе “цягнуць сям’ю ўніз”.

На жаль, прайшоў кароткі час, і сітуацыя ў шматдзетнай сям’і зноў абвастрылася. Жанчына ў судзе адмовілася ад разводу, а бацька па-ранейшаму сябруе з алкаголем і ўжо “зарабіў” некалькі

адміністрацыйных пратаколаў. Апошні з іх – за тое, што “ламаўся” ў дзверы чужой кватэры ў стане моцнага ап’янення. Мужчына згодны прайсці лячэнне ад алкагалізму, якое, на жаль, для яго будзе не першым.

Алкагольная залежнасць дарослых – гэта адзіная праблема сям’і. Дзяцей яны даглядаюць, забяспечваюць усім неабходным, дома падтрымліваюць парадак. Улічыўшы гэта, члены каардынацыйнага савета далі дарослым новы шанц. Праз месяц сітуацыю ў сям’і прааналізуюць.

Работу вырашана прадоўжыць

Члены каардынацыйнага савета прааналізавалі выкананне іншых раней прынятых рашэнняў аб прызнанні непаўналетніх у сацыяльна ненадзейным становішчы. Адно з іх спынілі, бо сям’я выехала на пастаяннае жыхарства ў суседні раён.

Дзеянне яшчэ двух было вырашана прадоўжыць. У першым выпадку – па прычыне запазычанасці за электрычнасць сям’і, дзе гадуюцца двое дзяцей. Заплаціць поўнасцю бацькі паабяцалі ўжо ў сакавіку. Калі яны гэта зробяць, і па-ранейшаму будзе назірацца станоўчая дынаміка ў іх паводзінах, дзяцей знімуць з уліку трапіўшых у сацыяльна ненадзейнае становішча.

У другім выпадку работа з сям’ёй, дзе гадуецца непаўналетні хлопец, які ўжо стаў навучэнцам каледжа, прадоўжана з-за непацверджанай інфармацыі аб працаўладкаванні бацькоў. Калі высветліцца, што муж і жонка працуюць афіцыйна, своечасова наведваюць доктара-нарколага і не ўжываюць алкаголь, іх сына таксама змогуць зняць з уліку.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Алег ВЯЛІЧКА,
пракурор Дзятлаўскага раёна
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ,
начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі