Праз паўстагоддзя – зноў маладажоны

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У народзе кажуць, залатое вяселле бывае толькі раз у жыцці.

Пяцьдзясят гадоў таму ў Навасёлкаўскім сельскім савеце быў зарэгістраваны шлюб Сямёна і Тамары Баброўскіх, а праз палову стагоддзя яны зноў далі клятву вернасці, ужо ў Дзятлаве.

У зале рэгістрацыі ўрачыстых абрадаў сабраліся родныя і блізкія сям’і Баброўскіх. Юбіляраў павітала галоўны спецыяліст аддзела рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану Святлана Вінакурава і запрасіла стаць на ручнік – сімвал сумеснай сямейнай дарогі, якая і далей павядзе іх да брыльянтавага сямейнага юбілею.

– У нашага беларускага народа ёсць слаўная прыказка “на ручнік ступіць-навек з каханым быць”. Захоўваючы гэтую традыцыю, запрашаем вас стаць на юбілейны ручнік. Гэта сімвал вашай сумеснай сямейнай дарогі якая далей павядзе вас да брыльянтавага сямейнага юбілею.

Да запаветнай падзеі, якая адбылася пяцьдзясят гадоў таму, кожны з юбіляраў ішоў сваімі сцяжынамі. У 1949 годзе ў вёсцы Уланаўшчына Дзятлаўскага раёна ў Міхаіла і Анастасіі Баброўскіх нарадзілася другое дзіця – сын Сямён. Ішоў год за годам, у сям’і з’явіліся яшчэ шасцёра дзяцей. Нялёгкімі былі пасляваенныя гады, але ў любові, клопаце і сумленнай працы рос Сямён Міхайлавіч са сваімі братамі і сёстрамі. Па заканчэнні васьмі класаў Таркачоўскай сярэдняй школы паступіў у Навагрудскае прафтэхвучылішча, затым два гады служыў у арміі ў далёкай Германіі. У 1970 годзе, вярнуўшыся з войска, Сямён Баброўскі пачаў сваю працоўную біяграфію ў аўтабазе № 10 горада Навагрудка, дзе працаваў вадзіцелем аўтобуса. А далей 33 гады прысвяціў працоўнай дзейнасці на Новаяльнянскім камбінаце хлебапрадуктаў вадзіцелем пажарнай машыны, адкуль і сышоў у 2013 годзе на заслужаны адпачынак.

У 1951 годзе ў Ліжэйках, што на Дзятлаўшчыне, у сям’і Івана і Агаф’і Гранкоўскіх нарадзілася бойкая дзяўчынка Тамара. Бацькі працавалі ў сельскай гаспадарцы, а Тамара і яшчэ тры яе сястры і брат, як і ўсе дзеці таго часу, вучыліся, гарэзнічалі і дапамагалі бацькам па гаспадарцы. Тамара Іванаўна таксама скончыла восем класаў Таркачоўскай сярэдняй школы. Па заканчэнні паступіла ў Шчучынскае вучылішча на повара. Пасля вучобы працавала буфетчыцай у вёсцы Шабакова, затым шмат гадоў – касірам аўтавакзала ў гарпасёлку Наваельня. Свой працоўны стаж яна завяршыла таксама на Новаяльнянскім камбінаце хлебапрадуктаў майстрам на элеватары.

Іх лёсы злучыў 1969 год, калі малады салдат Сямён, заслужыўшы доўгачаканы адпачынак на радзіму, ужо ішоў па родных мясцінах і завітаў у мясцовы буфет. Убачыўшы за прылаўкам маладую прыгажуню, радасна вымавіў:

– Усё старое, а буфетчыца новая…

Так адбылося знаёмства будучых мужа і жонкі. Але пра тое, што ім наканавана ісці разам па жыцці, тады яны яшчэ не ведалі.

 

Сямён вярнуўся ў войска і далей працягваў службу, а Тамара радавала сваёй гасціннай усмешкай наведвальнікаў буфета. І толькі вярнуўшыся з войска, ужо будучы вадзіцелем аўтобуса, Сямён стаў заязджаць па цукеркі ў гэты прыдарожны буфет. Так сяброўства маладых людзей аднавілася і перарасло ў каханне, нарадзілася новая сям’я.

Маладажоны засталіся жыць у бацькоў ва Уланаўшчыне, дзе ў 1972 годзе з’явіўся іх першынец – сын Юрый. Мінула сем гадоў, і Тамара Іванаўна падарыла мужу і сыну адразу дзвюх дзяўчынак – двайнятак Таццяну і Наталлю. А праз год Баброўскія пераехалі жыць ва ўласны дом у гарпасёлку Наваельня, які самі ж будавалі з любоўю і цеплынёй.

За столькі гадоў сумеснага жыцця былі радасці і засмучэнні, былі смех і слёзы. Разам выгадавалі і ажанілі дзяцей, дачакаліся ўнукаў. Разам перажылі

ўсе выпрабаванні і цяжкасці, захавалі ўзаемную любоў і адданасць, прайшлі сямейны шлях, які з’яўляецца выдатным прыкладам для пераймання.

Іх сын Юрый, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, паступіў на службу ратаўніком, развёў сваімі рукамі не адну бяду. Дочкі Таццяна і Наталля – медыкі, яны таксама, як і брат, дапамагаюць людзям. Юбіляры маюць чацвёра ўнукаў і прыгажуню ўнучку, якія радуюць іх сваімі дасягненнямі і поспехамі.

У марозны суботні дзень ва ўрачыстай абстаноўцы побач з дзецьмі і ўнукамі Сямён Міхайлавіч і Тамара Іванаўна паўтарылі клятву вернасці і кахання, якую давалі адзін аднаму пяцьдзясят гадоў таму, пакінулі свае подпісы ў ганаровай кнізе юбіляраў, павіншавалі адзін аднаго пацалункам і кранальным сямейным танцам. На добрую памяць аб урачыстасці ад Дзятлаўскага аддзела ЗАГС юбіляры атрымалі сімвал сямейнага дабрабыту – духмяны каравай.

За сваё жыццё і годнае выхаванне дзеці нізка пакланіліся бацькам, падзякавалі ім за клопат і любоў, зрабілі гэты важны для іх дзень па-сапраўднаму святочным і памятным.

Наталля АВЯРЧУК



Теги: