Пра мову — для дашкольнікаў

Важнае Грамадства

Выхаванцы рознаўзроставай групы Таркачоўскага дзіцячага сада-пачатковай школы штогод  святкуюць Дзень роднай мовы.

З гэтай нагоды сёлета ў садку прайшла забава “У гасцях у казачніцы Алены”. Дзеці завіталі ў госці да спадарыні краіны беларускіх казак, вершаў і загадак. Але на пачатку падарожжа іх чакала незвычайная перашкода – “Вароты жадання”, прайсці праз якія можна было толькі тады, калі агучыш свае пажаданні. Выхаванцы адгадвалі загадкі добрай казачніцы Алены, спявалі песні, чыталі вершы беларускіх паэтаў, гулялі ў беларускія народныя гульні: “Замарожаны”, “Маша”, выконвалі заданні, праявілі сябе сапраўднымі знаўцамі беларускіх народных казак.

Юныя артысты батлеечнага тэатру паказалі малодшым выхаванцам групы інсцэніроўку беларускай народнай казкі “Зайкава хатка”. На развітанне казачніца Алена пажадала дзецям любіць і шанаваць сваю родную мову.

Для бацькоў выхаванцаў была наладжана выстава “Беларускія пісьменнікі – дзецям”. Яны пазнаёміліся з творамі беларускіх аўтараў для дзяцей дашкольнага ўзросту, якія прадстаўлены ў школьнай бібліятэцы, і кніжкамі, зробленымі рукамі саміх бацькоў. У тэматычным кутку “Мая Радзіма – Беларусь” даведаліся пра гісторыю ўзнікнення знамянальнай даты “Міжнародны дзень роднай мовы”, а “скарбонка народнай мудрасці” прапанавала ўвазе бацькоў прыказкі і прымаўкі роднага краю.

Людміла КАРДАШ,
выхавальніца дашкольнай адукацыі
Таркачоўскага дзіцячага сада-пачатковай школы