Весела зіму праводзілі, вясну сустракалі (+відэа)

Галоўнае Культура і адпачынак

Апошні зімовы тыдзень завяршыўся ў Дзятлаве вялікім раённым святам.

Жыхары і госці горада развітваліся з зімой вясёлымі песнямі, танцамі, народнымі гульнямі і конкурсамі. Быў абвешчаны і жартоўны дрэскод свята “ў святочны дзень – хустку надзень”.

На мерапрыемстве было багата самабытных галаўных убораў, шчырых пазітыўных эмоцый і, вядома, бліноў. Вялікі асартымент духмяных сімвалаў свята прапанавалі ўстановы адукацыі і сельгасарганізацыі раёна: з яблыкамі, мясам, грыбамі, варэннем, ікрой. Пачаставацца блінамі, выпечкай, шашлыкамі можна было ў палатцы Дзятлаўскага райспажыўтаварыства, а пасмакаваць розныя гатункі сыроў запрашаў “Молочный мир”.

Асноўныя святочныя падзеі разгарнуліся на плошчы 17 Верасня. Тут прайшло шэсце зімовых герояў і адбылося тэатралізаванае прадстаўленне “Провады зімы”, канцэртную праграму праводзілі калектывы і артысты Дзятлаўскага раёна.

“Прыходзь да нас, увесь народ! Святкуем вясны надыход”, – заклікалі ўсіх на свята вясёлыя вядучыя.
З прывітальнымі жартамі і песнямі, пажаданнямі ўсім дабра і шчасця запрашалі далучыцца да свята ўдзельнікі народнага тэатра-студыі гульні “Суседзі”. Яны правялі цікавую віктарыну, гульні, забавы і конкурсы, вадзілі карагоды, спявалі песні.

Віталі Вясну, дарылі ўсім добры настрой песнямі Сяргей Малышчык, Таццяна Шостка, Аксана Кашляк, Людміла і Аляксандр Баклушыны, гурт “Бархат”, народны ансамбль песні “Зараначка”, роставыя лялькі і цыркавая студыя “Марсі”.

З-за перамены надвор’я не змог праехаць па плошчы, але заняў пачэснае месца на свяце “Парад саней 2021”. Пастараліся і арганізацыі раёна, і бацькі дзетак, выставіўшы вялікія сані, маленькія саначкі, аздобленыя па матывах народных казак і мультфільмаў.

На свяце ладзіўся самы народны і гасцінны конкурс – “Духмяны чай, залаты блін, прапановаў многа, лепшы – адзін”. Госці свята маглі завітаць да накрытага стала канкурсантаў, каб пацікавіцца і пачаставацца. Старанні ўдзельнікаў ацэньвала кампетэнтнае журы.

Актыўна ўдзельнічалі дарослыя і дзеці ў бяспройгрышных латарэях, куплялі вырабы народных майстроў. У скверы па вуліцы Савецкай праходзіў дзіцячы конкурс снежных фігур і малюнкаў “Снежныя фантазіі”. Побач работнікі культуры ладзілі забавы для дзяцей у фармаце нон-стоп.

“Провады зімы” завяршыліся падвядзеннем вынікаў конкурсаў і спаборніцтваў і цырымоніяй узнагароджання на галоўнай раённай сцэне.

У конкурсе “Духмяны чай, залаты блін, прапановаў многа, лепшы – адзін” трэцюю пазіцыю занялі гаспадыні КСУП “Жукоўшчына”, якія прадставілі 13 страваў з бліноў, другія – прадстаўнікі КСУП “Хвінявічы” – 14 страваў. Не было роўных тут Дзятлаўскаму філіялу Гродзенскага аблспажыўтаварыства, кулінары якога прэзентавалі 34 розныя віды бліноў.
Лепшая лялька-пудзіла Масленіцы сёлета была ў Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, другое месца – КСУП «Хвінявічы», трэцяе – у Дварэцкай сярэдняй школы.
У “Парадзе саней 2021” прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае – у Хвінявіцкай сярэдняй школы, другое – у аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў “Праменьчык”, трэцяе – у Раготнаўскага дзіцячага сада-базавай школы.
Нарэшце, у дзіцячым творчым конкурсе “Снежныя фантазіі” трэцімі былі прадстаўнікі сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, другімі – навучэнцы сярэдняй школы № 3, найбольш крэатыўнымі паказалі сябе выхаванцы дзятлаўскага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

 

Напрыканцы свята, каб Вясна прыйшла хутчэй, пад вясёлыя песні на цэнтральнай плошчы горада ў вялікім вогнішчы спалілі конкурсныя пудзілы Зімы. “Гары, гары, ясна! Прыходзь, Вясна-красна!”

Наталля АВЯРЧУК
Фота Наталля АВЯРЧУК і Марыі ПАПОВАЙ